Вядомая беларуская паэтка Ларыса Геніюш (1910–1983) і яе муж Янка Геніюш у 1948 годзе былі арыштаваныя органамі МДБ. Ларысу Геніюш у Мінску дапытваў сам міністр дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава. Паэтка мужна вытрымала ўсе катаванні і допыты.
Лагерная паштоўка Ларысе Геніюш ад Васіля Супруна
Ларысу і Янку Геніюшаў 7 лютага 1949 года асудзілі на 25 гадоў кожнага. Пакаранне паэтка адбывала ў лагерах Інта і Абедзе (Комі АССР). Там жанчына смела паказвала прыклад фенаменальнай духоўнай трываласці, яднала вакол сябе не толькі беларусаў, але і вязняў іншых нацыянальнасцей, а таксама пісала вершы. Сярод вязняў Ларысу Геніюш клікалі Маці, яе вершы называлі глюкозай, завучвалі іх на памяць, як малітвы.
З Ларысай Геніюш у Інце і Абезе знаходзіліся тысячы людзей. Са многімі паэтка моцна сябравала, з іншымі — проста адбывала тэрмін да лепшых часоў. Шмат прозвішчаў тых людзей, якія прайшлі сталінскі ГУЛАГ, прыгадвае паэтка ў сваёй кнізе ўспамінаў «Споведзь». Сярод іх — Яўгенію Урублеўскую, якая перадавала «ксівы» тым, каму яны былі адрасаваныя.
Ларыса Геніюш
У «Споведзі» Ларыса Геніюш успамінае: «Пачалася перапіска. Тоненькія запісачкі насілі дзяўчаты, якія хадзілі на бліжэйшыя аб’екты. Насіць запіскі было небяспечна, але жыць без іх было немагчыма зусім, і кожная з нас гэта разумела. Цярпелі дзяўчаты БУР, і голад, і гора, але спагадалі адна адной. Мне запіскі насіла пераважна нейкая Жэня Врублеўская з Варшавы. Была гэта маладая прыгожая дзяўчына, расейка…».
Я памятаю гэту жанчыну, бо быў некалькі разоў на яе сустрэчах у Слоніме ў 1990-х гадах. Была яна па нацыянальнасці беларуска, а родам з Беласточчыны. Вязень сталінскіх лагераў сустракалася тады шмат са сваімі землякамі, да яе прыязджалі сябры па сталінскіх лагерах, яна перапісвалася, ёй пастаянна тэлефанавалі журналісты з Беларусі, Польшчы і Расіі. Гэту жанчыну звалі Яўгенія Урублеўская (1923–1996). У маім Слоніме яна пасялілася ўжо пад старасць. Тут і пражыла апошнія гады, дзе і памерла, і пахаваная.
А жыццё Яўгеніі Урублеўскай было цяжкім і пакутлівым. Спачатку тры гады няволі ў гітлераўскіх лагерах і турмах, а потым дзесяць — у сталінскіх. У Інце Яўгенію Урублеўскую пад канец тэрміну зняволення пачалі зваць «бунтаркай Урублеўскай». У нямецкім канцлагеры «Равенсбрук» і ў сталінскіх лагерах у самых цяжкіх умовах яна знаходзіла магчымасць увязвацца ў самыя розныя справы. Ёй заўсёды хацелася нечага высокага і ідэальнага, справядлівасці і дабра. А іх там было мала. Дзеля гэтага ў 1941 годзе Яўгенія Урублеўская ўступіла ў камсамол, а будучы ў нямецкім палоне — у антыфашысцкую арганізацыю «Чырвоная капэла», у сталінскіх лагерах арганізавала перасылку лістоў.
Яўгенія Урублеўская
У нямецкім канцлагеры Яўгенія Урублеўская пазнаёмілася і пасябравала з жонкай Юліуса Фучыка, у савецкім — з жонкай кампазітара Сяргея Пракоф’ева, а таксама з Ларысай Геніюш…
Якія нечалавечыя ўмовы ні стварала лагернае начальства ГУЛАГу, падпарадкоўваючыся чыёй-небудзь волі, людзі імкнуліся там жыць і ствараць, думаць і марыць, любіць і кахаць, змагаліся за сваё выжыванне. Хаця зэкам забаранялася перадаваць адзін аднаму «ксівы», запіскі, пісьмы, паштоўкі — нелегальна лагерная пошта дзейнічала пастаянна. Не баяліся арыштаваныя людзі ні карцэраў, ні БУРы (барак узмоцненага рэжыму), ні бязлітасных допытаў.
Падчас нелегальнай лагернай пошты і пазнаёміліся ў Інце Ларыса Геніюш з Яўгеніяй Урублеўскай. А пазнаёміла іх Зося Андрушкевіч з-пад Шчучына. Зося працавала ў лагернай пральні прачкаю. Ларыса Геніюш у той час шукала дзяўчыну, якая выходзіла б з зоны і змагла б перадаваць «ксівы». Зося сказала, што яна ведае адну дзяўчыну па прозвішчы Урублеўская, якая ўсё гэта зробіць акуратна і надзейна.
