Дапаможнік “Тэорыі літаратуры XX стагоддзя” – як постмадэрнісцкі раман

Зусім нядаўна ў выдавецтве “Медысонт” выйшаў пераклад на беларускую мову польскага акадэмічнага выдання Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага “Тэорыі літаратуры XX ст.”, якое змяшчае найбольш поўнае апісанне ўсяго, што адбывалася ў сусветнай гуманістыцы за апошнюю сотню гадоў. Мы паразмаўлялі з камандай, якая працавала над выданнем кнігі, і паспрабавалі высветліць, чаму яна ўнікальная для літаратуразнаўства ў Беларусі і ў чым яе практычная карысць.

Таня Нятбаева (Нядбай), перакладчыца, куратарка праекта выдання:

Пачалося ўсё з уласнай патрэбы: мне вельмі не хапала такой кнігі, калі я вучылася на філфаку БДУ. У 2006 годзе я паступіла ў аспірантуру ў Любліне, там і пабачыла яе ў кнігарні. Разгарнула — і ўразілася колькасці плыняў, якія былі згаданыя, і пра якія я, дастаткова матываваная выпускніца філфака, не ведала. Уразіла вёрстка — шмат зносак на палях, рамачак, рэчаў, якія значна аблягчаюць успрыняцце інфармацыі. Да ўсяго, калі я пісала сваю працу на філфаку БДУ — “Чалавек і гісторыя ў беларускіх мясцовых хроніках”, я даследавала гэтыя мясцовыя хронікі, Магілёўскую хроніку, Віцебскі і Баркулабаўскі летапісы, як мастацкія тэксты. Я атрымала самую высокую адзнаку, але на абароне чула перашэптванні: гэта ж не філалогія. І вось ў Польшчы пабачыла ў гэтай кнізе плыні, з перспектывы якіх можна падыходзіць да літаратурнага твора: гістарызм, культурніцкія даследаванні, посткаланіяльныя даследаванні — усё тое, што да нас яшчэ не прыйшло як норма. Я тады яшчэ не ведала польскай мовы, таму, каб прачытаць кнігу, яе трэба было перакласці. Хацелася, каб не толькі для сябе.

Пачаўся доўгі працэс, які ўскладнялі розныя чыннікі — суб’ектыўныя і аб’ектыўныя, пераклад зацягваўся, я звярнулася па-дапамогу да калегаў-перакладчыц. Да ўсяго, не было ніякай вызначанасці са сродкамі на выданне кнігі, таму ўрэшце ўсё скончылася краўндфандынгам на “Талацэ”. Самым складаным аказалася дайсці да мэтавай аўдыторыі — студэнтаў, выкладчыкаў гуманітарных спецыяльнасцяў, якія, на жаль, не маюць асабліва грошай. І гэта было самае няпростае — прыходзіць з гатовым прадуктам да людзей, у якіх няма магчымасці яго набыць. Даводзілася шукаць іншыя аўдыторыі: сярод беларусаў, якія вучацца за мяжой, проста неабыякавых людзей. На жаль, часам увогуле падавалася, што кніга нікому не патрэбная. Але, лічу, мне шмат у чым шанцавала — кніга выйшла. Вялікую працу зрабіў Лявон Баршчэўскі, які здолеў яе адрэдагаваць — гэта было няпроста.

На дадзены момант будзем спрабаваць распаўсюджваць кнігу па бібліятэках, знаёміць з ёй чытачоў падчас прэзентацый. Першая прэзентацыя з удзелам Польскага інстытута пройдзе 23 лістапада на філфаку БДУ. Таксама плануем прэзентаваць кнігу па рэгіянальных універсітэтах. Каб выйсці шырэй за мэтавую аўдыторыю, будзем ладзіць шэраг дыскусій на тэму гуманітарнай адукацыі ў Беларусі, праблемаў, якая кніга можа дапамагчы вырашыць.

