Гродзенскі дзіцячы хоспіс знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі

Грамадская дабрачынная арганізацыя «Гродзенскі дзіцячы хоспіс» з 20 жніўня знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Рашэнне тады прыняў Гродзенскі абласны суд. Інфармацыю пра гэта Hrodna.life знайшоў на сайце Адзінага дзяржаўнага рэгістра.


01-hospis-prazdnik-1.jpg

Аніматары ў Гродзенскім дзіцячым хоспісе. Фота: Hrodna.life


Дырэктар хоспіса Вольга Вялічка сама толькі нядаўна даведалася пра тое, што арганізацыя знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, распавяла яна Hrodna.life. Па словах Вольгі, у суд у жніўні позвай выклікалі толькі псіхолага Марыю Бразінскую. Нікога з кіраўніцтва не запрасілі. Праз два месяцы ў кіраўнікоў няма дакументаў аб рашэнні суда і невядома, хто прызначаны адказным за ліквідацыю. На пытанне аб далейшай працы і працаўладкаванні супрацоўнікаў Вольга адказала, што ў іх ёсць «План Б». Супрацоўнікі збіраюцца працягваць працу.

Супрацоўнікі хоспіса не хадзілі на судовыя паседжанні і не адсочвалі рашэнне суда. Аператыўна звязацца з дырэктарам хоспіса Вольгай Вялічка Hrodna.life пакуль не ўдалося. У калектыве знойдуць спосаб працаваць легальна, захаваць супрацоўнікаў і ўсё гэтак жа дапамагаць дзецям, раней казала яна Hrodna.life.


02-detskij-hospis-800x323.jpg

Гродзенскі дзіцячы хоспіс знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Скрыншот Hrodna.life


— План у нас просты — і далей працаваць для аказання дапамогі цяжкахворым дзецям і іх бліжэйшаму асяроддзю. Гэта раз. Другое: будзем удасканальваць свае навыкі ва ўмовах сацыяльна-палітычнага крызісу. І тры: будзем дзяўбці-дзяўбці-дзяўбці гэтую ўладу, якая забылася пра беларуса і яго патрэбы, — сказала Вольга Вялічка.

Хоспіс працуе ў Гродне з 2008 года. Там дапамагаюць цяжка хворым дзецям: аказваюць медыка-сацыяльную, псіхалагічную і духоўную дапамогу. Падапечным хоспіса ад 0 да 24 гадоў. Гэта людзі з анкалагічнымі і генетычнымі захворваннямі, з паталогіямі нервовай сістэмы. У хоспісе дапамагаюць ім і іх бацькам.

Па рашэнні суда хоспіс пазбавіўся памяшканняў на вул. Гагарына і ў Пышках. З падатковай інспекцыі прыйшло рашэнне: хоспіс павінен заплаціць падаткі з бязвыплатнай спонсарскай дапамогі, якую ім аказалі. У дачыненні да арганізацыі распачалі крымінальную справу за «крадзеж». Хоспіс наведалі з праверкамі санстанцыі і пажарныя. Дырэктарка Вольга Вялічка з’ехала за мяжу пасля пераследу.

hrodna.life