Неяк Ларыса Геніюш зайшла ў барак да дзяўчат і спытала Жэню Урублеўскую. Жэня, сядзячы на нарах, сказала, што гэта яна. Паэтка падышла да яе бліжэй і ціха паведаміла, што яе прыслала Зося Андрушкевіч. А потым удакладніла: «Вы ходзіце на док?». «Хаджу», — адказала Жэня. «Вы зможаце перадаваць пошту ад мяне?» — зноў спыталася шэптам Ларыса Геніюш. «Вядома ж змагу, чаму не», — адказала Урублеўская.
Яўгенія Урублеўская зрабіла спецыяльны пояс, а ў ім непрыкметную шчыліну. Туды і клала запісачкі. А калі яе ахоўнікі правяралі, аглядалі, то ніхто нават і не змог здагадацца, што там у поясе ляжаць «ксівы», ды і сам пояс не чапалі. Так Жэня Урублеўская і насіла пошту з зону на зону.
З Ларысай Геніюш Яўгенія сустракалася даволі часта. Шмат размаўляла з ёй, спрачалася. Урублеўскай была шчымліва знаёмая беларуская мова, а калі паэтка размаўляла па-руску, то вельмі выразна адчуваўся заходнебеларускі акцэнт. Пры жыцці Яўгенія Урублеўская ўспамінала і казала, што ў ГУЛАГу Ларыса Антонаўна заўсёды хвалявалася за свайго сына Юрку, які заставаўся ў Празе, і перажывала за яго далейшы лёс.
Лагерная пошта запрацавала даволі актыўна, што нават ахова пачала нешта нядобрае прыкмячаць. Ахоўнікі пачалі правяраць мужчынскі лагер і знайшлі запіскі і вершы Ларысы Геніюш. Выклікалі на допыт Урублеўскую. І Урублеўская прызналася, што гэта яна насіла пошту.
— Што ты ў мужчынскі лагер насіла яшчэ? — пыталася начальства.
— Любоўныя запіскі і лірычныя вершы, — казала Жэня. — Яна — паэтка. Яна не магла і не можа не пісаць, разумееце. А яе вершы людзей цікавяць, іх усе чытаюць.
— А што яшчэ насіла, — не супакойваліся ўпаўнаважаныя.
— Адзін раз прынесла кісет для тытуню.
— Што гэта Геніюш за чалавек? — пыталіся зноў.
— Яна жыве вершамі і будзе пісаць іх усё жыццё. Больш паэтка нічым не цікавіцца, — сказала Урублеўская.
Пасля допыту Урублеўскую адпусцілі і не пакаралі. І Ларысу Геніюш не чапалі. Бо і мужчыны ў сваёй зоне таксама нічога не сказалі, акрамя вершаў.
Свае запіскі Ларыса Геніюш перадавала Сымону Раманчуку (1916–1952?). Гэта ён пазней арганізуе ў Інце паўстанне і будзе расстраляны. Яўгенія Урублеўская сустракалася і з ім часта, а калі яго не прыводзілі на док, перадавала для яго запіскі праз іншых зэкаў. Ларыса Геніюш пра Сымона Раманчука напісала ў «Споведзі», што «гэта наш светлы герой, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю».
Кніга з аўтографам ад лагернага сябра
Сама Яўгенія Урублеўская, як піша Геніюш, ёй не падабалася, бо «яна не была дружнаю й часта цвердзіла, што каб выжыць, дык кожны павінен глядзець толькі сябе і йсці напралом праз лагер, не звяртаючы ўвагі на рэшту зняволеных…».
Але не ведала, а можа і ведала Ларыса Антонаўна, што Яўгенія Урублеўская да сталінскіх лагераў, была сябрам Берлінскай антыфашысцкай падпольнай арганізацыі «Чырвоная капэла». А аднойчы гестапа даведалася пра сувязь дзяўчыны з антыфашысцкай арганізацыяй. Яе арыштавалі. І пачалося жыццё за кратамі. Сядзела ў пяці турмах, у тым ліку і ў Маабіце, дзе яе кінулі ў камеру-адзіночку. Там дзяўчына прачытала на сцяне прозвішча Мусы Джаліля (1906–1944) — татарскага паэта і журналіста. Яна таксама лацінскімі літарамі напісала сваё імя. Толькі потым, праз шмат гадоў, Яўгенія Урублеўская даведалася насамрэч, хто такі быў Муса Джаліль. І яна таксама пісала вершы, але на рускай і часам на польскай мовах. Вось так гучыць яе адна страфа па-беларуску:
Я ведаю ад, была я ў ім,
Спазнала ада мукі.
Пад сінім небам, на зямлі
Ў фашысцкім Равенсбруку…
30 красавіка 1945 года Яўгенія Урублеўская аказалася на волі. Праўда, ненадоўга… Яе арыштавалі асабісты ў Ваўкавыску. Дапытваў дзяўчыну следчы Бяляеў шмат гадзін, біў яе, замыкаў у халодны каменны мех памерам 1,5х1,5 метры. Выбіваў з яе тое, чаго не было. Праз тыдзень яна не змагла падняцца. І толькі дзякуючы сумленнасці доктара Васільевай, яе вылечылі і праз некалькі тыдняў адправілі на ўсход у спецлагер, а потым у Інту. На яе робе быў нумар Щ-270. Просты падлік паказваў, што там знаходзілася каля 40 тысяч арыштаваных.
У апошнія гады свайго жыцця жанчына жыла ў Слоніме. Прымала ўдзел у грамадскім жыцці Слонімшчыны, нават узнагароджвалася граматамі Слонімскага гарсавета.