Каб не быць «рускімі са знакам якасці». Наш адказ інтэграцыі

Адказ «беларуская» на пытанне пра родную мову падчас перапісу насельніцтва — гэта цяпер тое, што можа зрабіць абсалютна кожны чалавек для падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.


01-pierapis_833x833_budaunik.jpg


Раз на дзесяць гадоў у краіне адбываецца цікавае мерапрыемства — перапіс насельніцтва. Гэтым разам беларусаў палічаць, памацаюць і паглядзяць на іх з 4 па 30 кастрычніка. І цяпер пытанні перапісу — надзвычай важныя.

Перапіс важны таму, што менавіта ад яго вынікаў адштурхоўваюцца нашыя статыстыкі, і, адпаведна, улады ў вызначэнні далейшага шляху развіцця дзяржавы і дзяржаўнай палітыкі. Напрыклад, ад сёлетніх вынікаў маштабнай апытанкі, па словах сацыялагіні, аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алены Арцёменкі, будзе залежаць рэформа адміністрацыйнага падзелу краіны. Па меркаванні адмыслоўцы, у некаторых раёнах колькасць насельніцтва можа аказацца каля 5–7 тысяч чалавек, і, адпаведна, там нерацыянальна ўтрымліваць адміністрацыю.

Але найважнейшыя пытанні — гэта пытанні 12 і 13 у перапісным лісце. Яны будуць гучаць так: «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве)?» і «На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?»

Пытанні сфармуляваныя так, бо гэта — рэкамендацыі «Канферэнцыі еўрапейскіх статыстыкаў». Аднак паняцце «роднай мовы» і «першай засвоенай» усё ж не перашкаджаюць назваць любому чалавеку роднай мовай беларускую.

І гэта, насамрэч, не будзе хлуснёй. Нават калі ад пачатку вы размаўляеце на рускай мове — вы ж у дзяцінстве засвоілі «Калыханку»? Ведаеце, хто такі Дзед-Барадзед? А значыць, засвоілі і беларускую мову.

Вынікі перапісу будуць апрацоўвацца даволі доўга, і не ўсе з гэтых вынікаў нам пакажуць. Бо там ёсць «слізкія» пытанні наконт працоўнай міграцыі і жадання з’ехаць з краіны. Але сапраўдныя лічбы гарантавана давядуць да тых, хто прымае палітычныя і эканамічныя рашэнні наконт будучыні краіны.

Цяпер наша будучыня даволі цьмяная. Да нас цягнуць свае рукі розныя «рускія міры» ды «паглыбленыя інтэграцыі». Шмат хто занепакоена кажа, што існаванне Беларусі як самастойнай дзяржавы ўжо пад вялікай пагрозай, і трэба кансалідавацца ўсім, каб надалей жыць у сваім доме. І адказ «беларуская» на пытанне пра родную мову — гэта цяпер тое, што можа зрабіць абсалютна кожны чалавек для падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.


02-pierapis_833x833_metalurh.jpg


Такім чынам мы даводзім важную рэч: беларусы — гэта не «рускі мір». Не «апалячаныя рускія» і нават не «рускія са знакам якасці», не «малодшая славянская сястра». Гэта асобны і асаблівы народ, у якога ёсць свая мова, культура, традыцыі, зямля і краіна.

Беларуская мова — гэта і абарона ад усялякіх «глыбокіх», «паглыбленых» і іншых схаваных, прыкапаных ды замаскіраваных інтэграцый. Гэта маркёр: што беларусы — супраць паглынання сваёй краіны нейкімі «вялікімі суседзямі». Прынамсі, гэта азнака таго, што «лёгкіх інтэграцый» не будзе. І папярэджанне тым, хто на такія «інтэграцыі» спадзяюцца, — найперш, з нашага боку. Прызнаемся: у Беларусі хапала не толькі партызанаў, але і калабарантаў.

Руская мова ў нас не мае патрэбы ў падтрымцы. Беларуская ж фактычна выключаная з ужытку ў адукацыі, СМІ, заканадаўстве, рэальным жыцці. Той, хто спрабаваў уладкаваць дзіця ў беларускамоўную групу дзіцячага садка альбо дамагчыся беларускамоўнага навучання ў пачатковай школе, выдатна пра гэта ведае. Хаця такога быць не павінна — каб тыя, хто жадае навучаць дзяцей на мове тытульнай нацыі, дамагаліся б гэтага ледзьве не з боем.

Чым больш адказаў у перапісе пра «родную беларускую» — тым больш шанцаў на з’яўленне навучання па-беларуску, беларускіх садкоў і школьных класаў.

Часцяком сустракаюцца нараканні, што зварот да чыноўніка на беларускай мове выклікае адказ ці на рускай, ці з памылкамі. Вялікая колькасць людзей, якія ў час перапісу заявяць пра родную беларускую, будзе вымушаць чыноўнікаў не адварочвацца ад беларускамоўных зваротаў (за апошнія гады, адзначым дзеля справядлівасці, беларускую мову яны вывучылі няблага).

А памятаеце скандал, калі адно прадпрыемства адмовілася змяшчаць на сваёй прадукцыі беларускамоўную маркіроўку? Перапіс уплывае і на бізнес. Чым болей, паводле перапісу, будзе беларускамоўных, тым больш будзе беларускамоўнай прадукцыі, беларускай рэкламы, а значыць — беларускага асяроддзя.

Сацыёлагі ў гэтым пытанні папярэджваюць пра «спіраль маўчання». Гэта калі ўсе звыкліся, што, нібыта, «большасць адкажа пра родную мову — руская, дык я адкажу таксама гэтак». Насамрэч, усё якраз наадварот. Гэта беларуская мова трапіла ў «спіраль маўчання». Насамрэч, мова — папулярная. Быць беларускамоўным — азначае быць «у трэндзе». Уважаць беларускую мову за родную — гэта быць адукаваным, прынамсі, ведаць больш за адну мову. Проста нашая мова «не раскручаная» так, як належыць, а яе сапраўдная папулярнасць — замоўчваецца.

Не верыце? Паводле перапісу 2009 года роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва Беларусі. У час перапісу 1999 года роднай мовай беларускую назвалі 73,6%!

Дык якая ваша родная мова?

Сяргей Пульша, novychas.by