Гвалт, эміграцыя, падлеткавая цяжарнасць. Пра якія праблемы распавядае беларуская стужка “II”

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша пра праблемы беларускага грамадства, які былі ўзнятыя ў стужцы Улады Сяньковай "II".

На мінулым тыдні былі працягнутыя паказы беларускай стужкі Улады Сяньковай “II” (далей — “Два”), узнагароджанай мінулай восенню спецыяльнай згадкай журы Варшаўскага кінафестывалю і паказанай па-за конкурсам на “Лістападзе”. Твор выявіўся вельмі адкрытым па змесце — у ім гаворка ідзе пра жыццё і цяжкасці ўзаемадзеяння з навакольным светам школьнікаў правінцыйнага беларускага горада. Гэта выклікала жывы інтарэс у самых розных катэгорый гледачоў: журналістаў, сацыяльных актывістаў, простых людзей. І пакуль усе абмяркоўваюць мастацкія якасці “Двух”, мы хацелі б разгледзець цяжкасці беларускага грамадства, пра якія аўтары гавораць у сваёй стужцы.

Увага! Тэкст утрымлівае спойлеры і апісанне сюжэту, таму, калі вы не хочаце псаваць настрой, спачатку паглядзіце стужку.

Стыгматызацыя ВІЧ

Распаўсюд вірусу імунадэфіцыту чалавека застаецца галаўным болем для беларускіх медыкаў і міжнародных арганізацый кшталту UNESCA, зацікаўленых у яго спыненні. Па стане на 1 кастрычніка 2019 года ў краіне жыве крыху больш за 21,5 тыс. людзей з ВІЧ-статусам. На першым месцы па ліку інфікаваных знаходзіцца Гомельская вобласць, менш за ўсё хворых на Гарадзеншчыне. Па-ранейшаму ў большасці выпадкаў ВІЧ заражаюцца палавым шляхам — 81% ад усіх. Сярод тых, хто захварэў, траціна — жанчыны, дзве траціны — мужчыны.

І хоць паказчык захворвання ВІЧ у мінулым годзе знізіўся на 9,7%, праблема відавочна застаецца звышактуальнай для беларусаў, якія дагэтуль мала ведаюць пра захворванне і тое, як яно распаўсюджваецца і лекуецца. Гэты панічны жах перад захворваннем добра паказаны ў стужцы “Два”, дзе настаўнікі, даведаўшыся пра з’яўленне хваробы ў школе, пачынаюць актыўна мыць ці абеззаражваць рукі, хоць ВІЧ перадаецца толькі з крывёю. Не ў курсе аказваюцца і бацькі вучняў, якія лічаць, што хворыя на вірус старшакласнікі павінныя вучыцца ў спецыялізаваных школах. Насамрэч такіх дыскрымінацыйных практык у Беларусі не існуе, хворыя вучні атрымліваюць адукацыю ў звычайных школах.


Неабаронены сэкс і падлеткавая цяжарнасць

Менавіта сэкс без выкарыстання кантрацэптываў і імаверная цяжарнасць робяцца трыгерамі, які запускаюць асноўны канфлікт у стужцы. Кіно нездарма акцэнтуе ўвагу на гэтых праблемах: толькі паводле афіцыйных дадзеных СААЗ, штогод у свеце каля 17 мільёнаў дзяўчат ва ўзросце да дзевятнаццаці гадоў становяцца мамамі. Паводле дадзеных Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), узрост сэксуальнага дэбюту ў Беларусі ў дзяўчынак такі ж, як у Расіі, — 14 гадоў, у хлопчыкаў — 16 гадоў.

У Беларусі справы значна лепшыя — у 2018 годзе колькасць абортаў у дзяўчат, якія не дасягнулі паўналецця, склала 168 выпадкаў. У 2017 годзе 166 абортаў у дзяўчынак да 18 гадоў, у 2016-м — 208 выпадкаў. Спецыялісты кажуць, што цяжарнасць да 15 гадоў для беларусаў — гэта выключэнне з правілаў, якіх няшмат, але яны здараюцца.

Тое ж тычыцца кантрацэпцыі: паводле статыстыкі, больш за 90% падлеткаў ведаюць пра магчымасці абароны, аднак веды няякасныя, пра што кажуць медыкі.


