Далёка ад родных нябёсаў. Беларусы, якія служылі не Радзіме

Адсутнасць сваёй дзяржавы, каланіяльны стан краю наканаваў шматлікім адораным разнастайнымі талентамі ліцьвінам-беларусам служыць не сваёй культуры: ствараць кнігі, займацца гісторыяй, філалогіяй, педагогікай.

Мы ведаем пра геніяльнага Адама Міцкевіча, які называў сваю радзіму Літвой, высока цаніў беларускую мову, але мусіў пісаць па-польску. У гэтым апавяданні пойдзе гаворка пра іншых творцаў, а таксама пра вучоных-гуманітарыяў , якія пакінулі сваю важкую спадчыну суседнім, а часам і далёкім народам і краінам. Разам з тым дасягненнямі суайчыннікаў маем права ганарыцца і мы, беларусы.


Слуга музы Кліо

У антычных міфах згадваюцца музы — багіні, шанаваныя як апякункі навук і мастацтваў. Музай гісторыі сярод дзевяці сясцёр была Кліо. Верным слугой Кліо любіў называць сябе выпускнік Полацкай езуіцкай Акадэміі народжаны ў мястэчку Падароск Ваўкавыскага павета Максімілян Рыла.

У 1820 годзе цар Аляксандр І выдаў указ пра высылку сяброў Таварыства Ісуса з Расейскай імперыі і закрыцці ўсіх езуіцкіх навучальных установаў, якія былі самымі перадавымі для свайго часу. Высланцамі сталі болей чым трыста выкладчыкаў, навукоўцаў, святароў. Радзіму пакінуў і малады магістр філасофіі Рыла. Ён працягваў навучанне ў Папскім універсітэце ў Рыме і стаў там прафесарам.

Як давераная асоба Ватыкана Максімілян наведаў Ліван, Сірыю, Егіпет, Мальту і Сіцылію. Паўсюль ён, апрача дзейнасці прапаведніка і місіянера, займаўся археалагічнымі росшукамі. Рыла першы з еўрапейцаў вывучаў руіны Вавілона. Ён сабраў і падараваў Ватыканскаму музею вялікую калекцыю сваіх знаходак і быў абраны ў Папскую археалагічную акадэмію. У сталіцы Лівана горадзе Бейруце прафесар Рыла заснаваў каталіцкі калегіюм, што па часе стаў універсітэтам. Жыццёвы шлях Максіміліяна заўчасна абарваўся ў час місіянерскай вандроўкі ў Судан, а пахавалі прафесара ў Каіры.


«Клянуся Зеўсам, Зямлёю, Сонцам…»

У раскрыцці таямніцаў далёкай гісторыі вызначыўся яшчэ адзін ліцьвін-беларус — Кароль Касцюшка-Валюжыніч родам з Дрысенскага павета Віцебскай губерні. Маёнтак ягонага бацькі Новае Сяло месціўся побач з мястэчкам Друя. Пра сваё паходжанне народжаны ў 1847 годзе Кароль пісаў: «Не хаваю ліцьвінскай нацыянальнасці і рымска-каталіцкага веравызнання».

Дзед будучага вучонага ваяваў пад сцягамі Тадэвуша Касцюшкі, а бацька падтрымліваў змагароў 1863 года. Успаміны пра тыя падзеі часта гучалі ў сямейным коле і фармавалі светапогляд Тадзіка. Старадаўняя Друя з велічным Траецкім касцёлам і недалёкі Полацак, дзе Кароль часта бываў з бацькамі, рана нарадзілі ў хлопчыка схільнасць да гісторыі. Асабліва ўражваў яго авеяны легендамі Сафійскі сабор — сведка нашай даўняй дзяржаўнасці і культуры.

Вучыцца Караля выправілі на падрыхтоўчае аддзяленне Пецярбургскага Горнага нстытута, які забяспечваў выпускнікам добрыя пасады і заможнае жыццё. Аднак начальства звярнула ўвагу на вольналюбівая погляды навучэнца. Апрача таго ён даводзіўся сваяком правадыру антырасейскага паўстання 1794 года… Юнаку давялося вярнуцца ў бацькаў маёнтак і ўладкавацца працаваць на чыгунку. Жыццё склалася так, што з прычыны цяжкай хваробы лёгкіх дактары параілі Каралю памяняць клімат на крымскі, і ён набыў дом у Севастопалі.

Крым, дзе некалі існавалі антычныя гарады, нездарма называлі «залатым дном для гісторыкаў». Касцюшка-Валюжыніч вырашыў, што далу́чыцца да пошуку старажытных помнікаў. Ён заснаваў гурток аматараў гісторыі Крыма, пры якім дзейнічалі музей і бібліятэка. З таго часу галоўнаю справай для Караля сталі раскопкі колішняга грэцкага Херсанеса, што стаяў на месцы Севастопаля. Гэтым росшукам ён аддаў дваццаць гадоў жыцця.

