Час-почас мы вяртаемся да падзеяў 17 верасня 1939 года. Нехта ставіцца да іх прыхільна, іншыя — катэгарычна адмоўна. Пры гэтым для абодвух бакоў незаўважным застаецца адзін з фактараў, без якога «39-ы год» для нас так і застанецца незразумелым: феномен Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.
Апошні раз «аб’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусяў» на дзяржаўным узроўні адзначалі ў 1999 годзе. Тады па крамах ды дзяржустановах былі развешаныя копіі знакамітага плакату мастка Карэцкага, на якім вясковец абдымае і цалуе чырвонаармейца. Адно, што цытата Сталіна з арыгіналу была замененая радкамі Купалы: «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі. Больш з табою ўжо ніколі я не разлучуся…» Ужо ў 2009-м нічога падобнага не было.
Выглядае, што 1939 год як вяха ў нашай гісторыі нават для дзяржаўнай ідэалогіі наўпрост не існуе. Тым больш, не існуюць асобы, для якіх «39-ты» стаўся галоўнай падзеяй усяго жыцця — радыкалы з-пад Слоніма ці Карэлічаў, чальцы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Парадаксальна, але пра іх сёння памятаюць адно польскія гісторыкі, якія за апошнія 20 гадоў вынеслі адназначны вердыкт: «Гэта бальшавіцкія дыверсанты і шпіёны». Беларускім жа гісторыкам, а тым болей грамадству, да гэтых людзей няма справы.
Але без разумення псіхалогіі «капэзэбоўцаў» мы рызыкуем наогул не зразумець гісторыі беларускага руху пачатку ХХ стагоддзя. Больш таго, КПЗБ уяўляла сабой цэлы пласт грамадства. Пласт цікавы, арыгінальны і важны, які ў іншых умовах акурат і вёў нацыю шляхам зменаў і здабыцця незалежнасці.
Страчанае пакаленне
Чаму тагачасная Заходняя Беларусі была неспакойнай? Чаму тут быў запатрабаваны радыкалізм? У міжваенны час тутэйшая вёска дайшла да мяжы свайго росту: людзей усё болей, зямлі ўсё меней. Вялікія землеўладанні так і заставаліся за памешчыкамі, касцёлам ды царквою. Канешне, можна было паехаць у горад, але заходнебеларускія гарады — невялічкія. Прамысловасць развітая слаба, а гарады традыцыйна перанаселеныя яўрэйскім людам.
Вёска ў Заходняй Беларусі
Яшчэ адзін феномен — гэта прорва паміж селянінам з зямлёй і без зямлі. Апошні не памёр бы з голаду, бо мог пайсці ў парабкі і зарабляць часам нават больш, добра апранацца, адкладаць грошы. Пры гэтым сацыяльны статус мужыка з зямлёй, нават апошняга прапойцы, надалей заставаўся вышэйшым. Атрымліваецца замкнёнае кола: ты хочаш і можаш працаваць, але не можаш набыць зямлю, збудаваць дом, стварыць сям’ю.
Яшчэ адзін фактар тычыцца моладзі, якая пабывала ў бежанстве ў Расіі падчас Першай сусветнай вайны. Адтуль пакаленне, народжанае паміж 1900 і 1910, вынесла не толькі ўспаміны пра голад і рэвалюцыю, але яшчэ і разуменне сваёй інакшасці. Яны прыязджалі туды, кажучы: «Мы рускія», але мясцовыя чамусьці пярэчылі: «Якія вы рускія, калі па-руску нават размаўляць не ўмееце?..» Гэта быў культурны шок, які ўклаўся пасля ва ўмацаванне нацыянальнай свядомасці.
Вярнуўшыся з бежанства дадому, пабачыўшы рускую рэвалюцыю, яны зразумелі, што тут, дома, змяніць нічога немажліва: польская ўлада ўжо ўмацавалася. У іншых умовах, пры наяўнасці адукацыі і сацыяльных калідораў, больш шырокай нацыянальнай працы, гэтае пасіянарнае пакаленне, верагодна, умацавала б шэрагі радыкальных нацыяналістычных арганізацыяў. Але так склалася, што рэй трымалі камуністы…
Карыкатура на польскі строй у міжваеннай беларускай газеце: «Вось як выглядае фашыстоўская польская акупацыя. Прэч акупантаў! Няхай жыве права Заходняй Беларусi на самавызначэнне да аддзялення!»
