Ігар Бабкоў: Беларусь сёння — гэта «лабараторыя будучыні» для ўсяго чалавецтва

Наша размова з філосафам і літаратарам Ігарам Бабковым адбылася ў цэнтры Мінска ў адным з кафе на праспекце Незалежнасці. Мы шукалі прастору культавай кавярні 1980-х «Хвілінка», якой спадар Ігар прысвяціў свае апошнія кнігі, — ды мелі ў гэтым поспех. Але «Хвілінка» не з’яўлялася для нас самамэтай, яна, хутчэй цікавіла як часавы партал, патрапіўшы ў які з асаблівай яснасцю можна ўбачыць мінулае, цяперашняе і, магчыма, будучае. Цікавілі — часы нашых апошніх узрушэнняў — беларускай рэвалюцыі і яе новых формаў. Ці змяніла яна нашу свядомасць? І чаго чакаць далей? Калі ўлічыць, што Ігар Бабкоў — не толькі паэт і творца, але і буддыст, выкладчык, акадэмічны філосаф, то асабліва цікава было пачуць яго разважэнні на гэты конт.

Спадар Ігар, наша размова адбываецца ў той момант, калі прайшло паўгады са жнівеньскіх падзей, і пасля драматычных і яскравых лета і восені наступіла цяжкая зіма. Хуткай перамогі не здарылася, беларусы, што апошнія месяцы так палымяна адстойвалі свабоду, трапілі ў пэўную паузу, прастору невядомасці. Ёсць падставы і для разгубленасці, роспачы — махавік рэпрэсій падмінае пад сябе ўсё больш і больш людзей. Але ёсць разуменне, што неабходна зрабіць пэўныя высновы, каб рушыць далей. Маё пытанне надта глабальнае для пачатку, але як ёсць: што, на вашу думку, з намі ўсё ж адбылося, ці будзе працяг беларускай рэвалюцыі?

— Мне падаецца, усё, што мы бачылі дагэтуль, толькі бліскучы яе пачатак. Да таго ж, разгубленасць сёння — не галоўная і не адзіная супольная эмоцыя. Большасць усё яшчэ натхнёная і захопленая вірам гісторыі, які раптам вярнуўся і задаў зусім іншы маштаб і іншую оптыку. Некаторыя — у здзіўленні і роздуме, бо прызвычаіліся да краіны як да «чорнай дзюркі», адсталай, апатычнай, шэрай, якую «няма за што любіць», — а атрымалі каляровую карцінку а ля галівуд: рэвалюцыя, паўстанне, героі і каты. Шмат хто ў гэтую восень выбраў і выгадаваў у сабе мужнасць: вырашыў стаяць да канца, колькі б не спатрэбілася часу і чаго б гэта не каштавала. Менавіта з гэтымі эмоцыямі на нашых вачох творыцца беларускі эпас: штодня мы бачым важныя падзеі, што без сумневу застануцца ў гісторыі. Герояў за працай. Нараджаецца новая беларуская рэальнасць, і адпаведная ёй культура вялікага стыля.

На ваш думку, разгубленасці няма?

— Разгубленасць таксама ёсць, але паўстае яна з іншых прычынаў. Мы толькі зараз пачынаем усведамляць усю мізэрнасць улады. Усю яе небяспеку для чалавека. Усю гульню на паніжэнне, на гадаванне самых прымітыўных, самых нізкіх сацыяльных рэфлексаў. Неабходнасць трымаць яе ў рамках: прававых, этычных, грамадскіх. Пачынаем разумець, што адбываецца ў грамадстве, калі ўлада сябе з іх «вызваляе».

Другая прычына разгубленасці — натуральныя эмацыйныя рытмы. Асабістыя і калектыўныя. Як у жыцці ёсць удых і выдах, рух і нерухомасць, так і мы пасля каласальнага выбуху энергетыкі, што здарыўся летась, абсалютна натуральна патрапляем у паузу. Адрэналін сканчаецца.

Ёсць у гэтым, дарэчы, і плюсы. Нарэшце, можна аддыхацца, агледзецца. Паспрабаваць зразумець: што гэта было, куды ісці далей, якія рэчы адбываліся ў рэальнасці, а якія толькі ў нашым уяўленні.

Толькі зараз, можна сказаць, у нас з’явілася прастора, з якой можна запытацца пра ўсё гэта. Прастора, у якой можна думаць. Каб знайсці правільныя словы для апісання таго, што з намі адбываецца.

— Што бачыцца вам з гэтай прасторы?

