Данута Бічэль: Дайсці да Каложы…

Слова  Паэткі — гэта падтрымка ў хадзе кожнага чалавека да спазнання сябе, свайго роду, Беларусі. Добра з паэткай гаварыць, бо найчасцей нічога не трэба пытацца, яна сама распавядае, і гэта заўсёды цікава. Не любіць гаварыць пра побытавае, хоць і ад яго нікуды не дзенешся… Жыве творчымі праблемамі, літаратурай... У свой юбілейны год паэтка пагадзілася на невялікую гаворку для сваіх чытачоў. Пачалі з пытання пра дату нараджэння.

— Спадарыня  Данута, у розных пісьмовых крыніцах даецца розная дата Вашага нараджэння — то снежань, то студзень. Якая ж дата дакладная?

— Дакладная — 3 снежня 1937. Касцёльныя архівы згарэлі. Скончыўшы сем класаў Карнілкаўскай школы, я ў Лідскім архіве-загсе выпісвала метрыку, то мне, як і ўсім з нашай парафіі, рабілі паўторны запіс адвольна, пад дыктоўку, тады я назвала 1 студзеня 1938.

— Пра што Вам найчасцей думаецца ў гэтыя восеньскія дні?

— Я найбольш думаю пра тых, хто мяне любіў, шкадаваў, рабіў усё, каб мне было лягчэй жыць. Іх ужо няма тут, але памяць пра іх мяне сагравае, робіць восеньскія дні вясновымі. І пра ўнукаў сваіх падумаю ды памалюся за іх.

— Круглая дата жыцця ў Вашым успрыманні — гэта свята?

— Выхоўвалася ў такой вёсцы, дзе жыццё было запоўнена простымі сялянскімі клопатамі, не святкавалі ніякіх дзён нараджэння, толькі дні свайго святога апекуна. Светкаванні дзён нараджэння з п’янкамі ў нас пачаліся пры калгасах…

— Пра плён Вашай працы сведчаць Вашыя кнігі паэзіі і прозы. У Вас пішуцца новыя вершы.  Як нараджаюцца паэтычныя творы? Для Вас гэта таямніца?

— Добра пра вершы сказаў Чэслаў Мілаш, звычайна, першы радок з’яўляецца аднекуль, Нехта, Невідочны, яго дыктуе, а далей пакутуй, шукай сам. Вершы, якія прыходзяць самі, як дожджык, нараджаюцца ўночы. Я і малюся ўночы. Бывае, што за ноч згавару дзве часткі ружанца. Гэтак моляцца многія самотныя людзі. Падслухала, як адна жанчына другой расказвала: «Хлопец маёй дачкі будзіць яе ноччу, кажа: мне не спіцца… а я кажу дачцы: навучы яго маліцца на ружанцы»…

Калі ж верш трэба напісаць на тэму, то можна і днём. Я тады збіраю думкі, пра што павінен быць верш, запісваю іх, потым слоўцы перастаўляюцца на паперы і ў галаве, так шахматысты перастаўляюць шахматы, нарэшце ў мяне выходзіць рыфмаваны верш…

На эсэ трэба адпаведны настрой, час і здаровую галаву...

— Выток  Вашай паэзіі — у песні?

— Галоўнымі настаўніцамі паэзіі былі загасцінскія спявачкі. Дакладней, аўтаркі песень, беларускіх, украінскіх, польскіх і рускіх. Яны і цяпер застаюцца — так і жывуць у памяці: цётка Броня магла б спяваць з любой сцэны… Міцкевіч быў маім галоўным паэтам, і яго, і мяне натхняў родны Нёман…

— Ці працягваеце пісаць прозу — успаміны, эсэ?

— Працягваю пісаць успаміны пра тых, каго помню і люблю… Бо што мне яшчэ застаецца рабіць?..

— Проза жыцця заўсёды больш жорсткая за мастацкую прозу?

— Бывае, што проза жыцця робіцца паэзіяй, а бывае, што ператварае жыццё ў пекла… І такім чынам робіцца «мастацкай праўдай»…

Калі казаць пра маю прозу — то гэта нібы каментары да маёй паэзіі. Я доўга складвала думкі ў слупочкі, збірала ў вершах. Нарэшце, нагрувасцілася думак, і я іх пачала запісваць прозай. Заўважыла, што чытачы ахвотней чытаюць прозу, каментары могуць быць цікавейшыя, чым самі вершы, іх лягчэй чытаць, бо над вершамі трэба думаць. І я ж выбіраю толькі ўсё светлае, добрае, шкадуючы нервы сваіх чытачак.