Касцюшка-Валюжыніч адкрыў антычныя храмы, муры і гарадскую браму, скляпы з залатымі і срэбнымі ўпрыгожваннямі. Самай значнай знаходкай стала мармуровая стэла з прысягаю жыхароў Херсанеса ІІІ стагоддзя да нашай эры. На думку гісторыкаў, гэтая клятва роднаму гораду паўнатой свайго зместу і літаратурнымі вартасцямі перасягае прысягу афінянаў.

Археолаг з Дрысеншчыны стварыў Музей старажытнага Херсанеса і быў яго першым дырэктарам. Сучасныя студэнты-гісторыкі, якія прыязджаюць у Крым на археалагічную практыку, паводле даўняй традыцыі прамаўляюць каля магілы Караля Касцюшкі-Валюжыніча словы адкрытай ім прысягі: «Клянуся Зеўсам, Зямлёю, Сонцам, багамі, багінямі і героямі алімпійскімі, што не здраджу Херсанесу…».


Прататып адваката Фецюковіча

Уклад у гістарычную навуку ХІХ стагоддзя зрабіў і рэчыцкі нараджэнец, выпускнік Менскай гімназіі Уладзімір Спасовіч. Ён займаўся мінулым заходнееўрапейскіх і славянскіх краін, падрыхтаваў да выдання Статуты Вялікага Княства Літоўскага (іх забаранілі друкаваць у сувязі з паўстаннем 1863 года).

З-пад пяра Спасовіча, які быў адным з заснавальнікаў Варшаўскага навуковага таварыства і ганаровым доктарам Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, выйшлі працы па гісторыі літаратуры, у тым ліку прысвечаныя Адаму Міцкевічу і Уладзіславу Сыракомлю.

Спасовіч атрымаў дыплом юрыдычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, загадваў там катэдрай крымінальнага права і напісаў адзін з найлепшых падручнікаў па гэтай дысцыпліне. Праславіўся і як адзін з самых паспяховых адвакатаў Пецярбурга і Варшавы. Узгадайце ягонае імя, калі бу­дзеце чытаць раман Фёдара Дастаеўскага «Браты Карамазавы». Уладзімір Спасовіч — прататып адваката-беларуса Фецюковіча.


«Над Нёманам» і «Кароль у Нясвіжы»

Беларусь «падаравала» — найперш Польшчы і Расеі — шмат знакамітых пісьменнікаў. Паміж іх былі тыя, хто ўсведамляў сябе не расейцамі і не палякамі, а ліцьвінамі-беларусамі, аднак воляю лёсу здабылі прызнанне на чужыне.

Беларуская рэчаіснасць, жыццё сялянаў і шляхты, падзеі 1863–1864 гадоў адлюстраваліся ў прозе польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Непарыўна звязаны з нашай зямлёю сюжэтам ды вобразамі і раман «Над Нёманам» — вяршыня творчасці Ажэшкі. Яна нарадзілася паблізу Горадні, а затым доўгі час жыла ў гэтым горадзе. Сёння там працуе яе дом-музей, ёсць вуліца Ажэшкі і помнік пісьменніцы. Вялікімі тыражамі выдаюцца яе кнігі ў перакладзе на беларускую мову.

З беларускага роду выво­дзіў сваё паходжанне польскі пісьменнік, аўтар амаль 600 тамоў твораў Язэп Крашэўскі. За такое дасягненне літаратара ўнеслі ў Кнігу рэкордаў Гінэса, дзе яго называюць «чэмпіёнам прыгожага пісьменства эпохі гусінага пяра». Магчыма, вы ўжо чыталі пераўвасобленыя па-беларуску гістарычныя аповесці Крашэўскага «Кароль у Нясвіжы», «Апошнія хвіліны князя ваяводы (Пане Каханку)», «Маці каралёў» (пра жонку Ягайлы Соф’ю Гальшанскую), «Апошняя з слуцкіх князёў» (пра асветніцу і святую Сафію Слуцкую).


Нямцэвіч, Мілаш, Апалінэр

Ліцьвінамі-беларусамі былі бацькі польскага літаратара, аўтара раманаў, п’ес, вершаў і перакладаў Юльяна Нямцэвіча. У 1794 годзе Нямцэвіч стаў ад’ютантам і сакратаром Тадэвуша Касцюшкі. Яны разам адбывалі зняволенне ў Петрапаўлаўскай фартэцы, а потым выехалі ў ЗША. Юльян напісаў кнігу-біяграфію першага прэзідэнта гэтай краіны Джорджа Вашынгтона, якога ведаў асабіста. З-пад пяра Нямцэвіча выйшлі падарожныя нататкі, успаміны, гістарычныя нарысы, дзе апісаныя беларускія гарады, жыццё і побыт сялянаў.

Мястэчка Чарэя, што недалёка ад Чашнікаў, — радзіма выдатнага французскага паэта Оскара Мілаша. Далёка ад беларускіх краявідаў ён пісаў, што часта бачыць у снах старадаўнюю Траецкую (Белую) царкву на беразе вялікага і прыгожага Чарэйскага возера. Цяпер у тых мясцінах адбываюцца міжнародныя фестывалі музыкі і мастацтва.

