Калядная казка максімавай маці

Гэтае каляднае апавяданне было надрукавана ў газеце «Гродненские губернские ведомости» 29 снежня 1893г. Пад публікацыяй стаў сціплы крыптонім аўтара: М.Б. Яно б так і згінула ў рознакаляровым віхуры шматлікіх калядных апавяданняў, якімі заўсёды поўніліся снежаньскія нумары газет, калі б не гэтыя літары.


01-get_img.jpg



Жанр каляднага апавядання - адзін з самых распаўсюджаных «цвёрдых» жанраў празаічных апавяданняў. Вынайшаў яго Чарльз Дзікенс, які апублікаваў у 1843г. сваю славутую «Калядную песню ў прозе»: гісторыю старога скнары Эбенізера Скруджа, да якога ў калядную ноч прыходзіць прывід колішняга калегі Джэйкаба Марлі. Павандраваўшы з прывідам па самых цёмных закутках свайго жыцця, чэрствы і сквапны Скрудж нібыта нараджаецца наноў, каб стаць добрым чалавекам.

Пасля Дзікенса хто толькі не пісаў калядных апавяданняў! Жанр стаў імгеннна распаўсюджвацца па Еўропе і хутка набыў свае абавязковыя рысы: любое каляднае апавяданне павінна расказаць пра барацьбу добрага і злога, пра надзею і мару, пра перамогу Святла, пра дабрачыннасць і перараджэнне душы. Нараджэнне Хрыстова ў гэтых расповедах заўсёды рыфмавалася з нараджэннем добрага і светлага ў душы чалавека, а стан грамадства і грамадскі дыскурс патрабаваў, каб гэтае нараджэнне адбывалася праз спачуванне да бедных і абяздоленых. Менавіта ў калядных апавяданнях, дзе заўсёды ззяла агеньчыкамі святочная ялінка ў багатых дамах, пытанне жахлівай сацыяльнай няроўнасці, чалавечай сквапнасці і абыякавасці да бліжняга набывала асаблівую вастрыню і абуджала душы чытачоў да добрага.

Ганс Хрысціян Андарсан, Анатоль Франс, Сэльма Лагерлёф, Фёдар Дастаеўскі, Антон Чэхаў, Уладзімір Караленка, Мікалай Ляскоў… У гэтым прадстаўнічым шэрагу аўтараў калядных апавяданняў стаіць і крыптонім М.Б. са старонак гарадзенскай газеты.

Гэтымі літарамі падпісалася Марыя Апанасаўна Багдановіч, у дзявоцтве - Мякота, маладая маці трох сыноў, Вадзіма, Максіма і Льва, жонка супрацоўніка гарадзенскага аддзялення сялянскага пазямельнага банку Адама Багдановіча.

Адам Багдановіч пасля пісаў ва ўспамінах пра свайго геніяльнага сына: «Паэтычны талент Максіма - гэта дар яго маці, які ў ёй самой драмаў у неразвітым стане. Адзінае апавяданне, ёй напісанае, паказвае, што яна валодала дарам маляўнічасці, а пры гэтай умове з яе магла выпрацавацца добрая пісьменніца». І сапраўды, асцярожны, густоўны стыль, ахайна падабраныя дэталі, вытанчаныя параўнанні, якімі поўніцца каляднае апавяданне з «Гродненских губернских ведомостей», маглі б стаць гонарам любога выкшталцонага зборніка з удзелам найлепшых майстроў тагачаснай прозы.

У гэтым нескладаным, празрыстым калядным апавяданні, напісаным адпаведна канонам гэтага прыгожага жанра, Марыя Багдановіч нібыта прадчувае і сваю будучыню: цяжкую хваробу, смягу патрэсканых вуснаў, невыносную тугу па дзецях, якіх пакідала на свеце на невядомыя выпрабаванні, і светлую надзею, якую напярэдадні Раства кожная маці хоча падараваць свайму дзіцю.

