Яго называлі «панам для бедных», вымушаным пакінуць працу каморніка пасля таго, як падчас абмераў аднаго з маёнткаў ён адрэзаў на карысць сялян завялікі кавалак панскай зямлі.
Сам каталік, таемна ахвяраваў сродкі на пабудову праваслаўнай царквы на малой радзіме, і нават склаў план зямельнага ўчастка пад яе. Заснавальнік камерцыйнага банка, які даваў пазыкі сялянам пад малы працэнт. Але нам ён больш вядомы як «бацька беларускага тэатра» — Ігнат Буйніцкі.
Танцуючы каморнік «дзядзька Ігнат»
Нарадзіўся Ігнат Буйніцкі 155 гадоў таму, 22 жніўня, у год «Вялікай рэформы» — адмены прыгоннага права, у фальварку Палівачы, на тэрыторыі сённяшняга Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і збяднелага шляхціца Тарквінія-Тэафіла Буйніцкага і Клацільды з роду Гласкіх.
Пасля заканчэння чатырохкласнага рэальнага вучылішча ва Улацлаўску Варшаўскай губерні, паступіў у Рыжскае політэхнічнае вучылішча. Працаваў землямерам у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях, абышоўшы іх пешшу. Вандраваў заўсёды з сшыткам пад пахай, каб запісваць пачутыя песні, народныя легенды, паданні. Але асаблівую цікавасць і сапраўднае захапленне для Буйніцкага ўяўлялі народныя танцы. Ён заўсёды знаходзіў, аб чым паразмаўляць з простым вяскоўцам, вельмі любіў сялянскіх дзяцей, якім расказваў казкі, вучыў спевам і танцам.
План зямлі пад царкву
Першая беларуская трупа
У 1907 годзе яго захапленне выйшла на новы ўзровень — разам з дочкамі Аленай і Вандай ды сябрамі ён заснаваў аматарскі калектыў, які пачаў вандраваць не толькі па гарадах Беларусі, але выязджаў з выступленнямі ў Варшаву і Пецярбург. Для гэтага Буйніцкаму даводзілася браць дазвол у губернатара. І калі за выступленні для заможных гледачоў вызначаўся высокі кошт у два рублі, то выступленні ў мястэчках для сялян ладзілі бясплатна.Адно з такіх выступленняў у Слуцку, на якое збіраліся ўсе жыхары ваколіцы — ад малога да старога — у Слуцку наведаў Зыгмунт Абрамовіч: «Адкуль у гэтых стомленых людзей, у гарачую пару лета, калі дыхнуць мала часу, столькі жадання ісці іншы раз некалькі вёрст да мястэчка, сядзець у цеснаце і духаце прымітыўнай залы на нязручных, спехам збітых лаўках? Што прымусіла гэту вялікую «грамаду» людзей наведваць беларускія спектаклі?». Абрамовіч быў настолькі ўражаны, што пайшоў акцёрам да Буйніцкага.
У лютым 1910 года ў Вільні ладзілася першая публічная беларуская вечарына. Хор пад кіраўніцтвам Людаміра Рагоўскага, спектакль, падрыхтаваны Аляксандрам Бурбісам, а ў завяршэнне — выступленне танцавальнага калектыву Буйніцкага, якое выклікала сапраўдны фурор у залі. Паўліна Мядзёлка ўзгадвала: «Зняможаныя больш як самі танцоры, ап’янелыя ад моцнага ўражання, людзі нехаця пакідалі залу». Гэты поспех засведчыў з’яўленне «Першай беларускай трупы» або «Тэатра Ігната Буйніцкага».
Буйніцкі вырашае распачаць гастрольную паездку, у чаканні губернскага дазволу на якую яго калектыў праводзіць рэпетыцыі ў набытым Ігнатам у крэдыт маёнтку Палівачы. Тут было пабудавана спецыяльнае драўлянае памяшканне, у якім мелася не толькі сцэна, але і лавы для гледачоў. Спачатку калектыў складаўся «з шасці пар», але паступова вырас да 12 танцавальных пар, 15 акцёраў і 13 харыстаў, якіх аб’ядноўвала «пачуццё абавязку перад абяздоленай Бацькаўшчынай». Прычым у яго выступленнях удзельнічалі шматлікія беларускія дзеячы, напрыклад, Цётка і Алесь Бурбіс.
Афіша выступлення 1913 года ў Варшаве
«Памяць Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх»
Нарэшце, летам 1910 года Буйніцкі са сваімі акцёрамі выпраўляецца з турам па гарадах Беларусі, за якім уважліва сачыла газета «Наша Ніва». У жніўні ў ёй з’явілася паведамленне пра выступленне ў Дзісне: «Дзісна ня помніць такога збору народу. Інтэлігенцыя і просты народ усе шчыра віталі беларусаў, магучая ідэя нацыянальнага адраджэньня гарачымі праменьнямі сваімі ўсіх абагрэла, усіх з’яднала, разварушыла застыгшыя сэрцы, заіскрыла выцьвяўшы ад сьпекі вочы і першае роднае слова са сцэны вітана было не аднэй сьлязой». Затым быў Полацк, аб чым карэспандэнт газеты Власт пазначыў: «Вокляскам канца не было: грымела гудзела ўся саля, як лежэнь з ройнымі пчоламі… Тэатр беларускі становіцца ўжо, дзякуючы заходам і рупнасьці дзядзькі Ігната Буйніцкага на цьвердыя падваліны і выплываюць усё новыя і новыя сілы. За гэтыя стараньні і рупнасьць шчырае дзякуй яму, a калісь, калі прабудзецца сьвядомасьць ува ўсім беларускім народзе, памяць Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх».Уражаны здольнасцямі і дасягненнямі Буйніцкага, Янка Купала прысвячае яму адзін з вершаў:
Важна рэй Ігнат Буйніцкі
Ў танцах нашых водзіць,
Аж здаецца — усё чыста
Хадыром зь ім ходзіць.