Увогуле, “Тэорыі літаратуры XX ст.” — пункт уваходу ў гуманітарыстыку, тое, што павінны ведаць любы адукаваны чалавек, які хоча быць у коле інтэлектуалаў. Гэта такая матрыца, якую трэба засвоіць, базіс сённяшніх развагаў пра культуру, літаратуру, пра ўсю гуманітарную сферу. Чаму гэта важна? Хаця б для таго, каб размаўляць на адной мове з выпускнікамі заходніх філфакаў, філасофскіх факультэтаў і г.д.


Лявон Баршчэўскі, перакладчык, рэдактар:

Упершыню я пабачыў выдадзеную па-польску кнігу “Тэорыі літаратуры ХХ ст.” у 2007 годзе і падумаў: няблага было б калі-небудзь яе па-беларуску выдаць. Прайшло некалькі гадоў, і Таццяна Нятбаева таксама ёй захапілася.

З таго, што ў нас ёсць на беларускай мове, гэта, па-мойму, самы капітальны ўніверсітэцкі падручнік па гуманістыцы. Тут ёсць і тое, што нашымі літаратуразнаўцамі ўвогуле ў якасці элементаў тэорыі літаратуры традыцыйна не разглядаецца: такія пытанні, як фемінізм, гендар і квір, посткаланіялізм, гістарызм. У нас асобна не вылучаюць раздзел пра амерыканскі фармалізм, гавораць збольшага пра расійскі. У кнізе ж абедзве плыні вельмі дэталёва тлумачацца. Пры рэдагаванні выдання мы імкнуліся, нягледзячы на тое, што ў нас быў першасны польскі тэкст, спраўдзіць цытаванне, выйсці на арыгінальныя тэксты, хоць часам гэта было няпроста: шэрагу працаў проста няма ні ў нашых бібліятэках, ні ў інтэрнэце. І тут мы ўжо давяраліся польскім перакладам першакрыніц і рабілі там, дзе немагчыма зверыць тэкст перакладу з арыгіналам, двайны пераклад. Гэта, вядома, пэўны мінус, але спадзяюся, што сэнс там нейкім істотным чынам не сказіўся: аўтары пісалі кнігу з веданнем справы, калі выбіралі нейкую цытату — яна падмацоўвала іх думку. Таксама перакладчыцы склалі выдатны алфавітны спіс азначэнняў, прадметны паказнік, паказнік імёнаў. У канцы кнігі змешчаная агульная табліца-ўкладыш у выглядзе схемы — якім чынам можна супаставіць у часе адпаведныя плыні.

Я быў навуковым рэдактарам перакладу кнігі, бо гэта мая тэматыка. Я калісьці абараніў дысертацыю па лінгвістыцы тэксту, таму матэрыял, тэрміналогія, працы ключавых аўтараў мне былі ў асноўным знаёмыя. Але было яшчэ важна, каб усё гэта атрымала навукова дакладнае беларускае ўвасабленне. У пэўных тэрміналагічных пытаннях мы з перакладчыцамі намагаліся распрацаваць універсальныя беларускія адпаведнікі. Мая першачарговая задача палягала ва ўніфікаванні тэрміналогіі, напісанні прозвішчаў — каб не было разнабою. Працавалі мы грунтоўна, увесь час перапісваліся з перакладчыцамі, кансультаваліся. Гэта не была такая павярхоўная праца — каб неяк зрабіць хутчэй, некуды ляцець наперад. Увогуле, я хацеў бы адзначыць, што перакладчыцы, якія працавалі з кнігай, — гэта новае, больш прафесійнае пакаленне, якое валодае разуменнем, што такое беларуская тэрміналогія, як яна стасуецца з тэрміналогіяй на іншых мовах. Я ўпэўнены: калі б такія праекты больш падтрымліваліся, калі б нашы ўніверсітэты дбалі не толькі пра выданне працаў сваіх супрацоўнікаў, але і найлепшыя перакладныя, у нас бы з’яўлялася значна больш высакаякасных перакладчыкаў.

