Грошы БНР: фінансавы хаос і час авантураў

Здаецца, за часамі Грамадзянскай вайны свае грошы друкавалі “і жук, і жаба”: усе, ад банкаў наваствораных дзяржаваў да гарадоў, мястэчак і асобных атаманаў. Пра гэта ведаюць і гісторыкі, і калекцыянеры, і паспаліты люд, які глядзеў несмяротнае “Вяселле ў Малінаўцы”: “А, бяры ўсё, я сабе яшчэ намалюю!” – кажа падчас п’янага застолля Папандопула.

А што з БНР? На дадзены момант, як ні дзіўна, гісторыкам невядомыя ні грошы навастворанай рэспублікі, ні нават іх праекты. Як так сталася? І чым тады расплачваліся ў Беларусі з 1917 па 1920 год?

Рублі царскія і… нямецкія

Калі коратка, то сітуацыю з грашыма ў нашым краі на той час можна ахарактарызаваць як фінансавы хаос. Тэрыторыю Беларусі закранулі адразу некалькі грашовых арэалаў іншых дзяржаваў, таму абарот быў стракаты і найчасцей змешаны: царскія рублі, маркі, злотыя, карбаванцы і г.д. Але пра ўсё па парадку.

Хаос пачаўся яшчэ з 1916 года, калі Заходнюю Беларусь занялі немцы. Ужо тады сфармаваліся дзве грашовыя плыні: старыя царскія рублі і рублі… нямецкія, адмыслова выпушчаныя кайзераўцамі для Усходу. У 1918-м немцы яшчэ больш усё заблыталі, запусціўшы новую лінію акупацыйнай валюты – маркі.

Цікава, што на акупацыйных грошах немцы не пускалі “білінгвы” па-беларуску побач з нямецкімі надпісамі, хоць адпаведныя надпісы па-літоўску і па-польску былі. Яшчэ больш дзіўна, што ў нямецкіх пашпартах для акупаваных земляў па-беларуску ўсё ж пісалі – лацінкай, а вось на грашах – не! Мабыць, канфлікт і нестыкоўка ў працы ведамстваў і міністэрстваў. У дадатак да ўсяго гэтага спарадычна ў нас хадзілі і непасрэдна нямецкія маркі – як у Берліне ды Кілі. Адно што кайзераўцы не былі зацікаўленыя запускаць іх на Усход, каб не “заваліць” сваю фінансавую сістэму.

Мікіта Зносак – першы беларускі валютчык

Ва Усходняй Беларусі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году з’явіліся “керанкі” (у народзе іх называлі “ярлыкамі для піва” за маленькі памер 10 і 20-рублёвак і адсутнасць рэальнай вартасці). З пачаткам Грамадзянскай вайны пачало хадзіць… усё на свеце: кожнае мясцовае самакіраванне імкнулася надрукаваць свае грашовыя знакі. Так, напрыклад, у якасці грошай БНР часам выступаюць боны Слуцкага земства, якія хадзілі ў тым краі.

Найбольш вядомай літаратурнай інтэрпрэтацыяй фінансавага бардаку ў Беларусі тых часоў ёсць вобраз… купалаўскага Мікіты Зноска з “Тутэйшых”. Мала хто памятае, але Мікітка ў складаных умовах з “пажарнага разносчыка” перакваліфікаваўся ў валютчыка, увесь час спрабуючы памяняць рублі на маркі, маркі на злотыя, злотыя на рублі… і так да бясконцасці.

Паляванне на мільён

У суседніх “народных рэспубліках”, у прыватнасці ва Украіне, свае грошы такі стварылі: спачатку гэта былі карбаванцы (1 карбаванец = 1 царскі рубель), пазней – грыўні (1 грыўня = 0,5 карбаванца). Менавіта ва ўкраінцаў урадоўцы БНР і вырашылі ўзяць крэдыт для свайго стартапа – стварэння рэспублікі. Чаму так? Магчыма, больш ніхто б не даў. Так ці інакш, крэдыт быў на кругленькую суму: 1 000 000 карбаванцаў, лічы, мільён царскіх рублёў.

