Каманда BY_Help заклікае падтрымаць тых, хто трапіў пад рэпрэсіўны махавік

Пра пачатак збору сродкаў у сваім фэсбуку паведаміў Аляксей Лявончык:

Дарагія сябры!

Выбары ў Беларусі азмрочаны рэпрэсіямі ўладаў супраць удзельнікаў выбарчага працэсу. Ініцыятыўная групы Сяргея Ціханоўскага трапіла пад жорсткі прэсінг. Ён і яго каманда церпяць пераслед – арышты, штрафы, „суткі“. Сам Сяргей і сямёра яго паплечнікаў арыштаваныя і знаходзяцца за кратамі. Супраць іх узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Мы ўсе бачылі гэтыя кадры і можам самі меркаваць аб тым, што ў дачыненні да Сяргея была здзейсненая правакацыя.

Далёка не адны толькі ўдзельнікі выбарчага працэсу падвяргаюцца рэпрэсіям. Людзі, якія стаялі ў „ланцугах салідарнасьці“ ў Мінску і іншых беларускіх гарадах (ды што там – нават проста ў чэргах, каб паставіць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў) масава арыштоўваліся, ім былі прысуджаны штрафы ці „суткі“. Арыштоўвалі нават тых, хто стаў у чаргу ў краму symbal.by, каб падтрымаць яе падчас эканамічнага прэсінгу з боку ўладаў. Вельмі часта гэтыя арышты суправаджаліся прымяненнем неабгрунтаванага гвалту з боку прадстаўнікоў сілавых структур. Усю краіну абабег здымак, як у Ганцавічах міліцыя арыштоўвае ўдзельніка пратэсту, становячыся яму нагой на шыю.

Крымінальная справа і іншы пераслед спалучаныя з вялікімі грашовымі выдаткамі. Аплата штрафаў, адвакатаў і перадач зробяць дзірку не ў адным сямейным бюджэце.

Каманда BY_Help заклікае падтрымаць тых, хто трапіў пад рэпрэсіўны махавік, праз гэты фандрайзер. Перавесці сродкі можна з любой карты любой краіны.

Усе сабраныя грошы будуць перададзеныя на кампенсацыю выдаткаў на адвакатаў, аплату штрафаў і на падтрымку сем’яў тых, хто трапіў пад махавік рэпрэсій. Аплата штрафаў будзе адбывацца паводле спісаў праваабаронцаў. У першую чаргу мы будзем пакрываць штрафы тым, хто быў рэпрэсаваны ўпершыню.

Дзякуй за Вашу салідарнасьць. За нашу і вашу свабоду!

facebook.com