— Варта заўсёды трымаць у галаве агульны сюжэт: двубой грамадства і звар’яцелай улады. У якім асноўная задача грамадства — абмежаваць уладу, выпрацаваць механізмы ўплыву, уздзеяння, кантроля. Вяртання яе ў прававое поле. Гэта важна разумець: мы змагаемся не за тое, каб проста «скінуць дыктатара». А за тое, каб грамадства мела «права на паўстанне», калі такі дыктатар прыходзіць.

Адсюль, з гэтай перспектывы, усё бачыцца ў доўгім часе, і крыху па-іншаму. Напрыклад, тое, што мы перажываем сёння, гэта зусім не спад і не расчараванасць, не сыход і не параза, а спроба перавесці некаторыя рэчы, якія паўставалі спантанна, у рэжыме цуда і феерыі, у пэўныя алгарытмы, руцінныя дзеянні. У грамадскія інстытуцыі й культурныя коды.

Паглядзіце. Напачатку ўсім было істотна адчуць сябе большасцю, зразумець, што нас многа, адчуць у сабе нацыю — і збіраліся неверагодныя стотысячныя маршы. Асноўныя іх эфекты — не столькі палітычныя, колькі этычныя і сімвалічныя. Маршы (выступленні, адкрытыя лісты) зрабілі нас бачнымі не толькі ў краіне, але і ў свеце. Вярнулі сімвалы. Далі грамадству пачуццё аўтаномнасці і самадастатковасці. Вярнулі грамадзянскую мужнасць. Я не сумняюся, што словы Рамана Бандарэнкі «Я выходжу» будуць фігураваць у школьных падручніках як сакральная формула, як покліч да нязгоды, паўстання супраць хлусні і гвалту ад якой-колечы ўлады. Улада кідае ў турмы ўсё новых і новых паўстанцаў, — і творыць тым самым палітычную партыю «23.34», супольнасць агульнага лёсу, грамадзянскую эліту будучыні.

— Што далей?

— Далей мы бачым, як нараджаюцца дваравыя і лакальныя супольнасці, якія працягваюць дзейнасць ужо ў іншым фармаце. Большасць падзяляецца на часткі, становіцца чымсьці канкрэтным, складаецца не з абстрактнага народа, а з адзінкавых людзей і іх штодзённых дзеянняў. Адпаведна запатрабаваныя новыя інструменты: чаты, сацыяльныя сеткі, анлайн-платформы, якія дазваляюць камунікацыю і каардынацыю. І туды ўладзе ўжо не дацягнуцца. Камунікацыя пачынаецца паміж самымі рознымі стратамі грамадства: бізнесам і багемай, вёскай і горадам. Гэта ўсё працягваецца і зараз, яно нікуды не сышло і ўжо не сыйдзе.

У працяг рэвалюцыі частка дзяржаўных чыноўнікаў сыходзіць і распачынае пабудову «альтэрнатыўных інстытуцый». Віртуальную дзяржаву. Вільня і Варшава даюць ім месца і абарону, нават коштам тактычных стратаў, і беларускі народ гэта ніколі не забудзе. У гэтую сетку інтэгруюцца фонды і бізнэсы, прадстаўнікі палітычных партый і прыватныя асобы.
Зараз відавочна наступіла наступная стадыя. Стварэнне з гэтага ўсяго адзінага, структураванага і мабілізаванага арганізма. Назапашванне рэсурсаў: фінансавых, арганізацыйных, інтэлектуальных. Выпрацоўка новых формаў уздзеяння на ўладу.

Самае дзіўнае і цікавае: ва ўсім гэтым відавочна няма аніякага плана, адзінага кіраўніка, але пры гэтым ёсць логіка і паслядоўнасць. Мы бачым, як на базе таго, што Генадзь Коршунаў назваў гарызантальнай сацыяльнасцю, нараджаецца агульны розум. Супольная, сумесная рацыянальнасць. Калектыўная і таксама гарызантальная, размеркаваная па ўсёй сацыяльнай прасторы.

Калектыўны розум? Якім чынам ён сабе праяўляе?

— Калі пачынаеш сачыць, як людзі рэагуюць на падзеі ў тых жа сацыяльных сетках, на першы погляд, усё выглядае поўным хаосам. Дурдомам. Кожны гаворыць сваё, асабістае. Свайму колу сяброў. Але, дзіўная рэч, рэчаіснасць, у выніку, выбірае нейкія сярэднія, узважаныя рашэнні. Нібыта ёсць нейкі алгарытм, штучны інтэлект, які ўсіх пачуў, адсек скрайнія варыянты, і выкрышталізаваў можа не найлепшае, але самае верагоднае. Мне падаецца, што гэта рэч, якой не было раней. У сацыяльнай рэальнасці. У грамадстве. Той самы калектыўны розум, які сфарміраваўся ў выніку нашых дзеянняў. І ў гэтым няма аніякай містыкі.

