Гродзенскія школы назавуць у гонар вядомых беларусаў

Як паведамляе гарадзенскі рэгіянальны партал Hrodna.life, у гродзенскай вобласці ўстановам адукацыі вырашылі прысвоіць імёны людзей, якія зрабілі значны ўнёсак у гісторыю Беларусі.


Падобная традыцыя існуе ў Польшчы. На працягу навучальнага года школы, ліцэі і іншыя агульнаадукацыйныя ўстановы будуць шукаць інфармацыю, рыхтаваць праекты і музейныя экспазіцыі, прысвечаныя канкрэтным асобам. Ініцыятарамі новаўвядзення сталі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый.

Многія школы вырашылі назвацца ў гонар людзей, чыімі імёнамі названыя вуліцы, дзе яны размешчаны, расказалі на «Гродно Плюс». Школа № 40 абрала імя Віталя Крамко, № 20 — Лізы Чайкінай. Школы № 2, 33, 34 выбралі гродзенцаў: гісторыка і краязнаўцу Віктара Саяпіна, чэмпіёна-цяжкаатлета Аляксандра Курловіча і падпольшчыка Васіля Разанава. Гімназія № 5 спынілася на Уладзіміры Караткевічы, а ліцэй № 1 і гімназія № 7 — на беларускіх касманаўтах Алегу Навіцкім і Пятры Клімуку. 


01-15f8faf45433bcbb99212ab885b815dd.jpg

Гродзенскі краязнавец Віктар Саяпін


Гісторыкі: ініцыятыва цікавая, ініцыятыва супярэчлівая 

Гэта цікавая ініцыятыва, але ўжо добра вядомая для многіх краін свету, распавёў выкладчык гісторыі ў гродзенскай гімназіі № 1 Аляксандр Перагудаў. «Гэта падштурхне да папулярызацыі славутых імёнаў Бацькаўшчыны. Аднак хацелася б, каб ініцыятыва не абмяжоўвалася толькі найноўшай гісторыяй, а ўключала ўсе этапы беларускай дзяржаўнасці. І, вядома, ва ўстанове адукацыі павінна весціся адпаведная праца па мемарыялізацыі, справа далёка не толькі ў шыльдзе», — перакананы ён.

Іншы гродзенскі гісторык, краязнаўца Мечыслаў Супрон, лічыць ініцыятыву вельмі супярэчлівай. «З аднаго боку, шмат добрых імёнаў (Саяпін). З іншага — гэта ўсё звязана з пануючай ідэалогіяй, — пракаментаваў ён. — Пры сучаснай постсавецкай ідэалогіі будзе выкарыстана шмат імёнаў савецкага пантэона. Сапраўдных нацыянальных герояў кшталту Каліноўскага і Быкава, думаю, не будзе ў гэтым спісе». Падобная традыцыя існуе ў Польшчы. Кожная школа, пачатковая або ліцэй, акрамя нумара мае імя ў гонар заслужаных дзеячаў польскай гісторыі, літаратуры, навукі і гэтак далей, распавёў ён. «Гэта створана для ўзмацнення патрыятызму. У Польшчы патрыятызм — нацыятворчы. У сучаснай Беларусі патрыятызм уяўляе сабой сумесь нацыянальна-сялянскага з савецкім, прасякнуты ідэалогіяй 9 траўня і Кастрычніцкай рэвалюцыі», — мяркуе Мечыслаў Супрон. На цяперашнім этапе ён лічыць падобную ініцыятыву ў Беларусі немэтазгоднай.

Традыцыя называць школы імёнамі славутых людзей існавала ў Гродне да Другой сусветнай вайны. Была школа імя Стэфана Баторыя — яе называлі «батаруўка», школа імя каралевы Ядвігі, школа Адама Міцкевіча.


02-9729efa1cc1dccfd8d9bd1a3bc2e3a10.jpg

Будынак былой школы імя караля Стэфана Баторыя ў Гродне


Імёны школам дадуць ужо праз год 

У канцы гэтага навучальнага года камісія гарадскога аддзела адукацыі наведае экспазіцыі і сустрэнецца з вучнямі, пазнаёміцца з вынікамі падрыхтоўчай працы. Ці варта называць установу адукацыі ў гонар менавіта гэтага чалавека, вырашаць адмысловыя камісіі. У іх склад увойдуць прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў і ветэранскіх арганізацый.

Канчатковае рашэнне аб прысвойванні імёнаў прыме мясцовая выканаўчая ўлада летам 2022 года. 17 верасня 2022 года імёны ўстановам адукацыі дадуць ва ўрачыстай абстаноўцы на Кургане Славы.

У Гродне некаторыя школы і гімназіі ўжо носяць імёны гістарычных асоб. Напрыклад, імя Антонія Тызенгаўза ўжо носіць дзіцячая школа мастацтваў, гімназія № 1 названая ў гонар этнографа, даследчыка беларусаў Яўхіма Карскага, гімназіі № 9 — у гонар памежніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Феадосія Кірычэнкі, дзіцячая музычная школа № 1 носіць імя беларускага кампазітара Юрыя Семянякі, школа № 3 — героя вайны Віктара Усава.

hrodna.life