Апавяданне «Напярэдадні Раства» было напісана і апублікавана па-руску. Знайшлі і ўпершыню перадрукавалі яго супрацоўніцы музея М.Багдановіча В.Мікута і П.Сцепаненка, на беларускую мову пераклаў Мікола Трус. У гэтым годзе апавяданне Марыі Багдановіч выйшла ў Белградзе ў перакладзе на сербскую дзякуючы плённай працы перакладчыцы Даяны Лазаравіч. Шчыра дзякую Паліне Сцепаненка і Міколе Трусу за магчымасць падзяліцца тэкстам апавядання з чытачамі «БелГазеты».


Ганна Севярынец, "Белгазета"



02-get_img.jpg

Ціха згасае дзень і сваімі апошнімі змярцвелымі промнямі блякла асвятляе невялікі пакой у скрыўленым набок і абселым у зямлю дамку. Невялікі драўляны стол, такая ж нефарбаваная табурэтка, кучка ануч, развешаных каля затхлай ад сырасці сцяны ды бязногі ложак, падпёрты двума паленамі, - вось і ўся няхітрая абстаноўка пакоя. Гаспадыня абстаноўкі, яшчэ маладая, але страшна схуднелая жанчына, ляжыць у гарачцы на ложку. Нягледзячы на холад, яна так і палае агнём: шчокі гараць; ад цяжкага перарывістага дыхання смягнуць сухія патрэсканыя вусны; мутныя вочы, нібы ў дыме, упарта стараюцца разглядзець пры святле згаслага дня смутныя абрысы дзвюх дзіцячых фігурак, што туляцца каля яе ног. Старэйшаму хлопчыку на выгляд не больш за шэсць гадоў, малодшаму, здаецца, гады на два меней. Бедная малеча! Яны не падазраюць, што, можа, заўтра апынуцца адзінюткія на белым свеце, што тут на іх вачах дагарае іх апошняя надзея і апора ў жыцці.

Вось ужо каля двух тыдняў, як яна ў ложку. Усе няшчасныя капейкі, што былі зароблены, праедзены, і каб не спагадлівая душа Іваніха, такая ж бедная падзёншчыца, якая жыве ў гэтым жа дамку, можа, і не давялося б дзецям дачакацца свята. Забяжыць добрая душа вечарком і падзеліцца чым Бог паслаў, іншы раз і гарачага прынясе для хворай. Сёння яна з раніцы пайшла з поварам, паклікалі дапамагаць яму пры кухні: суседнія паны чакаюць гасцей - гатуецца багатая вячэра, для дзяцей ладзіцца елка. Калі і наведаецца сёння, то позна.

На дварэ цямнее, дзе-нідзе паказаліся ўжо зоркі, і ў вокнах засвяціліся агеньчыкі. У пакоі цішыня, чуваць толькі дыханне хворай ды рыпенне снегу на вуліцы пад нагамі рэдкага прахожага.

- А што, мама, - раптам перарывае цішыню слабы голас старэйшага хлопчыка, - не забудзе Хрыстос да нас зайсці сёння? Іваніха вось забыла.

Пры імені Іваніхі малодшы, Міколка, яшчэ мацней адчувае голад, што мучыць яго на працягу цэлага дня, не гаворыць, а нібыта пяе: «Е‑с‑ці х-а-ч-у!» У адказ гучыць толькі ціхі стогн маці.

- Мама, - працягвае распытваць Міхась, - ведаеш, чаго я баюся? - што Хрыстос не паспее ўсіх абысці. А можа, Ён забудзе, што каму трэба падарыць? Мне б так хацелася мець коніка! А раптам ён аддасць яго каму-небудзь іншаму! Так можа здарыцца, мама?