Мы жывем сёння ў свеце, у якім камунікацыі больш не ідуць толькі ўніз альбо ўгору. Імі працятае ўсё грамадзтва, ва ўсіх кірунках. Сёння ўсе ўплываюць на ўсіх. І менавіта з гэтага паўстае пэўны тып індывідуальных, і адначасова супольных, калектыўных дзеянняў. Якія ня маюць кіравання, але маюць кірунак. У беларускім грамадстве ўсё гэта выйшла навонкі, стала бачным, заўважным. Праявіла сябе як беларуская рэвалюцыя.

І тут мы маем адказ на вашае пытанне «што з намі адбываецца?». Беларусь міжволі стала лабараторыяй новай сацыяльнасці. А рэвалюцыя, у якую мы ўвайшлі, зрабіла гэтыя працэсы бачнымі не толькі ў беларускім маштабе, але і ў сусветным. Беларусь сёння — ёсць лабараторыяй будучыні, у якой шукаюцца адказы на самыя важныя пытанні сучаснага жыцця. Як аказалася, у гэтых адказах маем патрэбу не толькі мы, але і ўвесь свет.

Цікава. І што з намі адбываецца ў гэтай лабараторыі?

— Па-сутнасці, наша грамадства сёння спрабуе абмежаваць, прыручыць, утаймаваць звар’яцелую уладу. Намацаць шляхі да незалежнага, аўтаномнага дзеяння і існавання. Яно пачынае браць на сябе тыя функцыі, якія ўскладваліся традыцыйна на дзяржаўныя інстытуцыі. Я кажу не пра ўладу, а менавіта пра інстытуцыі. Бо беларуская ўлада ў 2020 годзе была настолькі недалёкай, настолькі неадэкватнай, што здолела завесці ў тупік і дзяржаву, і грамадства. У выніку грамадства абудзілася, і само пачало распрацоўваць інструменты, з дапамогай якіх здольнае выжыць. Ці можа грамадства, сапраўды, само па сабе, без дапамогі тых самых дзяржаўных інстытуцый, іншых знешніх сілаў знайсці ў сабе «антыдоты», «вакцыны» супраць разнастайных «вірусаў», якія яму пагражаюць?

Як высветлілася, гэтыя пытанні сталіся важнымі не толькі для нас.

Хоць падаецца, што гэта наш асабісты выклік. Чаму, на ваш думку, гэта так важна для ўсяго свету?

— Улада вар’яцее паўсюль, і гэта, на жаль, не метафара. Для старых, дэмакратычна ўсталяваных краін Захаду апошнія гады былі часам крызаў і выпрабаванняў. Раптам выявілася, што сярэдні клас, які быў апірышчам і грунтам дэмакратыі, пачаў кудысьці знікаць, размывацца. Гэтыя працэсы распачаліся ў семідзесятых, але ў апошнія дзесяцігоддзі сталі відавочнымі для ўсіх. Потым стала зразумелым, што глабалізацыю выйграў Кітай, што посткамуністычная Усходняя Еўропа незадаволеная роляй перыферыі, эканамічнай і інтэлектуальнай. Фінансавая крыза 2008 года, тры крызы Еўрасаюза (еўра, уцекачы, дэмакратычная нелегітымнасць інстытуцый). Трамп у ЗША. Усё апынулася не так беспраблемна, як усім падавалася у 1990-я. І на гэтым тле паўстала небяспека мутацыяў улады, яе «алігархізацыі», пераходу ў «ручны рэжым», замыкання элітаў на саміх сабе. І як непазбежная рэакцыя — паўставанне правага папулізму на Захадзе. Антыэлітыскага, антыліберальнага, патэнцыйна дэструктыўнага для таго баланса дзяржаўных інстытуцый і грамадзянскіх свабодаў, якім Захад справядліва ганарыцца.

Глабальны фінансавы капіталізм пераконваў усіх, што ўсё адбывацца і адбудзецца само сабой, — «таму што прагрэс і аб’ектыўныя законы рынка». А вось, аказалася, што не само сабой! І беларускі кейс, які нібыта, з аднаго боку, цалкам лакальны, паўсталы на нашай глебе, у гэтым кантэксце выглядае цалкам іначай. У нашым выпадку мы маем абсалютную рэгрэсію ўлады, яе мутацыю да базавых, «жывёльных» формаў. І такое ж радыкальнае паўстанне грамадства, якое пачынае выпрацоўваць антыдоты, знаходзіць тэрыторыі свабоды, засноўваць новыя інстытуцыі, адстойваць іх, абараняць.