Што тычыцца далейшага лёсу кнігі, я думаю, у нашых беларускіх умовах гэта рэч цяжка прадказальная. Вядома, гэта ідэальны падручнік для аспірантаў, дактарантаў: такога проста ў нас няма ні на рускай, ні на беларускай мовах! Таксама кніга важная для паланістаў: там добра прэзентаваная польская літаратуразнаўчая школа. Увогуле, для тых, хто хоча сур’ёзна займацца тэарэтычнымі пытаннямі, кніга проста неацэнны дапаможнік: паводле кожнага яе раздзела фактычна можна зрабіць дысертацыю і на падставе гэтага развіваць навуку далей, вывучаць новыя плыні — у нас жа ўжо XXI стагоддзе. Са студэнтамі больш складана. На жаль, у выніку агульнай адукацыйнай палітыкі дзяржавы конкурсы на філалагічныя факультэты сёння сышлі амаль да нуля: ва ўніверсітэты нярэдка прыходзяць людзі не надта падрыхтаваныя, і для іх гэты падручнік можа быць цяжкаваты. Разам з тым, там жа вучацца пераможцы алімпіяд, дый светлыя галовы заўсёды з’яўляюцца паўсюдна.

І яшчэ адзін аспект, які нельга абмінуць. Гэта, па сутнасці, дапаможнік па гісторыі сучаснай філасофіі. Увогуле, у дачыненні да XXст. цяжка правесці мяжу: дзе ёсць філасофія літаратуры, дзе — тэорыя тэксту, дзе — філасофская герменеўтыка, а дзе — тэарэтычная лінгвістыка . У XX ст. усё знаходзіцца і функцыянуе на памежжы.


Марыя Пушкіна, перакладчыца:

Для студэнтаў “Тэорыі літаратуры XX ст.” — проста знаходка: такой грувасткай і важнай крыніцы для цытавання пакуль няма нідзе, сярод рускамоўных падручнікаў дакладна. Мне падаецца, кніга пашырыцца сярод зацікаўленых тэорыяй літаратуры, а таксама тых, хто проста хацеў бы пафранціць модным слоўцам.

Абедзве мае магістарскія былі звязаныя з дэканструкцыяй, Шэкспірам і славянскім тэатрам, таму я вырашыла, што забяру сабе раздзел “Дэканструкцыя”, і, як вішаньку на торце, “Фемінізм”. Асабіста для мяне пераклад стаўся вялікай адказнасцю: даводзілася ствараць беларускія тэрміны, арыентуючыся на тое, што ёсць у польскай, французскай, нямецкай, англійскай мовах. Натуральна, я чакаю прыходу маладых і дзёрзкіх перакладчыкаў, у якіх будзе і Ірыгарэ, і Дэрыда па-беларуску. Але пакуль маладыя і дзёрзкія будуць расці вось на гэтай кнізе. Самым складаным для мяне аказалася перакладаць цытаты з Дэрыда, бо ускосна я ведаю французскую мову, але не на ўзроўні яго тэкстаў. Даводзілася шмат раіцца з франкамоўнымі сябрамі, з рэдактарам. Увогуле, гэта кніга для мяне — вельмі грунтоўная праца рэдактара Лявона Баршчэўскага, карэктаркі Алены Пятровіч, помнік Сяргею Кандраценку як вярстальніку.


Святлана Рогач, перакладчыца:

Кніга прэзентуе абсалютна іншы падыход да тэорыі літаратуры, з’яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй філасофскіх плыняў, напрамкаў, якія былі ў XX ст., іх узаемаадносінаў з літаратурай. Я сама выпускніца філфака і магу сказаць, што тэорыю літаратуры ў нас выкладалі інакш — усё было нашмат больш спрошчана, мы вельмі рэдка звярталіся да нейкіх філасофскіх ідэяў. Думаю, гэтая кніга можа быць карыснай людзям, якія цікавяцца філасофіяй і асноўнымі плынямі, тэндэнцыямі ў мысленні XX ст. Вядома, пра студэнтаў я ўжо не кажу — кніга ў першую чаргу для іх. Што тычыцца перакладу — я перакладала да гэтага мастацкую літаратуру, да навуковай літаратуры фактычна не мела дачынення, і, як высветлілася, гэта не так проста.