Калі пусьціцца скакаці, —
Ажна сэрца скача;
Лепшых танцаў і ўвесь Піцер
Бадай што ня бачыў.
Ці «Мяцеліца», ці «Юрка»,
«Мельнік», ці «Антошка», —
Ўсё ў яго сыходзіць гладка,
Не змыліць ні трошка.
Пад дуду і пад цымбалы
Топне, прысьпявае...
Сьцеражыцеся, ўсе людзі:
Беларус гуляе!
Не ўнімайся ж і скачы нам,
Покі сілы хваціць,
Мо пачнуць і думкі нашы
Весялей скакаці!
«Брава, брава, беларусы!»
Затым калектыў наведаў сталіцу Расійскай імперыі, дзе стаўся сапраўдным адкрыццём. Адзін з відавочцаў іх выступлення ў Пецярбурзе запісаў: «Як выйшаў Буйніцкі са сваімі танцорамі і сялянамі — дударом, цымбалістам і скрыпачом — беларусамі, — па-простаму паварочваючыся, дык гэта адразу прынялі ўсе з захапленнем. А калі Буйніцкі з дачкой пайшоў «Лявоніху», а за ім чарада хлопцаў з дзяўчатамі, як пачалі прытупваць, падскокваць, дык уся публіка, тысяч восем народу, як ударыла ў далонькі, як закрычала «брава, брава, беларусы!». Ніколі і нідзе не бачыў, каб гэтак што спадабалася… пецярбуржцам, як беларускія танцы… Потым публіка распытвалася… скуль і якія гэта беларусы з’явіліся? Бо раней іх не чуваць было!»
Выступленні калектыву ўяўлялі сабою не толькі тэатральную пастаноўку з танцамі. Іх Буйніцкі разбаўляў вершамі беларускіх паэтаў, якія браў са старонак «Нашай нівы». А завяршалася ўсё тым, што кожны з прысутных у залі мог сам паўдзельнічаць у танцах з акцёрамі.Да таго ж сам Буйніцкі, які сваёй галоўнай мэтай бачыў бясплатна несці асвету і культуру беднаму гледачу-селяніну, імкнуўся да развіцця сваёй справы і стварэння мясцовых калектываў у гарадах і мястэчках Беларусі, для якіх ладзіў заняткі і нават пакідаў матэрыялы з уласнага рэпертуару.
Буйніцкі жыў на сцэне, аб чым сведчаць успаміны яго акцёраў. Так, І. Глогер адзначаў: «Ігнат Буйніцкі быў сярэдняга росту, чорнавалосы, з сівымі скронямі. Танцаваў заўсёды «з сэрцам». Акцёрам танцы паказваў сам, музыкам мелодыя таксама напяваў сам. Займаўся трупай стала і ўзімку, і ўлетку…». А З. Абрамовіч, лічыў, што «Ігнат Буйніцкі перш за ўсё быў да мозгу касцей танцор…»
Афіша выступлення 1912 года
Памёр падчас танца
У 1913 годзе калектыў Буйніцкага спыніў сваю дзейнасць. Прычынай таму былі матэрыяльныя праблемы, паколькі продаж білетаў пакрываў толькі частку ўсіх выдаткаў. Асноўны цяжар клаўся на кішэню Буйніцкага. Да таго ж расійскія газеты ў паклёпніцкіх матэрыялах усё часцей звярталі ўвагу на выкарыстанне «мужыцкай» мовы і «прымітыўнасць» рэпертуару беларускага тэатру, які лічылі нічым іншым, як «польскай інтрыгай».Буйніцкі вымушаны быў прадаць маёнтак у Палівачах і пераехаць у суседнія Празарокі, дзе заснаваў крэдытнае таварыства. З пачаткам Першай сусветнай вайны ён удзельнічаў у дабрачыннасці на карысць беларускіх бежанцаў, дапамагаючы віленскаму таварыству «У дапамогу фронту». А пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года быў адным з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, якое ў 1920 годзе стала асновай для Дзяржаўнага беларускага тэатра. Доўгі час у ім захоўвалася світка Буйніцкага, якая перадавалася лепшаму выканаўцу яго роляў.
У 1917 годзе ён трапіў на Заходні фронт, пад Маладзечна, дзе падчас падрыхтоўкі выступлення салдацкай самадзейнасці яму стала дрэнна, і 22 верасня ва ўзросце 56 гадоў ён памёр ад тыфу ў шпіталі каля мястэчка Гарадок. Захавалася нават прыгожая легенда, што Ігнат Буйніцкі памёр падчас танца. Ён наказаў пахаваць яго ў родным маёнтку, у трох соснах. Але калі родныя дочкі цягніком прывезлі цела бацькі ў Палевачы, у спустошаным вайной краі іх нават не было каму сустрэць.
Памяць пра «бацьку беларускага тэатра» працягвае жыць. Верым у тое, што, нарэшце, надыдзе час, калі «памяць Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх»!