Мы знаходзіліся напрыканцы, а аказаліся наперадзе. З «чорнай дзюркі» ў глабальным коміксе Беларусь пераўтварылася ў тую самую лабараторыю будучыні. За працэсамі ў якой з трывогай і надзеяй сочыць увесь свет. Калі ў нас атрымаецца — а я не сумняюся, што ў нас атрымаецца! — у глабальным плане гэта будзе значыць пачатак зусім новага гістарычнага перыяду. Я сказаў бы так: жнівеньскае паўстанне, беларуская рэвалюцыя — гэта пачатак новай гісторыі.

Спадар Ігар, гэта гучыць вельмі натхняльна, і я часткова з вамі пагаджуся. Але ўсё ж дазвольце мне з гэтых глабальных вяршыняў апусціцца на зямлю. Па-сутнасці, істотна зніжаючы пафас нашай гутаркі, я звернуся да эмоцый. Толькі на гэтым тыдні прайшлі падзеі, якія зусім не прыбаўляюць аптымізму ў набліжэнні будучыні. Махавік рэпрэсій працуе на поўную моц. Колькі дзён таму аб’явіў галадоўку шахцёр Юры Корзун, па краіне ідуць бясконцыя затрыманні, звальненні і суды, выносяцца несправядлівыя прысуды. Выкарыстоўваючы ваш тэрмін, мне падаецца, наш калектыўны разум зараз проста вар’яцее ад таго, што адбываецца. Нас захлістваюць адмоўныя эмоцыі. Ці не падаецца вам, што тая прастора, пра якую вы кажаце, і якую на пачатку беларускаму грамадству ўдалося заваяваць, прысвоіць, сёння істотна звузілася?

— Гэта дзве розныя рэчы — калектыўныя эмоцыі, якія мы перажываем, і супольная прастора, у якой адбываюцца ўзаемадзеянні. Шчыра кажучы, я зусім не адчуваю, што прастора звузілася з-за таго, што пратэст сыйшоў з вуліцаў. Фізічная прастора на сёння абсалютна нічога не значыць! Асноўная прастора, якая можа звужацца альбо пашырацца, запаўняцца альбо спусташацца, — гэта прастора нашых магчымасцяў. Для супольнага, сацыяльнага дзеяння. А яна залежыць шмат у чым ад інструментаў, формаў, ад сацыяльнага ўяўлення. І яна зусім не звузілася, яна выбухнула! Беларусь сёння — гэта прастора, у якой няспынна паўстаюць і тэстуюцца новыя формы. Некаторыя адкідаюцца, іншыя застаюцца.

Але калі звярнуцца да эмоцыяў, тут таксама ўсё няпроста. Тыя адмоўныя эмоцыі, пра якія вы гаворыце, надзвычай важныя. І можа быць яны не зусім і адмоўныя. Я адчуваю іх таксама, але хутчэй як калектыўны катарсіс, які змёў, і працягвае вымятаць увесь той рэкламны трэш, якім нас напаўнялі нашыя цудоўныя медыі дзесяцігоддзямі.

Увогуле, калі разглядаць эмацыйны складнік беларускага грамадства, то жнівеньскае паўстанне і беларуская рэвалюцыя зрабілі з намі ў гэтым плане каласальную рэч. Яны вычысцілі нашу свядомасць ад дурнога спектаклю, які так засмечваў нас апошнія гады. Рэвалюцыя дазволіла грамадству выйсці на іншую эмацыйную «хвалю».

— Што вы маеце на ўвазе?

— Давайце прыгадаем, за што спаборнічалі многія беларускія, рэгіянальныя, і сусветныя медыя апошнія дзесяцігоддзі? Як зачапіць эмоцыі чытачоў, слухачоў. Як знайсці новыя спосабы «трыгернуць», «націснуць на піпачку». Бясконцыя аўтарскія калонкі з бессэнсоўнымі «я шчытаю». Дурацкія загалоўкі, фэйкі, гісторыі «ні пра што». Было адчуванне, што мы проста патанулі ў трэшы. Людзі пачалі адключацца. Не верыць не толькі журналістам, але не верыць нікому. Я ўжо не кажу пра ўладу, — усе астатнія спаборнічалі ў тым, каб ператварыць нашу свядомасць, нашы душы ў кантэйнер для смецця.

І тут раптам высвятляецца, што ёсць, сапраўды, істотныя, экзістэнцыйныя, важныя для ўсіх рэчы. Што чалавечая эмоцыя — гэта зусім не драбяза, і не тое, за што мы можам беспакарана торгаць.