Марына Шода, перакладчыца, выкладчыца факультэта сацыякультурных камунікацый:

Гэтая кніга — энцыклапедычнае выданне, да якога варта звяртацца перад тым як непасрэдна сядаць за першакрыніцы, у сэнсе за працы Хайдэгера, Гусэрля, Лакана і іншых. Напісаная яна досыць простай мовай, амаль на пальцах тлумачыць асноўныя ідэі складаных філасофскіх, культуралагічных і літаратуразнаўчых сістэм — якраз тое, чаго не хапае сучасным студэнтам. Тэкст пабудаваны вельмі зручна — можна чытаць асобную частку ад пачатку, а можна карыстацца заўвагамі на палях і хутка знаходзіць неабходную інфармацыю. Гэта як постмадэрнісцкі раман кшталту Картасаравай “Гульні ў класікі”, дзе можна чытаць ад першай да апошняй старонкі, а можна ўзяць адзін раздзел, а пасля вярнуцца да папярэдняга.

Па-беларуску выходзілі асобныя артыкулы па псіхааналізе, семіётыцы, але ніколі не было цэльных манаграфій па розных філасофскіх сістэмах, таму перакладчыцам было складана перадусім з тэрміналогіяй. Так, у нашай інтэлектуальнай прасторы мы карыстаемся збольшага расійскай тэрміналогіяй, па-беларуску яна амаль не распрацаваная. Прыкладам, пачынаючы працаваць над кнігай, я сутыкнулася з тэрмінам, які па-руску мы ведаем як “влечение”. Не здолела вызначыцца з беларускім адпаведнікам, і запусціла пытанне калегам у фэйсбук. Мы разам падбіралі словы і параўноўвалі, як гучыць гэты тэрмін на нямецкай, англійскай, польскай мовах. Набралася ці не паўтара дзясятка словаў, якія перадавалі тое ці іншае адценне. Нарэшце спыніліся на ўсім зразумелым “жаданні”. І гэта толькі адзін са шматлікіх прыкладаў. Кожны тэрмін, які я перакладала, запісвала на аркушык, каб раптам, сустрэўшы яго праз пяцьдзясят старонак, не прыдумаць новую назву. Думаю, беларускамоўныя тэрміны прыжывуцца, бо, па-першае, большасць з іх пабудаваная на інашмоўных каранях, якія гучаць прыблізна аднолькава на ўсіх славянскіх мовах.

Агулам жа ў мяне адчуванне, што мы стаім на самым пачатку: трэба шмат працаваць, развіваць тэрміналогію надалей.


Ганна Бутырчык, літаратуразнаўца, загадчыца кафедры замежнай літаратуры БДУ, аўтарка прадмовы да кнігі:

“Тэорыі літаратуры XX ст.” можна выкарыстоўваць у якасці дапаможніка пры выкладанні шматлікіх курсаў па гісторыі замежнай крытыкі, філасофіі літаратуры, тэорыі літаратуры. Выкладчыкі такіх дысцыплінаў па-беларуску могуць знайсці ў кнізе найбольш важныя цытаты ў перакладзе на беларускую мову. Канечне, кніга будзе карысная студэнтам. Што да Школы маладога пісьменніка — перад ёй стаяць крышачку іншыя задачы: тут не столькі аналітыка і аналіз літаратурнага працэсу, колькі стварэнне мастацкіх тэкстаў. Але як падручнік для пашырэння ведаў у галіне гуманітарыстыкі — безумоўна, буду рэкамендаваць гэту карысную кнігу вучням.

Аляксандра Дварэцкая, “Будзьма беларусамі!”