 — Вашыя стасункі з людзьмі… Што змянілася?

— Людзі асабліва не мяняюцца. У маладосці я думала, што людзі такія, як я, бо быў спачатку тата, пасля муж і мае старэйшыя сябры: Быкаў і Карпюк, хто аберагаў маю наіўноту, а цяпер я ведаю, што я не такая, як усе людзі. І што мне з гэтым рабіць?

— Вы сказалі пра сябе ў паэтычным творы так: «Мяне маці тут нарадзіла, як сасну ў зямлю пасадзіла». Чаму сасну? Гэта такі прыгожы вобраз?

— Гэта таму, што я вырасла сярод сосен. Другія дрэвы ў нашым лесе раслі таксама сярод сосен. І мая мама пакінула каля лугу барок, які яна пасадзіла… Ён рос разам са мною, мама часта апавядала, як яна садзіла гэты барок.

— Сасна «прыжылася» ў Гародні. Што вызначае душу Гародні сёння?

— Думаю, што грошы, назапашанае і аднекуль назбіранае, нацяганае багацце. Я ў Гародні не прыжылася, але пратрымалася як белая варона. А што мне заставалася рабіць, калі я не навучылася даіць карову?

— Вы — паэтка ХХ і ХХІ стагоддзяў. Якія станоўчыя працэсы адбываюцца сёння ў сучаснай беларускай літаратуры?

— З’явілася шмат мадэрністаў, дэкадансаў і т.п. Змянілася геаграфія прозы. Маладыя аўтары ўмеюць прэзентаваць, раскручваць сваю творчасць, прыдумваць розныя праекты, фестывалі, трыялогі, конкурсы і прэміі, абмены перакдадамі з суседзямі. Поўная свабода творчасці. Можна пісаць у стол. Прыватныя выдаўцы не баяцца ніякай цэнзуры.

Пісьменнікі, якія ўмеюць толькі пісаць, застаюцца за кадрам, мусіць, самі вінаваты. Такі час.

— Вашая творчасць — гэта своеасаблівы храм роднай мовы. Што ўратуе беларускую мову? Літаратура? Грамадства? Дзяржава?

— Толькі Бог і мы самі. Думаю, што наша літаратура вартая таго, каб яе не скідваць у нябыт. Ды мяшчане скажуць, што гэта цяпер не актуальна і пойдуць на канцэрт Стаса Міхайлава. Без дзяржаўнай палітыкі, гурткамі, мы пратрымаемся толькі нейкі час…

— У Вашым вершы «Словам Скарыны» ёсць радкі: «Колькі ж можна губляць, каб людзьмі называцца». Гэта рытарычнае пытанне, і ўсё ж…

— І ўсё ж… не трэба плакаць, а жыць і рабіць, што ўмееш.

— Вас вельмі любіла Ларыса Геніюш. Гэта відаць і з апублікаванай перапіскі. Чаму так адбылося? І што павінна адбыцца, каб Ларыса Геніюш была рэабілітавана?

— Ларыса Антонаўна любіла ўсіх, хто да яе прыходзіў, прыязджаў і размаўляў па-беларуску. А я прывозіла з Гародні лекі — ёй, Яначку і іх сябрам па няволі, бо Марыя Рудзь, дзяўчына з нашай вёскі, скончыла ў Львове фармацэўтычны факультэт і загадвала ў Гародні аптэкай… Я прывозіла ім газеты і кнігі, набірала на машынцы яе вершы для часопісаў і выдавецтва…

Яна чытала мне свае новыя вершы, а я чытала ёй. Я заставалася ў іх начаваць, мы ўсю ноч размаўлялі. Я ўвогуле ўмею слухаць людзей. Для яе, такой эмацыйнай, заўсёды ўзбуджанай, было гэта вельмі патрэбна. Здаецца, яна не лічыла мяне шпіёнкай, хоць падазрэнне і страх прысутнічаў. У мяне таксама, я заўсёды ўсяго баюся...

Мяне зусім не хвалюе гэтая рэабілітацыя, бо мы тут усе не рэабілітаваныя. Уся наша культура развіваецца на задворках, трымаецца на саматужніцтве. Калі ў Беларусі будзе Беларусь, тады ўсё стане на свае месцы.

— Музей Максіма Багдановіча Вы стваралі як «Беларусь у мініяцюры». Музеі пісьменнікаў… Гэта такая праблема ў Беларусі. Якія музеі трэба было б стварыць на дзяржаўным, а не толькі грамадскім узроўні?