Школьны булінг

Гвалт у школе становіцца другой важнай тэмай, якая ўзнікае падчас прагляду стужкі, што добра адлюстроўвае беларускую рэальнасць: праблему актыўна абмяркоўвалі летась, калі на відэа настаўніца гомельскай школы №15 пагражала ўдарыць непаслухмянага чацвёртакласніка партай. Дайшло да таго, што на бок настаўніцы стаў сам прэзідэнт, пракаментаваўшы, што сам бы “галаву б адкруціў шчанюку нейкаму”. Пасля ўчынку ў сеціве апублікавалі даследаванне UNICEF — Дзіцячага фонду ААН; паводле гэтага даследавання, Беларусь займае высокую пазіцыю ў сусветным рэйтынгу цкавання ў школах.

Паводле дадзеных апытання, праведзенага ў рамках падрыхтоўкі “Ацэнкі”, агрэсіі з боку адміністрацыі навучальных устаноў і/або з боку настаўнікаў падвергліся 7,1% вучняў 5-7 класаў інтэрнатных устаноў, 8,6% вучняў 5-7 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (да якіх належыць і 15-я школа Гомеля, дзе адбыўся інцыдэнт) і 26,7% вучняў 8-11 класаў інтэрнатных устаноў.

У “Ацэнцы” адзначаецца: “Кожнае другое дзіця, што навучаецца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, і два з пяці навучэнцаў ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі падвергліся гвалту ў школьным асяроддзі”.

Пры гэтым пра “булінг з боку аднагодкаў і старэйшых дзяцей паведамілі 53,3% вучняў 8-11 класаў інтэрнатных устаноў; 60,1% 5-7 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 82,1% вучняў 5-7 класаў інтэрнатных устаноў”. Відавочна, што гэтую праблему вырашаць карэнным чынам.


Стыгматызацыя ЛГБТіК

Згадваюць аўтары і тэму сэксуальных меншасцяў, як беспадстаўную (?) праяву булінгу ў дачыненні да аднаго з герояў-вучняў. Для рэальнай Беларусі праблема аказваецца вельмі балючай — у міжнародным рэйтынгу Spartacus Travel (складаецца для ЛГБТ-падарожнікаў) наша краіна за год апусцілася са 121-га на 137-е месца. Праз гамафобію мы аказаліся ў адной кампаніі з Бахрэйнам, Бурундзі, Грэнадай, Гаянай, Кот-д'Івуарам, Аманам, Парагваем і Сьера-Леонэ.

Рэйтынг складаўся па 14 крытэрах ў трох катэгорыях. Ацэньваліся грамадзянскія правы, напрыклад, ці дазволена геям і лесбіянкам уступаць у шлюб і ўсынаўляць дзяцей. Ацэньвалася, ці існуюць у краіне антыдыскрымінацыйныя законы ў дачыненні да трансгендараў, наяўнасць любых відаў пагроз для людзей па прыкмеце прыналежнасці да ЛГБТ-супольнасці. Напрыклад, вывучалася, ці дазволеныя ў краіне гей-прайды, а таксама стаўленне насельніцтва да супольнасці ў цэлым.

Даследчыкі лічаць, што шмат у чым зніжэнне пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу звязанае з заявамі прадстаўнікоў уладаў у дачыненні да гомасэксуалаў. У прыватнасці, гэта тычыцца публічнай пазіцыі былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, скандал з якім выбухнуў у 2018 годзе.


Адукацыйная эміграцыя

Героі стужкі таксама пасля школы ездзяць да рэпетытара польскай мовы, разлічваючы паступіць у польскую ВНУ. Гэта дэталь гаворыць пра высокі паказчык працоўнай эміграцыі, бо беларусы пачалі часцей з'язджаць на заробкі за мяжу. У першым квартале 2019 года ў пошуках працы ў іншыя краіны з'ехаў 2251 чалавек. Пра гэта паведамляе Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС. Для параўнання: за 3 месяцы 2018 года “па доўгі рубель” выехала на 64 чалавекі менш, а за першы квартал 2017-га — на 412 чалавек менш (у параўнанні з гэтым годам). З тэндэнцый — беларусы ўсё радзей выбіраюць расійскі рынак працы, а літоўскі і чэшскі — часцей.

За межамі краіны беларусы часцей за ўсё знаходзяць працу ў Расіі, на другім месцы па колькасці нашых працоўных мігрантаў — Польшча (527 чалавек супраць 686 у 2018-м), на трэцім — Літва (410 супраць 308). Пераважная большасць тых, хто выехаў на заробкі, складаюць рабочыя — 2148 чалавек. Больш за ўсё яны запатрабаваныя ў Расіі (917 чалавек), Польшчы (518), Літве (406) і Чэхіі (274). І чым горшай будзе сітуацыя з эканомікай, тым часцей маладыя беларусы будуць з'язджаць за кардон.

Тарас Тарналіцкі, budzma.by