IV Фестываль мастацтваў беларусаў свету збярэ каля 250 удзельнікаў

IV Фестываль мастацтваў беларусаў свету збярэ каля 250 удзельнікаў з розных краін, паведаміла журналістам дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка.

“Фестываль запланаваны на 16–20 верасня. Ён адбываецца раз на тры гады і збірае вялікую колькасць нашых суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, – каля 250 чалавек з розных краін”, – распавяла Вольга Антоненка.

Форум адбудзецца ў Мінску, але на адзін дзень беларусы замежжа раз’едуцца па рэгіёнах. “Цікавасць да фестывалю вялікая, вельмі шмат хто хоча прыехаць, паўдзельнічаць і паказаць, якім чынам яны захоўваюць беларускую культуру ў краінах, дзе жывуць. Яны з трапятаннем дэманструюць беларускія песні, харэаграфію, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Яны вельмі любяць прыязджаць на сваю гістарычную радзіму”, – адзначыла дырэктарка цэнтра.

III Фестываль мастацтваў беларусаў свету аб’яднаў каля 220 удзельнікаў з 19 краін. “Квота на краіну – да 20 чалавек. Мы стараемся цяпер яе павялічыць, таму што вялікая колькасць калектываў выказвае жаданне ўзяць удзел у фестывалі. Напрыклад, у Латвіі 17 такіх калектываў. У Расіі практычна ў кожным буйным горадзе ёсць цікавыя калектывы. Ёсць такое дзіўнае месца – вёска Тургенўка ў Іркуцкай вобласці, практычна ўсе яе жыхары размаўляюць на беларускай мове, – дадала Вольга Антоненка. – Цікавасць да фестывалю сапраўды ёсць, на яго, у тым ліку, прыязджаюць і удзельнікі з далёкага замежжа”.

Паводле БЕЛТА