— Музей Максіма Багдановіча быў дзяржаўным, толькі ў такой дзяржаве трэба было выкручвацца, укладваць у справу і душу, і сэрца… У мяне быў хрысціянскі прынцып: я збірала музейныя экспанаты, не выманьвала ў простых людзей іх «скарбы» за бясцэнак, а імкнулася заплаціць больш-менш вартую цану, хоць усё тады было таннае, а краязнаўцы любілі Максіма…

Усе літаратурныя музеі, не толькі ў Беларусі, ствараюцца і трымаюцца на адным чалавеку. І не толькі літаратурныя. Цяпер у Гародні застаўся адзін такі чалавек Януш Паруліс, яго продкі збіралі, і ён назбіраў скарбаў даўніны, ды ў яго няма месца, толькі цесны дом і падворак… Я нават не магу разважаць пра музеі на дзяржаўным узроўні, бо перад вачыма стаяць чыноўніцы, якіх я не хачу пускаць у свае ўспаміны. Гэта трэба, каб сабраўся гурт аднадумцаў. Да стагоддзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча такі гурт сабраўся ва ўсіх мясцінах Беларусі, дзе паэт бываў, і Вільня нам дапамагала. А дзяржава перашкаджала. Музей Багдановіча ў Гародні зноў стаў літаратурным аддзелам. Яны яго «рэдагуюць», шкуматаюць так, як кнігі ў дзяржаўных выдавецтвах.

— Як бы Вы намалявалі Беларусь сваёй мары?

— Я ж гэта толькі і раблю — малюю Беларусь сваёй мары. Гэта мая спаленая хата са снапком валошкаў у коміне, з душой Сяргея Ільіна на хмарцы, там, дзе «над лугам бусел праляцеў», з мамай і татам у акенцы, са шпакоўняй і тлусценькай свіначкай...

— Вы напісалі прадмову да кнігі А. Карпюка «Развітанне з ілюзіямі». А з якімі ілюзіямі развіталіся Вы і ці не з’яўляюцца ў Вас новыя ілюзіі?

— Прадмову я напісала, бо мяне шчыра аб гэтым папрасіў Аляксей Карпюк. Валодзя Калеснік, сябра з маладосці, зрабіў бы гэта лепей. У мяне не было і няма ілюзій, якія былі ў Карпюка, я не была ў партыі, неяк выкруцілася, не ўступіла, мяне з камсамола выкінула «па блаце»  Вольга Іпатава, яна маю картку ў картатэцы парвала. Мяне выхавала мая вёска, дзякуй ёй за гэта.

— У Вас шмат твораў для дзяцей, а яшчэ болей тых, якія варта было б дарослым і дзецям чытаць разам. Уражвае Ваша пяшчота і ласка, гумар,  вобразнасць, і разам з тым такая шчырасць і яснасць…

— Кніжачку выбраных вершаў для дзяцей я склала, нават карцінкамі яе ўпрыгожыла, выбіраючы іх з розных сайтаў. Мой унук Андрэй страшыць мяне, што яны застануцца ў маім кампутары, не перакінуцца на флэшку, а я не веру… Я надрукую яе як-небудзь у двух ці трох асобніках. Называецца мая кніжачка «Арэшынка». А яшчэ я перапрацавала і дапоўніла «Батлейку». Таксама пакуль што яна ў кампутары.

— Беларуская мова вельмі музычная. Ніна Мацяш многія свае вершы спявала, стварала музыку. Ці «напяваеце» Вы свае вершы?

— Ніна была ва ўсім смялейшая за мяне. Я напяваю тыя песні, якія спявалі мае цёткі Броня і Яніна, мая мама і сястра, успамінаючы іх са слязой… Мае вершы спявае Вольга Хвашчынская, некалькі песняў стварыла Тацяна Беланогая… Алесь Дзянісаў з гуртом «Людзі на балоце»  пераспяваў кніжачку «На белых аблоках сноў», ды гурт «Людзі на балоце» распаўся, але Алесь плануе неяк сабраць гурт і запісаць дыск на мае вершы.

— Зборнік Вашых выбраных твораў, што выйшаў у серыі «Беларускі кнігазбор», здзівіў некаторых чытачоў вялікай колькасцю вершаў рэлігійнай тэматыкі. Чым абумоўлены такі падыход?