Напрыклад, страх і трывога, калі толькі прыйшоў вірус. Усе пачалі баяцца выходзіць на вуліцы. Гэты страх падштурхнуў людзей дапамагаць адзін адному. Далей. Напрыканцы чэрвеня ці ліпеня гэты страх перед вірусам узмацніўся да такой ступені, што… знік. А потым, гэты ўжо зніклы страх шмат у чым паспрыяў жнівеньскім падзеям: калі грамадства адчула і пачало перажываць несправядлівасць, падман, змянілася стаўленне да магчымых рызыкаў. Ужо не «як жа выйду на вуліцу, калі там такое адбываецца! «, а «перажылі вірус, як небудзь і вашы дубінкі перажывем». Гэтае цалкам новая гатоўнасць прыняць страх і рызыкі, упусціць іх у сваё жыццё і пераадолець — вось галоўнае «паліва» беларускай рэвалюцыі.

Не буду з вамі спрачацца ў гэтым плане.

— Акрамя гэтага, адбыўся класічны «перанос» рацыянальнасці.

Паглядзіце. Да гэтага часу прастора нашай палітыкі, а крыху і грамадскіх ініцыятываў была прасторай, дзе людзі хутчэй шукалі і здабывалі рэсурсы, чым іх укладалі. У нас нават сфарміраваўся клас прафесійных палітменеджараў, для якіх падобная стратэгія стала формай існавання. (Кажу зараз не ў якасці папроку, а чыста як факт). Гэтыя людзі рабілі стаўкі, але пераважна чужымі грашыма.

І тут прыходзіць беларускі бізнес, на чале з такой дзіўнаватай постаццю як Віктар Бабарыка, прыходзіць і пачынае «гуляць на свае».

Вядома, я разумею, што было шмат дадатковых рэчаў, пра якія мы не ведаем. Але сам кураж, настрой, з якім Бабарыка і яго каманда прыйшлі ў палітыку, былі зусім іншымі, чым у «палітыкаў па рабоце». Бабарыка як сапраўдны бізнесовец намагаўся выйграць, — але пры гэтым ведаў, што можа прайграць. Ён сапраўды рызыкаваў сваёй маёмасцю, кар’ерай, жыццём.

— А Ціханоўскі?

— Таксама перанос, хаця й з іншай сферы. Чалавек-шоу, задача якога максімальна абудзіць публіку, раскатурхаць яе. Калі ж ён апынаецца на палітычным поле, маштабы і стаўкі вырастаюць шматкроць.

Думаю, напачатку і Ціханоўскі, і Бабарыка не да канца разумелі, што яны абуджаюць. «Як цікава, у групу падтрымкі запісалася дзесяць тысяч!». «Як цікава, на сустрэчу прыйшло пяцьдзесяць тысяч!». А далей усе пачынаюць разумець, што людзі не проста прыйшлі паглядзець. Што падымаецца народ, пачынаецца самая сапраўдная рэвалюцыя. А калі яна прыходзіць, ужо не істотна, кім ты быў да гэтага: кіраўніком «Белгазпрамбанка» ці хатняй гаспадыняй, дамаўляўся з расіянамі ці не дамаляўся, абяцаў супрацоўнічаць ці не абяцаў. Быў спойлерам альбо сапраўды планаваў выйграць… Рэвалюцыя надзьмувае цябе сваёй энергетыкай, і ты альбо прымаеш яе формы і ідзеш разам з ёй, у яе рытме, — альбо сыходзішь ціхенька ў бок.

За апошнія дзесяцігоддзі столькі было паліттэхнолагаў і экспертаў, якія падрабязна распісвалі і расказвалі што трэба зрабіць, колькі трэба сабраць грошай, каб усё атрымалася, а вось не было сапраўднага ўзрушэння. А беларускую рэвалюцыі ніхто не прадказваў, але яна прыйшла, захапіла і панесла наперад. І не апошнюю ролю ў гэтым сыгралі правільныя, праўдзівыя эмоцыі.

На вашу думку, такіх эмоцыяў не было, скажам, у час паўстанняў 2010-га, 2006-га гадоў? Плошча? Намётавы горад?

— Тыя паўстанні былі ўсё ж гульнямі на вельмі вузкай прасторы. Я бы сказаў, што яны засталіся выключна палітычнымі падзеямі. У часы, калі само палітычнае звузілася і засмярдзела. Пераўтварылася ў шоу, спектакль.

А тое, што мы маем сёння, гэта падзея геалагічная, геакультурная, падзея ў маштабе ўсяго грамадства, а не проста палітычнага класу. Так, у 2006 былі людзі, якія прыдумвалі планы, схемы дзеянняў, і мы можам ацэньваць, спраўдзіліся іх разлікі альбо не. Але па вялікім рахунку грамадства ў той час засталося назіральнікам. Гэтым жа разам яно пачало змяняцца, — менавіта грамадства стала рухавіком і стыхіяй, якая ўцягнула ў сябе і палітычных актывістаў, і людзей культуры, і нават частку ўладных элітаў. Таму мы й гаворым пра рэвалюцыю, а не палітычную кампанію ці сезон.