- Не бойся, Міхаська, Хрыстос ні пра каго не забудзе, і кожны атрымае тое, што яму патрэбна. Вось і сёння, калі ты і брацік засняце і на дварэ будзе зусім цёмна - сыдзе на зямлю Хрыстос і пройдзе з горада ў горад, не абміне ні ўбогай хацінкі, ні багатага дома, пабывае ўсюды, дзе ёсць дзеці, і кожны з іх, прачнуўшыся на наступны дзень, знойдзе каля свайго ложка тое, што хацеў. Калі дойдзе чарга і да нас, то ціха-ціха адчыняцца дзверы, увойдзе Хрыстос, схіліцца над вашай пасцелькай і прыслухаецца да таго, пра што моліць вашае сэрца, якое жаданне гаворыць у ім мацней, добраславіць вас і адправіцца далей, пакінуўшы пасля Сябе радасць і шчасце. А заўтра, прачнуўшыся, ты знойдзеш у сябе коніка, а Міколка музыку.

- Я не хачу музыку, хачу булачку, вя-лі-кую!.. - працягнуў і захныкаў зноў, змоўкшы на некаторы час, заслухаўшыся казкай, Міколка.

- Ну перастань ты ўжо нарэшце! Вось заўсёды ты так - расплачашся і не дасі маме расказаць! А я вось усё думаю, - звярнуўся Міхась да маці, - ці можна будзе на гэтым коніку ездзіць верхам? І потым - як яго назваць? Як ты думаеш, калі назваць яго Буланчыкам, так добра будзе?

- Вось што, Міхаська, - перапыніла яго слабым, стомленым голасам маці, - схадзі ты да Іваніхі, і калі яна дома, то запытай: ці прадала яна мой заручальны пярсцёнак і купіла тое, што я прасіла; толькі спытай: ці купіла тое, што я прасіла? І больш не распытвай. І вяртайся хутчэй!

Дзіўна было бачыць гэтых дзіцятак, як адны ідуць уздоўж цёмнай вуліцы, у такую непагадзь з непакрытымі галовамі і без верхняга адзення. Яны дайшлі да канца вуліцы і раптам спыніліся як укапаныя перад вялікім аднапавярховым домам, што глядзеў на іх усімі сваімі шырокімі, ярка асветленымі вокнамі. Велізарная зала, уся залітая святлом, была відаць як на далоні. Пасярэдзіне красавалася ўся ў агнях, багата ўсыпаная золатам і серабром, прыбраная ва ўсе колеры вясёлкі, шыкоўная ёлка. З-пад кожнай яе галіны выглядвалі апельсіны, яблыкі, арэхі, рознакаляровыя скрыначкі, а на самай вершаліне, нібы сабраўся ляцець, распраўляў свае крылы анёл.

У гэты час каля параднага пад’езда паказаўся швейцар у бліскучай ліўрэі. Хвіліну ён прыслухоўваўся, углядаўся ў цемру і нарэшце заўважыў дзяцей пад акном.

- Пайшлі прэч адсюль! - прыкрыкнуў ён на іх. - Ах, шчаняты, яшчэ і ыпішчаць уздумалі! От я вас! - скончыў ён грозна і зрабіў жэст, нібыта намерваўся пацвердзіць свае словы дзеяннем.

Але дзеці ўжо павольна пляліся да свайго дома. Калі яны ўвайшлі у пакой, там панавала тая ж цемра і цішыня, як і раней; нават не чуваць было трызнення і дыхання хворай. Міколка навобмацак залез на пасцель і зноў скруціўся ў яе нагах, а Міхась з цяжкасцю даплёўся ў кут пакоя і як падкошаны зваліўся на разасланае там матчына паліто… Яшчэ доўга чуліся з кута ціхія ўсхліпванні, але пакрысе думкі ў галаве пачалі блытацца, і нарэшце ўсемагутны сон сплюшчыў прыпухлыя ад слёз павекі.

Вось і ў іх пакойчыку стала раптам так светла і хораша! Дзверы ціхенька адчыняюцца, і ў пакой уваходзіць Хрыстос. Ён павольна падыходзіць да Міхася і схіляецца над яго галавой. «Не журыся, бедны хлопчык, - гаворыць Ён, - вось твой конік!» Міхась радасна ўскрыквае і прачынаецца. Пры святле маладога дня вочы яго смутна адрозніваюць няпэўныя абрысы коніка на падлозе. А ў печы весела патрэскваюць дровы…