Калі праводзіць паралелі з суседзямі, то найбольш падобная сітуацыя склалася на Валыні, дзе ўсё развівалася аналагічным чынам. Моцныя пазіцыі там мела акурат КПЗУ. А вось на Галічыне, дзе ўсё было па-іншаму, нацыяналістычная АУН. Яшчэ адзін малавядомы факт: пэўная частка прыхільнікаў Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР) пасля ўгоды паміж Пятлюрам і Пілсудскім запісалася… у Чырвоную Армію, бо палічыла гэта здрадай. Некаторыя з іх пасля знайшлі сябе ў КПЗУ. Вось такія скрыжаванні лёсаў ды ідэяў.
«Паўстанне — вайна — аб’яднанне з БССР»
Як не дзіўна, радыкалізм заходнебеларускай вёскі быў выгадны ўсім. Бальшавікі сфармавалі з гэтага пакалення свой ударны атрад, а палякі атрымалі жалезны аргумент для рэпрэсіяў і ўзмацнення пазіцыяў сілавікоў. Усім добра, апроч саміх беларусаў… Спынімся на тэме «ўдарнага атраду»: фармальна і КПЗБ, і КПЗУ былі структурамі адзінай Кампартыі Польшчы (КПП), якая ўваходзіла ў Камінтэрн. Але калі звярнуцца да лічбаў, то прыкладна палова «польскіх камуністаў» былі чальцамі КПЗБ, траціна — непасрэдна КПП, рэшта — КПЗУ.
Сама КПП стваралася ў 1918–1919 гадах. Беларускія ж камуністы спачатку гуртаваліся вакол Беларускай Рэвалюцыйнай Арганізацыі (БРА) — структуры, якая выкрышталізавалася з беларускіх эсэраў. Фактычна гэта была радыкальная сялянская арганізацыя. У 1923-м БРА злучылася з пераважна яўрэйскімі камуністычнымі ячэйкамі ў гарадах, так паўстала КПЗБ. У наступным 1924 годзе сюды з БССР «на ўзмацненне» даслалі Міхала Гурына, Веру Харужую ды іншых з мэтай падрыхтоўкі паўстання…
Заходнебеларускае мястэчка
На пачатку ўсё было проста: Гурын прынёс з СССР «добрую вестку» пра «хуткае і немінучае паўстанне». Схема простая: паўстанне — вайна Польшчы з СССР — аб’яднанне з БССР — шчасце ўсім і кожнаму… Гурын сапраўды рыхтаваў паўстанне, ячэйкі, сеткі, схроны са зброяй, але ў самім Саюзе планы змяніліся: ваяваць было пакуль немэтазгодна. Ішоў 1925 год, Сталін патроху браў уладу ў СССР і адсоўваў радыкалаў накшталт Троцкага.
Сталіну патрэбная была не вайна з капіталістамі, а поўная ўлада ў «краіне Саветаў». Так «капэзэбоўцаў» «кінулі» ўпершыню, каб пасля «кідаць» яшчэ шмат разоў. Так радыкальныя маладыя беларусы са сваімі марамі на бліжэйшыя 15 гадоў фактычна сталі «гарматным мясам», якое пастаянна ішло ў бой і гінула ў польскіх турмах, а пасля і ў сталінскіх лагерах…
Ад «беларускай ІRА» да секты…
У тым жа 1925 годзе пры падтрымцы СССР паўстала «Грамада» — шырокі левы сялянскі рух, які ў лепшыя часы дасягнуў ажно 120 000 сяброў. Нечым падобная схема нагадвае расклад у Паўночнай Ірландыі часоў супрацьстаяння з Лонданам: ёсць радыкальная падпольная ІRА (у нашым выпадку — КПЗБ), а ёсць — больш шырокі легальны «Шынфейн» («Грамада»).
Але і тут у Масквы былі падрыхтаваныя чарговыя сюрпрызы. Бліжэй 1930 года Саюз бярэ на ўзбраенне канцэпцыю «сацыял-фашызму». Гэта значыць, што для сусветнага камунізму большую пагрозу ўяўляюць нават не буржуазныя партыі, а… сацыял-дэмакраты. Простымі словамі — усе левыя, правейшыя за камуністаў, горшыя за фашыстаў. Пазней гісторыкі прыйдуць да высновы, што менавіта гэтае рашэнне дазволіла Гітлеру прыйсці да ўлады, бо калі б нямецкія сацыял-дэмакраты, камуністы і хадэкі трымаліся разам, адзіным блокам, у таго наўпрост не было б шансаў атрымаць дэмакратычную большасць у рэйхстагу.
