Гісторык заклікае выратаваць гарадзішча неўраў у Гомелі

Гомельскі гісторык, кандыдат мастацтвазнаўчых навук Яўген Малікаў заклікае выратаваць ад разбурэння гарадзішча мілаградскай культуры «Шведскую горку».


На электроннай гандлёвай пляцоўцы ўпраўленне капітальнага будаўніцтва аб’явіла адкрыты конкурс на «Праект забудовы мікрараёна № 59А ў Гомелі». Будаўніцтва мяркуецца ў непасрэднай блізасці ад помніка археалогіі. У апісанні лота не паказана, што меркаваны мікрараён будзе прымыкаць да гарадзішча жалезнага веку, у якога не вызначаны межы ахоўных зон.

Яўген Малікаў ужо напісаў зварот, які можна падтрымаць і ўслед за гісторыкам даслаць у адпаведныя ўстановы. «Зараз вельмі важна, каб кожны гамяльчанін, якому неабыякава захаванне гэтага помніка для наступных пакаленняў, напісаў зварот да мясцовых уладаў», — заклікае кандыдат мастацтвазнаўчых навук.

Шведская горка — гарадзішча жалезнага веку 6-2 ст. да нашай эры. Навукоўцы адносяць яго насельнікаў да мілаградскай археалагічнай культуры. Лічыцца, што «мілаградцы» адносіліся да балтамоўных народаў. Хутчэй за ўсё, менавіта яны былі носьбітамі днепра-окскай мовы. Ёсць меркаванне, што калі бацька гісторыі Герадот пісаў пра народ ваўкалакаў неўраў, то меў на увазе менавіта «мілаградцаў».

Падтрымаць зварот можна тут.

budzma.org