Эдуарда Пальчыса судзяць у закрытым рэжыме

Жонка палітвязня распавяла «Народнай Волі», як учора пачаўся судовы працэс над яе мужам, а таксама пра жыццё з маленькай дачкой за мяжой.

У Мінскім гарадскім судзе распачаўся працэс над палітзняволеным блогерам Эдуардам Пальчысам. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса, вязню пагражае да 12 гадоў зняволення.

Жонка палітвязня Вікторыя Пальчыс восенню мінулага года пакінула краіну, у снежні ў яе нарадзілася дачка…

– Сёння (6 снежня. – Рэд.) у судовую залу спачатку патрапілі і бацькі Эдуарда, і мая мама, і некаторыя яго сябры, – кажа Вікторыя. – Бачылі мужа, казалі, што выглядае нармальна. Некаторыя нават паведамілі мне: «Эдзік больш бадзёры, чым ты».

Але дзесьці праз гадзіну суддзя вырашыў, што працэс пройдзе ў закрытым рэжыме, і ўсіх папрасілі выйсці.

– Якія вы атрымлівалі апошнія навіны ад мужа?

– Натуральна, праз бацькоў мы пастаянна перапісваемся, але пра сваю справу ён практычна нічога не паведамляў. Хаця сям’ю настройваў, што рыхтуецца да вялікага тэрміну зняволення, а таму прасіў загадзя набыць і перадаць яму пэўныя рэчы, якія спатрэбяцца ў калоніі.

Але больш ён цікавіўся сям’ёй, тым, як расце дачка.

– Вы з’ехалі з Беларусі больш за год таму…

– Так склаліся абставіны, што я вымушана была пакінуць краіну, зараз мы з маленькай Эміліяй, якой праз некалькі дзён споўніцца год, жывём у Вільнюсе.

Да мяне прыязджалі бацькі, мама вельмі шмат дапамагала, таму неяк далі рады за гэты час. І ў такой сітуацыі маленькая Эмілія не дадае цяжкасцяў, а, наадварот, кансалідуе ўсіх і настройвае жыць і змагацца з тымі праблемамі, з якімі сутыкнуліся.

– Ці складана ў псіхалагічным плане?

– Шчыра кажучы, няма шмат часу гараваць ды дадаткова сябе накручваць рознымі сумнымі роздумамі. Эмілія не дазваляе гэта рабіць.

– Эдуард дачку бачыў?

– Так, у лістах рэгулярна дасылалі яму раздрукоўкі фотаздымкаў дачушкі. Думаю, гэта таксама моцна дапамагае Эдуарду трымацца ў такі складаны час…

Віктар Шпак, nv-online.info