Сталіну больш не патрэбная была сусветная рэвалюцыя, камунізм ён вырашыў будаваць у асобна ўзятай краіне, якая магла адно пашыраць свае межы за кошт іншых. Калі СССР раней разглядаўся як галоўны плацдарм Камінтэрну для распаўсюду сусветнай рэвалюцыі, зараз усё перакруцілася з ног на галаву. Камінтэрн пераўтварыўся ў інструмент СССР па дэстабілізацыі сітуацыі ў іншых краінах.
Для беларусаў гэта выявілася ў дзейнасці сялянска-работніцкага клубу «Змаганне», які ўжо амаль кожны крок адлічваў па ўказцы з Масквы, кляйміў «здраднікаў» Луцкевіча ды Станкевіча, збіраў грошы на галадаючых Шанхая і г.д. Такім чынам рух не толькі перасварыўся з рэштай беларускіх дзеячаў з абоймы пост-БНР, але і страціў сацыяльную базу. Па вялікім рахунку — стаў сектай.
Пісьменнік і камсамолец тых гадоў Аляксей Карпюк апісваў гэта так: збіраліся ў хаце мужыкі і слухалі, як нехта зачытваў пастанову нейкага там пятага з’езду чаго-небудзь, перапраўленую з Мінску. І гэтыя дзядзькі, якія не дужа і чытаць умелі, слухалі казкі пра сонечнае жыццё ў БССР, дзе кожная калгасніца можа набыць сабе ўсё, што захоча, і нават болей, пра хуткую рэвалюцыю ды светлае заўтра. Так рух набываў класічныя рысы секты, чальцы якой чакаюць хуткага канца свету — у дадзеным выпадку, канца панскай Польшчы, «цяжкага сну», як пісаў той самы Карпюк.
Паколькі «секта» працавала ў агрэсіўным серадовішчы, яна хутка напаўнялася агентамі, усё гэта спараджала ўзаемны недавер. Палякі гэтай сітуацыяй цудоўна карысталіся. Скажам, арыштоўвалі нейкага лідара, самага разумнага і смелага. Пасля, праз тыдзень-два, — усіх астатніх з ячэйкі. А ўжо пасля — выпускалі першага арыштаванага. Усё! Нярэдка гэта заканчвалася забойствам лідара, якога свае ж залічылі да правакатараў, альбо самазабойствам: хлопец наўпрост ішоў і тапіўся, бо не мог вынесці кляйма «здрадніка».
Званы са слядамі ад куляў і калючы дрот у горле
КПЗБ — гэта не толькі ўлёткі (хоць нават за ўлётку тады давалі чатыры гады турмы), але і выступы ды сутычкі з польскай паліцыяй. Выступ у Косава, Крывіцкі расстрэл, Асташынскае паўстанне… Прыкладам, у 1929 годзе крывёю скончыўся традыцыйны жнівеньскі фэст, свята ўраджаю, у Алекшыцах. Туды прыехалі сябры пасольскага клубу «Змаганне», каб выступіць. Але ўлады расцанілі гэта як несанкцыянаваны мітынг, пачалі разгон са стралянінай паверх галоваў: званы алекшыцкай царквы дагэтуль маюць сляды ад куляў…
Казімір Рагачэўскі —легендарны баявік КПЗБ з Зарубічаў пад Гродна. Загінуў у баі з польскай паліцыяй. Мясцовыя жыхары складалі пра яго песні
Мясцовыя хлопцы тады ўступілі ў бойку ды разагналі паліцыянтаў каламі і аглоблямі. Але пасля з Беластоку ў Гродна была перакінутая цэлая армія паліцыянтаў: тыя прайшлі ўсе навакольныя вёскі, арыштоўваючы і збіваючы маладзёнаў, — так выглядала карная акцыя. Некага арыштавалі, нехта збег у БССР, нехта, маючы пісталет, схаваўся ў лесе… Хлопцы, якія бралі ва ўсім гэтым удзел, адразу ж сталі героямі, пра іх складалі песні.
Падобная сітуацыя была тыповай у тыя гады для Заходняй Беларусі. Аналагічны сцэнар мог паўтарыцца ў выпадку прыходу секвестатараў (падаткавікоў). Калі чалавек не мог сплаціць падатку, у яго з падворку выграбалі літаральна ўсё: ад курэй да апошняга рушніка ў куфары. Часам, секвестатараў збівалі, а калі тым на дапамогу прыходзілі паліцыянты — збівалі і іх. І тады паўтараўся «алекшыцкі сцэнар»: армія з 200 паліцыянтаў, якая ішла па вакольных вёсках, «зачышчаючы» тэрыторыю.