Гісторыя з гэтым крэдытам – адначасна найбольшы фінансавы поспех БНР і найбольшая параза. Невялічкую частку гэтых грошай урадоўцы здолелі даставіць у Беларусь наяўнымі ў 1919 годзе, рэшта аказалася раскіданай па еўрапейскіх банках. Нешта ў Германіі, нешта ў Аўстрыі… Так пачалося паляванне на грошы з боку палякаў і бальшавікоў. Апошнія, напрыклад, імкнуліся дабіцца замарозкі рахунку “неіснуючай” дзяржавы, каб адрэзаць БНР ад фінансавых патокаў…

Збольшага ўся гэтая гісторыя дагэтуль пакрытая туманам. Колькі рэальна атрымалася ўзяць на рукі? Хто браў? Як выкарыстаў? Вядома толькі, што частку гэтай “касы” немцы аддалі літоўцам на стварэнне антыпольскай партызанкі і барацьбы за Віленскі край. WTF, падумаеце вы. Беларусы, як выявілася, былі тут пры справах: гэтаму паспрыяў Вацлаў Ластоўскі, урад БНР пад кіраўніцтвам якога знаходзіўся ў Літве і не меў да палякаў цёплых пачуццяў.

Чамадан на гарышчы

Агулам адсутнасць грошай была ці не галоўнай праблемай БНР, бо за ёй караванам цягнуліся ўсе астатнія. Скуль узяць войска, якое няма чым карміць? Так атрымалася з Булак-Балаховічам, які быў гатовы ісці на службу БНР па запрашэнні Кастуся Езавітава. Езавітаў “бамбіў” урадоўцаў просьбамі даць грошай генералу, які неяк мусіў карміць і апранаць сваё войска, але без сэнсу, як аб сценку гарох. У выніку Балаховіч плюнуў і пайшоў да палякаў.

З Балаховічам і Езавітавым звязаная яшчэ адна фінансавая гісторыя. Пакуль “Асобны атрад” генерала яшчэ стаяў у Латвіі і рыхтаваўся да паходу ў Беларусь, Езавітаў прыдумаў надрукаваць наклад паштовых марак атраду, які б меў свабоднае хаджэнне па краіне. Наклад быў надрукаваны, але тут войска “бацькі-атамана” рушыла на Бацькаўшчыну, маркі ў чамаданах павандравалі разам з ім. Далей адысея Балаховіча працягнулася, маркі трапілі спачатку ў Берасце, пасля – да Алексюка, пасля – у Горадню, да авантурыста і агента ДПУ Сымона Якавюка…

Самае смешнае, што рулоны (!) з маркамі праляжалі на гарышчы Якавюка ў прыватнай хаце ў горадзе над Нёманам ажно да 1990-х, пакуль ягоны ўнук да іх не дабраўся і не пусціў гуляць па свеце філатэлістаў. Так маркі перасталі быць рэдкасцю, а арыгінальны набор “філатэліі” Балаховіча сёння можна набыць усяго за… 10 даляраў.

Падводзячы рысу пад глыбокай і размаітай тэмай фінансавага свету Беларусі часоў Грамадзянскай вайны, можна сказаць, што БНР была нядрэнным стартапам, якому не хапала адно грошай, каб механізм закруціўся і пачаў працаваць напоўніцу. З розных прычынаў грошы так і не з’явіліся ў належнай колькасці, а калі з’яўляліся хоць у якой, урадоўцы аддавалі іх не на войска, а на свае падарожжы, напрыклад, на Версальскую канферэнцыю, дзе іх па выніку ніхто не пачуў. Такая вось сумная гісторыя.

Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”


Тэгі: БНР