На апошняй у гэтым годзе сесіі Мінгарсавета было зацверджана рашэнне аб назвах некаторых вуліц і кварталаў сталіцы. Для ўшанавання памяці Васіля Быкава вуліцы ў Мінску па-ранейшаму не знайшлося. Затое дэпутаты вырашылі назваць адну з вуліцы імем іншага пісьменніка – Сцяпана Злобіна.
Не здзіўляйцеся, што вы такога беларускага пісьменніка не ведаеце. Ён не беларускі.
Сцяпан Паўлавіч Злобін – рускі савецкі пісьменнік, лаўрэат Сталінскай прэміі. Нарадзіўся і вырас у Маскве. Чалавек няпростага і нават дзіўнага для савецкіх часоў лёсу. У 1941 годзе пад Вязьмай трапіў у нямецкі палон і апынуўся ў мінскім канцлагеры. Ён месціўся якраз у Масюкоўшчыне. Пасля няўдалага пабегу апынуўся ў лагеры ў Германіі і быў вызвалены толькі ў 1945 годзе. Як вядома, лёс ваеннапалонных пасля вяртання на Радзіму быў няпростым, многія зноў апынуліся ў лагерах, толькі савецкіх. А Злобін у 1951 годзе нават стаў лаўрэатам Сталінскай прэміі за гістарычную эпапею «Сцяпан Разін», якая вельмі спадабалася Іосіфу Вісарыёнавічу.
Трэба адзначыць, што Сцяпан Злобін напісаў аўтабіяграфічны раман «Зніклыя без вестак» («Пропавшие без вести»), які быў накіраваны на рэабілітацыю ваеннапалонных. Але гэта было ўжо пасля смерці Сталіна, калі палітычная кан’юнктура змянілася.
Зрэшты, размова не пра дасягненні на ніве літаратуры ці грамадскага ўплыву. Вуліца імя Сцяпана Злобіна ёсць, напрыклад, у сталіцы Башкартастана Уфе. У Башкірыі нарадзіўся і жыў ягоны бацька, потым і сам Сцяпан Злобін працаваў тут настаўнікам, вывучаў гэты край, башкірскую мову, гісторыю, запісваў мясцовыя паданні, песні. Гэта пазней спатрэбілася пры напісанні літаратурных твораў – дарожных нататак «Па Башкірыі», а таксама рамана «Салават Юлаеў» – першага ў рускай літаратуры твора, які грунтоўна расказвае пра жыццёвы і баявы шлях легендарнага героя башкірскага народа.
Але пры чым тут Беларусь? Чаму імем Сцяпана Злобіна трэба было называць вуліцу ў Мінску?
Больш пільнае вывучэнне біяграфіі паказвае, што з Мінскам быў звязаны бацька пісьменніка – Павел Уладзіміравіч Злобін. Ён з дваран, але ў 1902 годзе ўступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Вёў падпольную работу ў земствах і на Заходнім фронце. Так і апынуўся ў Мінску. У сакавіку 1917 года з’яўляўся таварышам старшыні Мінскай губернскай земскай управы, членам абласнога камітэта Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, быў уключаны ў спіс кандыдатаў на Усерасійскі устаноўчы сход ад Мінскай губерні. У лютым 1918 года быў абраны ў беларускі ўрад – Народны сакратарыят на пасаду камісара па справах вялікаросаў. Выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі, супраць ідэі аб незалежнасці. Пасля абвяшчэння 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі выйшаў са складу ўрада, лічачы Раду БНР часовай уладай у краі.
Дык можа, ушаноўваючы сына, мінскія ўлады на самай справе ўшаноўваюць ягонага бацьку?
На жаль, застаецца толькі здагадвацца пра патаемныя рычагі ідэалагічнай палітыкі. Але фактам застаецца тое, што вуліц імя Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна ў Мінску па-ранейшаму няма. Для славутых беларускіх пісьменнікаў у беларускай сталіцы не хапае месца. На ўсе ініцыятывы і запыты чыноўнікі даюць адзін адказ: «Прапанова будзе ўлічана». І так на працягу гадоў.
Ну а што тычыцца надання вуліцы ў Масюкоўшчыне імя Сцяпана Злобіна, то Мінгарвыканкам паведамляе: «Яшчэ ў верасні адпаведнае рашэнне было прынята Камісіяй па найменаванні і перайменаванні вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак Мінска. Пасля апублікавання ад мінчан не паступіла ніякіх заўваг і прапаноў наконт новых найменняў, таму дэпутатамі прынята канчатковае рашэнне, якое набудзе моц пасля афіцыйнага апублікавання».