Дзеці, арыштаваныя польскай паліцыяй за «камуністычную прапаганду»
Варта дадаць, што супраць арыштаваных, як правіла, ужываліся катаванні. Захаваліся ўспаміны Леаніда Салаўя пра лёс ягонага брата, якому ламалі пальцы, заціскаючы ў дзвярах. Было і па-іншаму: звязвалі рукі з нагамі, выгінаючы чалавека ў дугу, клалі на стол, а пасля… спіхвалі, чалавек падаў: і так некалькі разоў. У выпадку пацыфікацыяў («акцыяў замірэння») вайскова-палявыя суды мелі права вешаць арыштаваных, фактычна, беручы на сябе функцыі судовай сістэмы.
Калі ў сярэдзіне 1920-х гадоў КПЗБ яшчэ рыхтавалася да паўстання, збіраючы зброю ды арганізоўваючы падпольную сетку, на працягу наступных гадоў уся дзейнасць звялася наўпрост да агітацыі ды індывідуальнага тэрору, скіраванага на паліцыянтаў і правактараў. Найбольш вядомым выпадкам, безумоўна, можна лічыць гісторыю Сяргея Прытыцкага, які страляў у правакатара непасрэдна ў зале суда, за што і быў пасля прысуджаны да смяротнага пакарання.
КПЗБ — «тэрарысты», а Пілсудскі?..
Усё гэта вяло да няспыннай вендэты. Паліцыянты помсцілі за сваіх забітых таварышаў. «Капэзэбоўцы» ды наўпрост незадаволеная моладзь помсцілі за сваіх родных, братоў і сёстраў: зняволеных, збітых ды павешаных, якім дзяржава адмовіла ў натуральным праве самастойна вызначаць свой лёс на сваёй зямлі. Яны хацелі зменаў — і гатовыя былі заплаціць за гэта.
Сёння польскія гісторыкі кажуць, што мелася прайсці яшчэ 20 гадоў — і пытанне было б вырашана. Маўляў, у 1940-х гадах Польшча планавала правесці кампанію «Тварам да Крэсаў», якая б спрыяла паляпшэнню эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі ў рэгіёне. Ці было б так насамрэч? Ці кранулася б гэта хоць неяк пытання нацыянальных правоў? Мы не ведаем. Вядома толькі, што ўжо напрыканцы 1930-х польскія службоўцы рапартавалі Варшаве, маўляў, пытанне з беларускім рухам вырашанае: раз і назаўсёды.
Дзеці, арыштаваныя польскай паліцыяй за «камуністычную прапаганду»
Калі ісці за падобнай логікай, то «капэзэбоўцы» адно шкодзілі ўрэгуляванню сітуацыі на «Крэсах» — гэта бандыты і злачынцы. Але Пілсудскі ў часы Расійскай імперыі займаўся «эксамі», і яго ніхто не лічыць бандытам? Чаму героямі трэба лічыць польскіх сацыялістаў, якія на пачатку ХХ стагоддзя займаліся тэрорам супраць царскіх чыноўнікаў? Калі на тое пайшло, то ўся гісторыя Польшчы ХІХ стагоддзя складаецца з інсургентаў, мяцежнікаў і тэрарыстаў, якіх сёння палякі шануюць як герояў.
Большасць хлопцаў, што ішлі ў КПЗБ, умелі пісаць і чытаць па-беларуску, запісваліся ў ТБШ, хоць дзяржава рабіла ўсё, каб гэтаму супрацьстаяць. Гэта былі дзеці вайны, якіх улады пазбавілі ўсялякіх магчымасцяў сацыяльна-эканамічнага росту і прафесійнага росту, якім нават вучыцца ў школе на сваёй мове было забаронена. Што ім заставалася? Вынікам падобнай дзяржаўнай палітыкі акурат і стала катастрофа 1939 года…
Ці адказная КПЗБ за вендэту ў 1939-м?
На момант 1939 года КПЗБ была ўжо фактычна знішчанай арганізацыяй, да чаго, у першую чаргу, прыклаўся сам Сталін: за год да гэтага па ягоным загадзе партыя была распушчаная. Вядомыя выпадкі, калі паліцыянт у вёсцы выклікаў вядомых яму камсамольцаў і зачытваў савецкую ж газету з навіной пра роспуск КПЗБ. Паліцыянту, вядома, не верылі, але пасля ўсё аказвалася праўдай. Разам з тым, польскія гісторыкі выношваюць версію, маўляў, роспуск КПЗБ быў адно манеўрам ды «ўсыпленнем агентуры», але гэта выглядае ўжо цалкам фантастычна.