— Я не ведаю, магчыма, я хачу, каб Беларусь пачала маліцца на роднай мове не з перакладаў з польскай мовы, а прамаўляла свае самабытныя тэксты, далучаюся да малітваў Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш і Канстанцыі Буйлы. Я не крытык сваіх вершаў, ды мне здаецца, што і тут я пішу пра Беларусь…

— У Вашай творчасці вылучаецца своеасаблівая форма: гэта паэтычныя цыклы «Мастаўляны», «Еўфрасіння Полацкая», «Да стагоддзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш», «Да бабуляў Францішкі і Канстанцыі, да дзядуляў Адама і Вінцука», а таксама «малітоўныя вязанкі» — «Вастрабрамскае ўзнясенне», «Стакроткі ў вяночак Маці Божай Будслаўскай». Раскажыце, калі ласка, пра іх стварэнне.

— Як бы я выглядала, жывучы ў Гародні, каб не напісала пра легенду Беларусі Кастуся Каліноўскага?! Мы з ім спыняліся ў тым самым доме, на той самай вуліцы Дамініканскай, цяпер Савецкай… Ён там збіраў свае таемныя сходы. Я пражыла на паддашшы паўгода і год на другім паверсе.

Усю кніжку «А на Палессі» (1990 год) можна было змяшчаць і ў «Кнігазбор», але вершы я перапрацоўвала. Чамусьці цяпер я дыхаю іначай, чым у 80-я гады, важныя ў маёй творчасці, сумныя ў маім жыцці. Нізку пра Еўфрасінню я таксама злёгку перапрацавала, і дапісала верш «Адзігітрыя», зразумеўшы, што абраз, які святая Еўфрасіння атрымала для Полацку і для Беларусі, самае галоўнае ў яе збаўленчай дзейнасці. Я люблю чытаць гэты верш перад аўдыторыяй. Малітоўныя вершы да Маці Божай у Будславе мне «заказаў» айцец-бэрнардын Славамір Вятлугін, калі мы сустрэліся ў Будславе…

— Вашыя вершы-малітвы — адметная з’ява ў сучаснай беларускай культуры. Як яны прыходзяць да Вас?

— Вёска Біскупцы складаецца з католікаў і праваслаўных, якія жаніліся паміж сабой і перахо­дзілі з адной веры ў другую ў залежнасці ад таго, хто з маладых быў дужэйшы, багацейшы. Так, мая сястра выйшла за праваслаўнага і прыняла яго веру. Але ўся вёска малілася разам пад крыжам, асабліва ў маі — адмаўлялі Ружанец… Царква ў Дакудаве працавала заўсёды, касцёл згарэў у 1950-х. Ездзілі ў Ліду, Ліпнішкі, Мянойты. Я вырасла ў такім асяроддзі… Мама малілася кожны дзень. Калі я дайшла да яе ўзросту, а мамы не стала, нехта павінен яе замяніць…

У мяне ўсё пачалося з «Сонечнай песні» святога Францішка, гэты гімн натхніў мяне на духоўныя вершы. Ды ў Беларусі працавалі святары — празаікі і паэты Андрэй Зязюля, Казімір Сваяк, Вінцук Адважны, Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Язэп Татарыновіч, дарагі наш Уладзіслаў Чарняўскі, уніяцкія біскупы Чэслаў Сіповіч і Аляксандр Надсан, яны пакінулі нам малітоўную спадчыну, яны святыя…

А нашы паэткі Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Ніна Мацяш і Зоська Верас… Не буду пералічваць святароў, паэтаў і празаікаў, якія працуюць цяпер у выдавецтвах, у інтэрнэце… Вялікая магутная сіла, толькі трэба духоўнае яднанне, а гэта прыносіць малітва.

— Малітва на ружанцы — адна з самых старажытных. Як да Вас прыйшоў Ваш першы ружанчык? Ма́ю ад Вас прыгожы — валошкавы, нябесны…

— Першы ружанчык у нас быў мамін. Пасля мне зрабіў ружанчык Антак, з якім я пасвіла каровы. Пасля падараваў Мацей Юзаф Канановіч… Пасля прывёз з Рыму ойча Ігар Лашук… Мне даруюць ружанцы сяброўкі, хто ездзіць у санктуарыі свету. Стась Ільін, мой унук, прывёз мне ружанец з Гвадэлупы. Меней чым 30 ружанцаў у мяне не бывае, я іх раздорваю ўсім, хто хоча маліцца. Бо ружанец — магутная зброя ў руках чалавека. Паўтараць адну і тую ж малітву практыкавалі даўно. Маліцца на святым Ружанцы пачалі дамінікане ў першай чвэрці ХІІІ стагоддзя: святому Дамініку аб’явілася Маці Божая, падказала малітву і падаравала Ружанец…

Ружанец — як паўтарэнне адной і той жа малітвы многа разоў з паглыбленнем у сумоўе з Богам, з просьбамі і падзякай.