Не магу не адзначыць, што вы самі ўвайшлі ў склад Каардынацыйнага савету.

— Так, але, шчыра скажу, я не надта актыўны сябра. І прашу прабачэння за гэта. Мая задача — індывідуальная. Адчуваць, аналізаваць, думаць, а не распрацоўваць планы і дзейнічаць калектыўна. Зрэшты, на тым і палягае прыгажосць сучасных камунікацыяў, што як бы ты ні быў адасоблены фізічна, прадукты тваёй работы, твайго мыслення імгненна патрапляюць у сумеснае карыстанне.

Беларуская рэвалюцыя пацвердзіла тую рэч, што з сучаснымі тэхналогіямі можна змяняць хаду гісторыі. Магу заўважыць, што раней такіх тэхналогій не было: ні ў 2006, ні ў 2010 годзе. Але адрозненне беларускага кейса ад падобных у свеце, паўтаруся, у тым, што побач з тэхналагічным складнікам ідуць новыя эмоцыі. Новыя ўтопіі, новыя калектыўныя патрабаванні, новыя сэнсы чалавечага жыцця. Гэта якраз тое, у чым сёння найбольш мае патрэбу чалавецтва. І ў гэтым сэнсе Беларусь, паўтаруся, — лабараторыя будучыні.

Добра, калі зараз на нашым боку большасць і новыя ідэі, чаму не адбываецца карэннага пералому?

— У гэтым пытанні галоўнае — зразумець, што такое «карэнны пералом». І апазнаць яго, калі ён усё ж такі надыйдзе. Таму што часавы адцінак — даўжэйшы, і стаўкі значна большыя.

Калі перафармуляваць ваша пытанне на больш канкрэтнае — «калі гэтая ўлада нарэшце зменіцца?», то мой адказ будзе такім: толькі калі мы зразумеем яе «логіку» і яе «палітэканомію». І калі мы здолеем ёй растлумачыць яе доўгатэрміновыя інтарэсы.

Тут, дарэчы, мы пераходзім да вельмі важнай тэмы, якая абсалютна не абмяркоўваецца ў беларускім кантэксце: што ўсё ж такі адбылося з беларускай уладай? Чаму яна звар’яцела і прыняла ў якасці асноўнай гіпотэзы прычын беларускай рэвалюцыі тэорыю змовы? І як вярнуць яе ў прытомнасць? Бо задача пратэстаў — не заняць месца ў палацах і самім камандаваць АМАПам і войскамі. Задача пратэстаў — прывесці ўладу ў прытомнасць, навучыць паводзіць сябе па-людску.

Навучыць, зрэшты, адказнасці. Не толькі перад законам і людзьмі, але і перад беларускай нацыяй. Гэта значыць, перад мінулым і будучыняй.

Дарэчы, як вы ставіцеся ў цэлым да тэзы «нацыя»? Гэта ўсё ж паняцце ХІХ стагоддзя.

— Тэза пра «нацыю» як канцэпт ХІХ стагоддзя з таго ж шэрагу, што і ідэя «само сабой». Гэта комікс пачатку 1990-х, для бедных. Тады шмат хто расказваў, што мы цывілізацыйна спазніліся, у тым ліку і з нашым нацыянальным праектам. І што гэта назаўсёды. Пра гэтае «канцэптуальнае прасцяцтва» сёння напісана дзясяткі манаграфій, я не буду іх пераказваць.

З нацыяй усё насамрэч вельмі проста. Чыстая сацыялогія, ніякай містыкі. Нацыя — праект. Супольнасць «на маршы гісторыі». І яе эвалюцыя (нацыягенез) не сканчаецца ніколі. І ў гэтым сэнсе нацыя — гэта штодзённая работа, ці, як сказаў Рэнан, штодзённы плебісцыт.

Кожная нацыя — старая ці новая — вымушана штодня змяняцца. Штохвіліну прыдумваць сябе нанова. Праецыраваць сябе ў будучыню. Беларуская нацыя, якая паўстае крыху пазней за еўрапейскую норму, і ў асяроддзі агрэсіўна-каланіяльных суседзяў, яна проста іншая. Адрозніваецца ад нацый, якія паўставалі ў ХІХ-тым, і якія ганарацца сваёй сталасцю. Хоць чым тут ганарыцца? Я не зусім разумею.

Зрэшты, калі вы пачнеце расказваць беларускаму бізнэсу, што не мае сэнсу напрацоўваць свой уласны капітал, бо эпоха перашапачатковага накаплення ў Брытаніі была ў XVIII-XIX стагоддзі і скончылася, прадпрымальнікі палічаць вас за ідыёта. Яны, у адрозненне ад гуманітарыяў, ніколі не блытаюць сваё і чужое.

