Касцюшка — наш! Яго не выкінуць з гісторыі

Гісторыя з помнікам Касцюшку ў Швейцарыі скалынула інтэрнет-прастору. І мы вырашылі яшчэ раз надрукаваць артыкул амаль пяцігадовай даўніны. Але ў ім гаворка ідзе зусім пра іншае...

Ідэалогія супраць гісторыі
Беларуская зямля славіцца сваімі гістарычнымі асобамі. Дзякуючы Францыску Скарыну, Льву Сапегу, Сямёну Буднаму, Ігніцію Дамейку, Якубу Коласу, Янку Купалу нашу краіну ведаюць ва ўсім свеце. Важнае месца ў шэрагу беларускіх гістарычных асоб займае і ўраджэнец Брэстчыны — Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Аднак, нягледзячы на тое, што гэтага знакамітага чалавека шануюць як нацыянальнага героя ў ЗША, Польшчы і іншых краінах, беларусы незаслужана забыліся на яго. Парадокс заключаецца і ў тым, што да сённяшняга дня ў Беларусі шануюць памяць рускага палкаводца Аляксандра Суворава, які патапіў у крыві паўстанне 1794 года.

На фармаванне гістарычнай памяці беларусаў уплывала некалькі ідэалагічных накірункаў, асноўнымі з якіх былі расійска-савецкі (праімперскі), заходні (прапольскі) і нацыянальны. З моманту абвяшчэння незалежнасці Беларуссю, гэтыя тры напрамкі вядуць барацьбу за розумы беларусаў. Другая палова 1980-х — пачатак 1990-х гадоў былі не толькі часам эканамічных рэформ і адноснай лібералізацыі грамадскага і палітычнага жыцця ў СССР і ў Беларусі, але і перыядам будаўніцтва нацыянальнай ідэнтычнасці праз вывучэнне гістарычнага мінулага.

У гэты час выразна выявіліся дзве канцэпцыі — імперская і нацыянальная. Калі першы напрамак практычна цалкам запазычыў асноўныя палажэнні “заходнерусізму", то канструяванне нацыянальнай версіі мінулага сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі, звязанымі з адсутнасцю успамінаў пра што-небудзь значнае ў нацыянальнай гісторыі да сярэдзіны XIX ст. у розумах большасці беларусаў. Першай падзеяй у гістарычнай памяці, якая больш-менш клалася ў канцэпцыю нацыянальнага будаўніцтва, было паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1863–1864 гадах. Звязана гэта было з тым, што гэты ўзброены выступ, на думку савецкіх гісторыкаў, насіў перш за ўсё “антыцарскі" характар. Больш старажытныя падзеі былі “запазычаны” з расійскай гісторыі.

Пасля распаду СССР у новых незалежных дзяржавах пачынае адраджацца цікавасць да нацыянальнай гісторыі. З’яўляюцца новыя гістарычныя працы, вяртаюцца шматлікія, раней забароненыя тэмы. Тады ж, мабыць, упершыню, у Беларусь вяртаецца і Тадэвуш Касцюшка. У краіне былі выдадзены першыя маштабныя працы па гісторыі паўстання 1794 года і гісторыі жыцця нашага славутага земляка. У цэлым першая палова 1990-х адрознівалася прагай пазнання беларускім грамадствам невядомых раней старонак сваёй гісторыі, і адказам на гэты інфармацыйны голад стала з’яўленне цэлага шэрагу навукова-папулярных работ, у першую чаргу, па гісторыі Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага.

У 1994 годзе ў краіне адсвяткавалі 200-годдзе падзей 1794 года. Аднак, усе гэтыя мерапрыемствы праходзілі як бы не прыкметна для звычайных грамадзян Беларусі. У краіне ніхто не называў вуліцы ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. Нават не змянілася экспазіцыя музея Суворава ў Кобрыне. Па-ранейшаму працягвалі набіраць вучняў у Сувораўскае вучылішча.

Пасля змены палітычнай сітуацыі ў Беларусі ў сярэдзіне 1990-х гадоў, істотна змянілася і нацыянальная канцэпцыя развіцця гістарычнай навукі. За аснову зноў былі ўзяты пастулаты “заходнерусізму" пра “адвечнае імкненні беларускага народа да Расіі". Абвешчаны курс на “Саюз з Расіяй" і вяртанне да догмаў беларускай савецкай канцэпцыі гістарычнага мінулага, прывялі да іх запазычання і ў сістэму школьнай гістарычнай адукацыі. За кароткі прамежак часу з гістарычнага ўжытку зноў сталі знікаць падзеі гісторыі Беларусі, звязаныя з канфліктамі ВКЛ і Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай і Расійскай імперыяй.

  • 02-img_1231_logo_1_logo.jpg
  • 03-img_1279_logo_1_logo.jpg


Такім чынам, пад удар трапіла і гісторыя паўстання 1794 года. Касцюшкаўскай тэматыкай працягвалі займацца толькі энтузіясты. У гэты ж час беларусам ізноў, як і ў савецкі час, працягвалі прышчапляць “заходнерускія" каштоўнасці. Вялікімі накладамі выдаваліся падручнікі, у якіх паўстанне 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе называліся “рэакцыйнымі", накіраванымі не на абарону беларускага народа, а на аднаўленне польскай дзяржавы. Пры гэтым дадзеную канцэпцыю падтрымлівалі і беларускія дзяржаўныя СМІ.

