Інтэрактыўны цэнтр жывой гісторыі адкрыўся ў Віцебску

Там (у памяшканнях культурна-спартыўнага комплексу Летняга амфітэатра) можна перамясціцца ў часе прыкладна на дзесяць стагоддзяў таму. Такая магчымасць спадабаецца і дзецям, і дарослым. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч, намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Віктар Глушын, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Глеб Лапіцкі.


01-29-12_kopiya_8.jpg


Новы пункт на турыстычнай карце Віцебска мае назву «Варгенторн», што ў перакладзе значыць «Воўчая вежа». Цэнтр стаў домам для аднайменнага клуба гістарычнай рэканструкцыі, які дзейнічае ў Віцебску з 2003 года і носіць ганаровае званне «Народны калектыў». Клуб яднае дзесяткі аматараў гісторыі розных узростаў і прафесій.

Члены «Варгенторна» — частыя госці на розных мерапрыемствах у Віцебску і іншых рэгіёнах. У рэпертуары калектыву — тэатралізаваныя паказы, заснаваныя на летапісах, сагах, легендах і гістарычных дакументах. Вельмі відовішчныя «варгенторнаўскія» мініяцюры, танцы, пастановачныя баі з выкарыстаннем аналагаў сярэднявечнай зброі. Клуб вядомы вывучэннем і інтэрпрэтацыяй іспанскай школы фехтавання XVІІ стагоддзя La Verdadera destreza, а яшчэ адзінай у Віцебску афіцыйнай школай ірландскага танца.

Інтэрактыўны цэнтр жывой гісторыі, дзе аматары могуць усё гэта паказаць у любы час года, адкрыўся ў рамках праекта «Даўгаўпілс і Віцебск: культурнае супрацоўніцтва і развіццё ІІ». Беларусь і Віцебск, у прыватнасці, як адзін з самых старажытных гарадоў заўсёды будуць цікавыя для турыстаў. Цяпер ёсць магчымасць на свае вочы ўбачыць, як жылі далёкія продкі беларусаў у сярэднявеччы, дакрануцца да мінулага, стаць пры жаданні членам клуба. Такі аб'ект быў даўно запатрабаваны.

У інтэрактыўным цэнтры жывой гісторыі ёсць выставачная зала, памяшканне для правядзення майстар-класаў, будуць створаны гарбарная, сталярная, слясарная і ювелірная майстэрні.

Падчас адкрыцця «Варгенторна» прайшлі заняткі па гістарычным фехтаванні «Старажытны Віцебск»: былі паказаны ваенныя забавы, работа рамеснікаў і танцы. Галоўная мэта майстар-класа, як падкрэслілі арганізатары мерапрыемства, — азнаямленне з асновамі сярэднявечнага бою на тэрыторыі Днепра-Дзвінскага рэгіёна ў ІX—XІ стагоддзях і знаёмства з канцэпцыяй гістарычнага фехтавання і дружыннай культурай Прыбалтыйскага рэгіёна ў сярэднявеччы. Адначасова адкрылася выстаўка ахоўнага рыштунку і наступальнага ўзбраення ваяроў на шляху «з варагаў у грэкі».

Яшчэ адзін цікавы міжнародны праект, які днямі рэалізавалі супрацоўнікі «Цэнтра культуры «Віцебск», — першая персанальная выстаўка «Беларускі погляд Даўгаўпілса» фотамастака Эдуарда Літвіноўскага.


02-29-13_kopiya_11.jpg


Сярод арганізатараў выстаўкі — Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе і Беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Уздым».

Аўтар нарадзіўся ў Даўгаўпілсе, па бацькоўскай лініі мае беларускія карані, шмат гадоў цесна супрацоўнічае з Даўгаўпілскім цэнтрам беларускай культуры.

Ідэя выстаўкі — у аб'яднанні беларусаў, якія пражываюць у Латгаліі (рэгіён на граніцы з Беларуссю), у адной фотасесіі: у нацыянальных касцюмах на фоне пейзажаў і гарадскога асяроддзя.

Злавіць непаўторную магію погляду, прыдумаць і знайсці кожнаму лакацыю для здымка, стварыць вобразы, якія найбольш поўна раскрываюць характар мадэляў, паказаць багацце і разнастайнасць беларускага нацыянальнага касцюма, адлюстраваць зачаравальныя віды Даўгаўпілса і яго наваколляў — такія задачы ставіў перад сабой творца.

Выстаўку можна ўбачыць у канцэртнай зале «Віцебск» да 12 лістапада.

Аляксандр Пушканскі, «Звязда»