02-e1e32e235eee1f970470a3a6658dfdd5.jpg


— Гародня. Каложа. Нёман… Рамантычна, узнёсла апелі Вы іх у сваіх творах. І Ваш новы зборнік мае назву «Дайсці да Каложы». Раней Вы напісалі:

Цудны каложы снапок:
Кветка і крыж…
Цуд гэты звыш…
Мусіць, быў дойлідам Бог…
Так чалавек бы
не змог…

Што прапануеце чытачам у новым зборніку?

— Тыя самыя думкі пра Вечнасць, пра сілу духу ў яднанні, ва ўзаемадараванні.

Цяпер Каложа, старажытная царква, якая захавалася, працуе як храм і адчынена ўвесь час як музей… Можна там пасумаўляцца з Богам і людзьмі, успомніць, як Валодзя Караткевіч адчыніў мне дзверы, сам пабег наперад, схаваўся ў алтары, пасля паявіўся высока з левага боку ў байніцы і заспяваў…

Дайсці да Каложы… Вярнуцца да сваіх, не заблудзіць, не пераблытаць сцяжынку, якая вядзе да святыні, да Бога, да таты і мамы, да продкаў, пакінуць гэты шлях сваім дзецям, унукам, сябрам, родным людзям…

— Як нарадзілася гэтая кніжка?

— Я не планавала выда­ваць кніжачку вершаў да свае поўнай даты жыцця. Апошнія мае вершы ствараліся да святаў, паколькі жыццё маё цяпер ціхае, найлепшыя хвіліны праходзяць у касцёле, то і вершы касцельныя. Я размаўляю са святымі, абдумваю іх жыцці, іх пакуты, пасвячэнні сябе Хрысту. Пры гэтых таемных размовах нязменна невідочна прысутнічаюць дарагія людзі, з якімі мне было добра, перш за ўсё — мама і тата.  Кніжачка «Дайсці да Каложы» — калі яна выйдзе — гэта будзе  прыватны малітоўнічак, які можа стаць малітоўнічкам і маіх сябровак, чытачак, добрых людзей. Валодзя Калеснік усе мае кніжачкі вершаў так называў: «Я твой малітоўнічак прачытаў» або казаў: «Я тваю кантычку прачытаў».

— Які  твор-пасланне Вам хацелася б прачытаць сёння?

— Уся мая творчасць, у нейкай ступені, пасланне чытачам… З гэтай, апошняй, яшчэ не выда­дзенай, кніжачкі я прачытала б верш «Божае Цела», праілюстравала б яго фатаграфіяй Руслана Кулевіча, як працэсія гарадзенскіх вернікаў ідзе за Гостыяй па мосце святога Францішка:

Езус Хрыстус у Гостыі
Змяшчаецца ў сонечным крузе.
Узвышаем Цябе,
як Жаданага Госця,
над залатой Беларуссю!

У вянках з каласкоў і валошкаў
пойдзеш з намі, Божанька Мілы…
Нашы збітыя ногі
ад Тваіх Святых Ножкаў
няхай набіраюцца сілы…

Нехта заплача ў натхненні.
Будзем шчыра малітвы спяваць,
хворыя нашы калені.
будуць брук святы цалаваць…

Гостыя!
Свае смуткі, цярпенні,
грэх заскарузлы стары
пакладзем перад Госпадам
на ўсе вулічныя алтары…

Вясёлка з душаў людскіх
паўстане ў шчырым зацішку
ад святога Бэрнарда
да святога Францішка…

Нехта з нас памрэ ў гэты дзень
у засені вуліц,
прыняўшы Божае Цела…
Скажуць:  — У адчынены Рай
душа яго паляцела…

Езус Хрыстус да Сэрца
жывых і памерлых прытуліць.

Найсвяцейшая Гостыя
сагнутых жыццём выпроствае,
над узростам, над вёрстамі — 
у вышыні Хрыста Ўваскрослага!

— У Вашай творчасці гу­чыць падзяка Богу і людзям за спазнаныя ласкі і пакуты. Вашая творчасць — шлях да спазнання сябе і Божага свету, шлях да міласэрнасці і любові, шлях да роднага Слова. Дзякуй Вам, няхай і далей гучыць у Вашай душы, творчасці «боская нота і ласка»!

Марыя Новік, “Новы Час”