Сітуацыя трохі змянілася ў лепшы бок, пасля таго, калі прыватная ініцыятыва брэсцкіх гісторыкаў па адраджэнні радавога дома Касцюшкі ў Мерачоўшчыне супала з рашэннем беларускага ўраду пачаць развіццё нацыянальнай турыстычнай індустрыі. Толькі пасля таго, калі гістарычныя месцы, звязаныя з гісторыяй ВКЛ, у тым ліку і месцы звязаныя з гісторыяй Тадэвуша Касцюшкі, сталі актыўна наведваць замежнікі, беларускія ўлады пайшлі на папулярызацыю сярэднявечнай гісторыі Беларусі і сярод уласных грамадзян. Сталі выдавацца буклеты, кнігі, турыстычныя праспекты.
“Заходнеруская" хвароба
Асабліва негатыўны ўплыў на фарміраванне адносін сучасных беларусаў да асобы Тадэвуша Касцюшкі аказвае дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь арганізацый заходнерускай накіраванасці. Яны праз свае выданні і інтэрнэт-рэсурсы спрабуюць абгрунтаваць пастулат аб “штучнасці" беларускай нацыі, а гісторыю войнаў з усходнім суседам адносяць да “інтрыг" палякаў ды іншых “ворагаў славянскага адзінства". У разрад ворагаў Расіі прадстаўнікі заходнерусізму ў Беларусі запісваюць усіх, хто ўдзельнічаў у выступах супраць Расійскай імперыі. Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі аб’яўляюцца адэптамі заходнерусізму ў Беларусі прапольскімі “здраднікамі беларускага народа". У сваю чаргу, рускага палкаводца Суворава і губернатара Мураўёва-вешальніка, крывава падавіўшых паўстанні 1794 і 1863 гадоў, яны аб’яўляюць нацыянальнымі героямі, якія нібыта выратавалі беларусаў ад “паланізацыі".

Сёння беларускае грамадства, па сутнасці, пажынае спадчыну савецкага імперскага мінулага. Тады беларусы знаёміліся са сваёй гісторыяй па падручніках, у якіх прапаноўвалася расійска-савецкае бачанне гісторыі. Што казаць, калі нават у беларускіх савецкіх падручніках Тадэвуш Касцюшка нават не ўзгадваўся. Пра яго маўчала пяцітомная энцыклапедыя “Гісторыі Беларускай ССР", падрыхтаваная ў 1970-я гады Інстытутам гісторыі АН БССР. У сваю чаргу, суседзі беларусаў, палякі, у падручніках, выдадзеных у БССР, трактаваліся як галоўныя ворагі беларускага народа.

Разам з тым, у тыя ж гады ў Кобрыне адкрылі музей Суворава, імем гэтага рускага палкаводца называлі вуліцы практычна ў кожным горадзе рэспублікі. Беларусам навязвалася гісторыя, якая павінна была ідэалагічна абгрунтаваць “непарушнае братэрства савецкіх народаў". Пра Тадэвуша Касцюшку проста маўчалі. Героем жа беларусаў павінен быў стаць чалавек, які ваяваў супраць гэтага народа. На жаль, яшчэ не ўсе ў Беларусі ўсведамляюць, што Касцюшка ваяваў супраць прыгонніцкай Расіі і супраць яе імперскай палітыкі. А генералісімус Сувораў гэтую імперскую палітыку ажыццяўляў.
***
Сёння ўжо вельмі складана цалкам перакрэсліць імя Касцюшкі і выкінуць яго з гісторыі краіны. Беларусы паступова прыходзяць да ўсведамлення таго, што менавіта яны з’яўляюцца спадкаемцамі гістарычнага мінулага ВКЛ, а значыць, павінны ганарыцца дзяржаўнымі і гістарычнымі дзеячамі той знакамітай старажытнай усходнееўрапейскай дзяржавы.

Сучасным беларусам, як і расіянам, неабходна зразумець, што ў кожнай краіны ёсць уласныя героі. Для Расіі — гэта палкаводзец Аляксандр Сувораў, для Беларусі — генерал Тадэвуш Касцюшка.

На адным з гістарычных форумаў мне ўдалося прачытаць цудоўныя словы: “Беларусы занадта доўга вывучалі гісторыю іншых дзяржаў і шанавалі чужых герояў, зусім не задумваючыся пра тое, што іх родная зямля дала свету сотні знакамітых асоб. Нам час звярнуцца да свайго мінулага, бо такой гісторыяй трэба ганарыцца".

Да гэтага цяжка нешта дадаць. Нам трэба навучыцца шанаваць сябе, тады і іншыя будуць да нас ставіцца з павагай.

Ігар Мельнікаў, “Новы Час”