Так, з тэзай зразумела. Што ж адбылося з беларускай нацыяй за гэтыя апошнія паўгады?

— У 2020-м з беларускай нацыяй адбыліся неверагодныя рэчы.

Перш за ўсё — стыхійны плебісцыт, рэферэндум па сцягу і гімну (усміхаецца). Бел-чырвона-белы сцяг і пагоня былі вернутыя як нацыянальныя сімвалы.

Другое. Выявілася, што работа з культурай і ідэнтычнасцю, якая была праведзена за апошнія 30 год, дала свой плён. Доўгі час падавалася, што гэта работа для гурманаў, што тэксты, ідэі, культурныя прадукты будуць незапатрабаванымі, застануцца субкультурай. Але сёння мы разумеем, што высілкі сябе апраўдалі.

Ды і вяртанне суцінскай «Евы», зноў-такі, акт вельмі сімвалічны. Беларусы выбіраюць ідэнтычнасць, якая ўключае ў сабе і габрэйскую традыцыю, і польскую. А пасля такога прыгожага і шчодрага жэста Літвы, якая дала прытулак выгнаннікам, ясна, што і беларуска-літоўскі саюз можа быць адноўлены.

Цікавыя працэсы адбываюцца з мовай. Яны менш відавочныя, але тым ня меней. Яна відавочна патрапляе ў поле увагі, пачынае прысвойвацца, разумецца як сімвалічны цэнтр.
Агулам жа, і тут я цалкам згодны з Сяргеем Чалым, распачалася беларуская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Проста трэба памятаць, што прыметнік «буржуазны» гэта не пра эканоміку і не пра капіталізм. А пра горад. Буржуазія — гэта па нашаму месцічы. Беларуская гарадская цывілізацыя. Якая пачала ўладкоўвацца ў прасторы краіны, і ўладкоўваць гэтую краіну.

Ці можам мы зараз казаць пра тое, што беларусам у выніку апошніх падзей удалося такі знайсці сваю маску? Мне вельмі падабаецца гэта метафара з вашай кнігі «Хвілінка», бо падаецца, што яна ўключае ў сябе нашмат больш значэнняў, чым «твар», «ідэнтычнасць», «аблічча».

— Так. Паўстала нешта, што не толькі ўнутры супольнасці, але і за яе межамі беспамылкова апазнаецца як беларускі стыль. Беларуская рэвалюцыя размясціла гэты стыль на вялізарным экране, і сімвалічны капітал краіны вырас за некалькі месяцаў неверагодна. У выніку крышталізаваліся і сталі бачнымі беларускія дыяспары. А гэта важыць сёння значна больш, чым проста вайсковая магута ці эканамічная значнасць.

Маглі б вы апісаць гэты стыль?

Спакойная глыбіня, засяроджанасць. Годная прыгажосць простых, штодзённых рэчаў. Зацятае трыманне свайго, і ў той жа час адкрытасць і гатоўнасць прыняць да сябе ўсіх астатніх. Спробы разабрацца з традыцыяй — шматмоўнай, полікультурнай, з рознымі этнасамі і рэлігіямі. І ў той жа час адкрытасць у будучыню. Здольнасць марыць і праектаваць.

Канешне, мы памятаем, што нашыя заганы — «працяг нашых вартасцяў». Але важна, што мы пабачылі вартасці, — і яны задалі пэўную вышыню, планку.

Чаму на вашу думку паўстаў беларускі аўтарытарызм?

— Беларускі аўтарытарызм быў другім крокам. А першым — будзем пра гэта памятаць — была ўсё ж такі народная (і народніцкая) рэвалюцыя, што ішла з пачатку 90-х, і на першых выбарах змяла Кебіча і беларускую партнаменклатуру. А вось чаму пасля гэтага рэалізаваўся менавіта банапартысцкі сцэнар, з паўставаннем аўтарытарнай ўлады і прэзідэнцкага ручнога кіравання, гэта сапраўднае пытанне. Думаю, ён быў запраграмаваны (акрамя асабістых фактараў) тым слабым, дэзарыентаваным і дэнацыяналізаваным грамадствам 1990-х, якое было бедным і кідалася ў розныя бакі. Беларуская моцная дзяржава стала адказам на той выклік, яна шмат у чым паўставала як супрацьвага. Але зараз, калі грамадства вырасла, узмацнілася і пасталела, яно проста не мае патрэбы больш у такой уладзе і такіх інcтытуцыях. Я ўжо не кажу пра колькасць АМАПа, пра прадажных суддзяў, пра ўвесь гэты антураж тупога і нікому непатрэбнага гвалту. На маю думку, цяпер усе і глядзяць на гэта як на рудымент мінулага, на няшчасны хлявочак, які застаўся побач з густоўным домам тутэйшых жыхараў — беларускага народа.

