Еўрапарламент ухваліў новыя візавыя правілы

Еўрапарламент 18 красавіка ўхваліў новыя візавыя правілы. Акрамя палягчэння працэдуры атрымання візы змены ўключаюць у сябе і падаражанне шэнгенскай візы з 60 да 80 еўра. Але не спяшаемся панікаваць.

Што за новыя правілы?

Новая візавая палітыка ЕС ўключае ў сябе некалькі важных пунктаў. Адзін з іх — больш гнуткія працэдуры па атрыманні візы. У прыватнасці, вандроўнікі змогуць падаваць свае заяўкі за 6 месяцаў да запланаванай паездкі (9 месяцаў для маракоў) замест бягучых 3 месяцаў, і ў большасці выпадкаў — непасрэдна ў краіне свайго пражывання. Непаўналетнія ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў могуць быць вызваленыя ад платы за візу.

Таксама плануецца, што будуць выдавацца шматразовыя візы з больш доўгім тэрмінам дзеяння: дзякуючы ўвядзенню агульных абавязковых правілаў частыя вандроўнікі са станоўчай гісторыяй віз могуць атрымаць шматразовую візу з паступова павялічаным тэрмінам дзеяння ад 1 года да максімум 5 гадоў.

Але самае важнае змяненне закране кошт шэнгенскай візы: яна падаражэе з 60 да 80 еўра.


А калі правілы набудуць моц?

Не заўтра і не паслязаўтра. Новыя правілы ўступяць у сілу яшчэ не хутка: працэдура даволі працяглая.

Зараз змены павінен афіцыйна прыняць Савет Еўропы. Пасля гэтага прыняты тэкст будзе апублікаваны ў афіцыйным часопісе Еўрапейскага саюза, і толькі праз 6 месяцаў пасля апублікавання новыя правілы ўступяць у сілу.

Гэта значыць візы для беларусаў падаражэюць да 80 еўра?

Спадзяемся, што не. Беларусь і ЕС амаль дасягнулі дамоўленасці аб спрашчэнні візавага рэжыму. Праўда, па словах кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея, ёсць пэўныя складанасці — з-за рэадмісіі і мігрантаў, якія трапляюць у ЕС з Расіі праз Беларусь.

«Пагадненне трэба падпісваць у комплексе з пагадненнем аб рэадмісіі. Мы дамовіліся аб пераходным перыядзе. Але з Расіяй у нас таксама ёсць пагадненне аб рэадмісіі. І Расія не згодная ісці на гэта — што мігранты, якія нелегальна патрапілі з расійскай тэрыторыі на нашу тэрыторыю, а потым у ЕС, будуць вернутыя Еўрасаюзам Расіі — яна не гатовая іх прымаць», — распавёў Макей.

Паводле яго слоў, Беларусь і ЕС павінны выпрацаваць механізм вяртання такіх мігрантаў на тэрыторыю Беларусі.

Калі ў бліжэйшы час пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС будзе падпісана, то кошт «шэнгену» для беларусаў знізіцца да 35 еўра (пры афармленні візы ў пасольстве).

І нават калі новыя візавыя правілы ЕС паспеюць уступіць у сілу раней, то пасля падпісання пагаднення кошт шэнгенскай візы для беларусаў знізіцца з 80 да 35 еўра.

Ну, а калі ж пагадненне так і не будзе падпісана, то так — мы будзем плаціць за візу 80 еўра.

novychas.by паводле tut.by