Класкоўскі: «Новая рэальнасць для МЗС вельмі дыскамфортная»

Палітычны аглядальнік — пра бязвыхаднае становішча, у якім аказаліся беларускія дыпламаты.

Структурнымі зменамі ў знешнепалітычным ведамстве беларускія ўлады спрабуюць прыкрыць крах міжнароднай палітыкі, лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

— Наогул словы «рэфармаванне» і «перафарматаванне» МЗС, якія гучалі на сустрэчы Лукашэнкі з Макеем, — гэта спроба прыкрыць крах замежнай палітыкі, у першую чаргу, яе заходняга вектара, — адзначыў экспэрт у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Лукашэнка тут спасылаецца на санкцыі, але трэба разабрацца, адкуль яны ўзяліся. І калі пацягнуць гэты ланцужок, то трэба ўспомніць, як праходзіла выбарчая кампанія 2020 года.  

Бо менавіта перакананне Захаду ў тым, што адбыліся гіганцкія фальсіфікацыі, плюс потым надзвычайная жорсткасць пры падаўленні пратэстаў, — вось галоўная прычына. Жорсткая ўнутраная палітыка спарадзіла крызіс і на міжнароднай арэне. Таму зараз даводзіцца браць «вялікія авечыя нажніцы» і «падстрыгаць» штат МЗС.

У сваю чаргу, кіраўнік МЗС, на думку Класкоўскага, спрабуе захаваць хаця б штат свайго ведамства.

— Я думаю, што Макей, мабыць, хоча мінімізаваць скарачэнне, якое, хутчэй за ўсё, меў на ўвазе Лукашэнка пад «тынкоўкай». Бо ў 2018 годзе падчас кампаніі па скарачэнні ўсіх дзяржструктур МЗС ужо скарацілі на 30 адсоткаў.

Для Макея ўсё гэта крыўдна, асабліва калі ўспомніць часы, калі ён і яго ведамства былі «на кані». У 2014 годзе пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны Лукашэнка змог некалькі дыстанцыявацца ад Масквы і на гэтым атрымаў вялікія міжнародныя дывідэнды. Тады да нас на саміт у нармандскім фармаце прылятала Меркель, а МЗС дэклараваў, што Беларусь — гэта донар рэгіянальнай стабільнасці. Сам натхнёны Лукашэнка паўтараў, што мы ператворым Беларусь у новую Швейцарыю, маючы на ўвазе, што яна стане нейтральнай краінай, дзе будуць вырашацца важныя праблемы, — нагадаў палітычны аглядальнік.  

Ён лічыць, што новая рэальнасць можа аказацца для знешнепалітычнага ведамства Беларусі фатальнай.

— Вядома, цяпер ім падаць вельмі балюча. Хоць Макей і ўсё мзсаўцы паўтараюць фальшывыя словы пра інтэграцыю з Расіяй, пра тое, як гэта будзе выдатна і якую карысць прынясе, але ж яны і разумеюць, што ў выпадку паглынання Беларусі, у першую чаргу, непатрэбным стане менавіта іх ведамства.

Я думаю, што Пуцін будзе дзейнічаць прыкладна як Сталін у свой час. У СССР толькі дзве рэспублікі мелі свае МЗС — Беларусь і Украіна. Гэта быў хітры план Сталіна, каб мець больш галасоў у ААН.

Так і Пуцін можа пакінуць нам герб, сцяг і нейкае МЗС з мінімальным штатам, проста для таго, каб мець лішні голас у міжнародных арганізацыях. І наўрад ці ў такім выпадку Крэмль пакіне Макея на чале, таму што ў Маскве памятаюць, як ён у ранейшыя часы славіўся такім лібералам і празаходнім дзеячам. У Крамлі такія рэчы не забываюцца, — мяркуе суразмоўца.

Ён патлумачыў, як, на яго погляд, унутраная палітыка беларускіх уладаў літаральна загубіла ведамства.

— Цяпер усе мары Макея разбіліся. Зразумела, што новая рэальнасць для МЗС вельмі дыскамфортная. Нагадаю, сыход з МЗС пасля падзей 2020 года быў даволі масавым. Гэта прыкмета таго, што там працуюць людзі адукаваныя, прасунутыя, якія адэкватна ўспрымаюць рэчаіснасць. Думаю, што і пасля чыстак частка такіх людзей засталася. І можна толькі ўявіць, якія ў іх унутраныя драмы, калі чалавек разумее, што ўсё, што гаворыцца з высокіх трыбун, — абсурд і трызненне. Але яны вымушаныя ўсё гэта паўтараць, таму што куды дзенешся?

На днях Макей выступіў з заявамі аб тым, што Беларусь можа размясціць ядзерную зброю, можа перакрыць транзіт газу ў Еўропу. Зразумела, што ён не мог пасля адпаведных заяў Лукашэнкі сказаць неяк інакш.

Але калі ўважліва яго паслухаць, то можна заўважыць, што ён, наадварот, выкручваецца, кажа, што гэта адна з верагодных магчымасцей, толькі адзін з варыянтаў. Ён разумее, што такія заявы, асабліва пасля пасадкі самалёта, пасля міграцыйнага крызісу будуць востра ўспрынятыя на Захадзе і могуць вельмі балюча адгукнуцца самой Беларусі.

Але Макей не можа ісці супраць плыні, як і іншыя дыпламаты. Яны вымушаныя праводзіць у жыццё адыёзны канфрантацыйны антызаходні курс замежнай палітыкі, які, вядома, вядзе краіну ў тупік і ўзмацняе яе залежнасць ад Расіі, — сказаў на заканчэнне Класкоўскі.

novychas.info