Без апісання і разумення ўсіх вышэйзгаданых рэалій, цяжка зразумець вендэту 1939 года, калі вяскоўцы займаліся самасудам над учорашнімі паліцыянтамі, асаднікамі ды «панамі». Тут жа хаваецца і разуменне 1941 года, калі шмат хто з тых, хто выратаваўся ў 1939-м, вярнуўся, каб помсціць ужо камуністам, уладкоўваючыся ў адміністрацыю ды паліцыю пад нямецкім крылом.
Польскія паліцыянты міжваеннага часу
Сёння вельмі цяжка адрозніць, дзе самасудам у 1939-м займаліся «капэзэбоўцы» ды камсамольцы, а дзе — звычайны маргінэс, які ўсплывае ў кожны пераходны перыяд у гісторыі. І гэта не апраўданне КПЗБ, адно заклік да ўзважанага падыходу і асэнсавання неабходнасці ва ўсім разабрацца, перад тым, як навешваць ярлыкі. Трэба таксама памятаць, што «капэзэбоўцы» служылі і ў польскім войску, таму абаранялі межы Польшчы разам з іншымі ў верасні 1939-га.
Прытыцкаму пашчасціла, а што з рэштай?
Які лёс чакаў «капэзэбоўцаў» у далейшым? Па логіцы, яны меліся стаць новай элітай Заходняй Беларусі, але па факце неверагодны кар’ерны рост атрымаўся адно ў Сяргея Прытыцкага, які стаў старшынёй Вярхоўнага Савету БССР. Пры гэтым, Прытыцкі да вайны быў актывістам сярэдняга звяна, ягоная легенда заснаваная найперш на тым самым «атэнтаце» ў судзе ды ўжо пазнейшай вайсковай біяграфіі.
Цікавая гісторыя Мікалая Арэхвы, які да вайны быў сябрам ЦК КПЗБ ды перажыў тое ліхалецце, але стаў усяго толькі… старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі партыі ды аўтарам шмат разоў цэнзураванай кнігі па гісторыі камуністычнага падполля ў Заходняй Беларусі. Яўрэі з КПЗБ збольшага атрымалі дробныя адміністратыўныя пасады. Напрыклад, сакратар гродзенскай ячэйкі партыі Лазар Шайкоўскі, які адседзеў з дзясятак гадоў у польскай турме, стаў «ажно» дырэктарам заапарку.
Кар’ернай столлю для беларускіх дзеячаў КПЗБ сталі пасады старшыняў раёнаў (Царук, Жалезняковіч). І тое, найхутчэй, тут была залічаная не гісторыя даваеннай барацьбы, але кіраванне партызанскімі атрадамі ўжо падчас нямецкай акупацыі.
Камсамольцы Заходняй Беларусі, другі злева будучы класік Аляксей Карпюк, 1930-я гады
Гісторыя яшчэ не напісаная
У БССР стала магчымым голасна казаць пра КПЗБ адно пасля 1956 года і сыходу культу асобы Сталіна, які, уласна, і знішчыў партыю. У 1960–1970-х быў выдадзены цэлы шэраг «глянцавых» кніжак па тэме, якія, праўда, не змяшчаюць ключыкаў да гісторыі КПЗБ, але ўсяго толькі ўпісваюць гісторыю яе чальцоў у агульную канцэпцыю «барацьбы народных масаў за камунізм». У гэтых выданнях няма месца рэальнай гісторыі з інтрыгамі, падманам, гераізмам і сляпой верай, затое поўна прапаганды і пафасу. Верагодна, сапраўдная гісторыя КПЗБ яшчэ мае быць напісаная, але ўжо не з савецкіх ці польскіх пазіцыяў, але з нацыянальных — беларускіх.
Напрыканцы варта спыніцца на некалькіх фразах Мікалая Арэхвы, агучаных ім ужо ў канцы жыцця. На пытанне журналісткі: «Чаму вы рабілі ўсё гэта, ведаючы пра сапраўдныя намеры Сталіна?», Арэхва адказаў: «Мы не маглі інакш, мы былі камуністамі». Адказ на яшчэ адно важнае пытанне мы ведаем ужо праз дачку Арэхвы, калі той адышоў у лепшы свет. Калі ў яе спыталіся, як бацька паставіўся да пачатку развалу Савецкага Саюзу, дачка адказала: «З поўным разуменнем».