Так і ёсць, але ў той жа час гэты «няшчасны хлявочак» па-ранейшаму «хапае» людзей, што выходзяць з «густоўнага дома»…

— Безумоўна. Ён здольны сапсаваць жыццё шмат каму, а ў кагосьці гэтае жыццё нават адабраць. Але тут мы вяртаемся да пачатку: беларускай рэвалюцыі, пратэстаў і гістэрыкі ўлады. Якая апошнія паўгады бегае па вуліцах і думае, у каго бы адабраць капейчыну, ці пасадзіць у РАУС. Расказвае ўсім, што «на нас напалі», і «мы не аддадзім». Пры тым, што ўсе разумеюць: тое, што здарылася, — гэта абсалютна натуральны вынік развіцця беларускага грамадства, — 1990-х, 2000-х, і 2010-х…

Самае крыўднае для дзяржаўных чыноўнікаў, што і гэты беларускі стыль, і буржуазная рэвалюцыя, гарадская цывілізацыя, па-сутнасці, рыхтаваліся ўсімі, у тым ліку і гэтай уладай. І ўся гэтая гістэрыка проста нікому не патрэбная.

Варта памятаць, самая вялікая пагроза для тых, хто ва ўладзе, насамрэч не натоўп і не страйкі, не бранявікі з рэвалюцыянерамі, а тыя вобразы і ролі, з якімі яны застануцца ў памяці народа. Уявіце сабе, што вас ужо не забудуць. Вы застанецеся ў нацыянальнай культуры: у падручніках па беларускай гісторыі, грамадазнаўству, беларускай літаратуры. Застанецеся з вашымі прозвішчамі. Як застаўся Мураўёў-вешальнік.

Некаторым з гэтай улады ўжо ўсё адно. Яны разумеюць, што сапсавалі сабе не толькі помнік, але і спакойную пенсію. Але некаторыя з кабінетаў усё яшчэ думаюць, што яны ў бяспечным зацішку. Ім хочацца сказаць: бяспечнага зацішка ўжо няма і больш не будзе ніколі. Грамадства прачнулася і глядзіць на вас уважліва, — і ад гэтага вока нікому не схавацца.

Спадар Ігар, мы сёння шмат казалі пра месца. Прастора паузы, з якой мы можам аглядзець тое, што з намі адбываецца, месца, якім стала Беларусь, буржуазія, як «бург», горад. Мы з вамі размаўляем у месцы, дзе раней было вядомае кафе «Хвілінка», пра якое вы напісалі кнігу. Напрыканцы мне хочацца спытаць пра ваша асабістае месца сілы: дзе яно?

— Я нарадзіўся ў горадзе, і прастора, у якой я адчуваю сябе сабой, — кавярня. Звычайна я думаю, пішу, усведамляю свае жыццё і жыццё іншых, сустракаюся з сябрамі і сяброўкамі, размаўляю з персанажамі, — у адной з менскіх кавярняў. Калісьці гэта была «Хвілінка», потым «Акварыюм». Потым з’явіліся дзясяткі цудоўных месцаў. Можна было вандраваць з кавярні ў кавярню, падбіраючы сабе асяроддзе пад настрой, працоўныя задачы, пару года. Вірус і рэвалюцыя, канешне, падкарэктавалі гэтую ідылію. Сёння я п’ю каву ў сваёй кватэры, на самоце. У спадзяванні на змены.

Але ёсць яшчэ адно месца. Больш дзіўнае і далёкае.

Мы з сябрамі больш за дваццаць год ходзім на байдах па беларускіх рэчках. Гэта не спартовыя вандроўкі, і нават не турысцкія, хутчэй метафізічныя. Каб пагаварыць каля вогнішча. Паглядзець на зоркі.

І вось аднойчы, шукаючы выйсце з нейкага возера, мы заплылі ў абсалютна магічную прастору. Гэта была пойма, вакол на кіламетры ва ўсе бакі трыснёг, водарасці, лілеі. Матылькі, стрыбаўкі, вадамеркі, вадзяныя павукі. Мы па інэрцыі працягвалі нейкую размову, але раптам спыніліся і заціхлі. Не дамаўляючыся. Гэтае месца выпраменьвала радасць, спакой, нейкае багацце і шчодрасць усяго жывога. Я ясна там адчуваў, што ўсё ў свеце мае свой сэнс. І матылькі са стрыбаўкамі былі ў гэтым са мной салідарны.

Дар’я Амяльковіч, „Reformation“