З беларускага рода Кастравіцкіх — класік французкай паэзіі Гіём Апалінэр. Маёнтак ягоных продкаў канфіскавалі за ўдзел у паўстанні 1863 года, і дзед будучага творцы выехаў за мяжу.


Ахрышчаны ў гонар Касцюшкі

У Расеі праславіўся як літаратар Фадзей (Тадэвуш) Булгарын. Ягоны бацька меў маёнтак у Менскім павеце, змагаўся ў шэрагах касцюшкаўцаў і даў сыну імя ў гонар паўстанцкага правадыра. Пасля сібірскай высылкі Булгарын-старэйшы выхоўваў сына ў «сармацкім духу»: уранні будзіў яго стрэламі з пісталета або сцюдзёнай вадой, рана навучыў ездзіць конна і абыходзіцца са зброяй, на некалькі дзён браў з сабой на паляванні. Такая загартоўка спатрэбілася Тадэвушу, калі ён ваяваў у Вялікай арміі Напалеона. За гераізм Булгарын асабіста ад французскага імператара атрымаў званне капітана і стаў кавалерам ордэна Ганаровага легіёна.

Першыя творы Тадэвуш Булгарын пісаў і друкаваў па-польску. Настала пасяліўшыся ў Пецярбурзе, ён перайшоў на мову імперыі і хутка апынуўся ў ліку самых папулярных пісьменнікаў, журналістаў і выдаўцоў. Стварыў першы ў Расеі тэатральны альманах, заснаваў літаратурна-палітычную газету «Паўночная пчала».

Булгарын выдаў цэлую бібліятэку ўласных твораў. Найвялікшы поспех напаткаў ягоны раман «Іван Выжыгін». Ён тройчы перавыдаваўся ў Расеі і быў перакладзены на пяць еўрапейскіх моваў. У літаратуры нашых усходніх суседзяў менавіта Булгарын — заснавальнік жанраў авантурнага і фантастычнага раманаў. Тым часам пісьменнік не парываў сувязяў з радзімаю бацькоў. У сваіх творах ён шмат разоў згадваў беларусаў і Беларусь, смела называючы яе «краінай».


З даўніх ліцьвінскіх родаў

Беларусы з паходжання — расейскія пісьменнікі Фёдар Дастаеўскі, Іван Бунін (з роду Бунікоўскіх), Аляксандр Грыбаедаў (з роду Грыбоўскіх), Фёдар Глінка, Аляксандр Грын (сын высланага каліноўца Стэфана Грынеўскага).

А ці ведаеце вы, што продкі нянькі Аляксандра Пушкіна — прыгоннай сялянкі Арыны Радзівонаўны — былі высланыя з-пад Кобрына за падтрымку вызвольнага паўстання Касцюшкі? Тут дарэчы нагадаць, што беларускія казкі, якія паэт слухаў у дзяцінстве, — адны з найбагацейшых па сваіх сюжэтах у Еўропе.

Дагэтуль малавядомая і такая цікавая рэч: словы да дзіцячай навагодняй песні «В лесу родилась ёлочка» сто дваццаць гадоў таму напісала нашая суайчынніца Раіса Гедройц, якая служыла ў Маскве гувернанткай…


Зоркі першай велічыні

Беларускія таленты спры­чыніліся да развіцця ў Расеі тэатральнага і музычнага мастацтва.

З Шклоўскага прыгоннага тэатра царскага вяльможы Сямёна Зорыча ў Пецярбург перавялі чатырнаццаць самых таленавітых артыстаў і артыстак. Балярыны сёстры Кацярына і Пелагея Азарэвіч сталі зоркамі першай велічыні на пецярбургскай і маскоўскай сцэнах.

Дочкі Кацярыны — Надзея і Марыя — таксама бліскуча выступалі ў балетных і драматычных спектаклях сталічных тэатраў. Марыя першай выканала ролю Лізы ў пастаноўцы камедыі «Гора ад розуму» паводле п’есы Аляксандра Грыбаедава.

Пасаду «дырэктара музыкі» пецярбургскіх імператарскіх тэатраў тады займаў кампазітар Восіп Казлоўскі, беларускі шляхціч з Мсціслаўшчыны. Некалі ён даваў урокі юнаму Міхалу Клеафасу Агінскаму, а пазней выдаваў ягоныя музычныя творы. Казлоўскі — адзін з пачынальнікаў жанру расейскага раманса. Ён напісаў паланэз «Гром победы, раздавайся», што нейкі час лічыўся гімнам імперыі.


Натхняліся беларускімі мелодыямі

Вёска Наваспаскае ў цяперашнім Ельнінскім раёне Смаленшчыны — радзіма заснавальніка расейскай класічнай музыкі Міхаіла Глінкі. Яшчэ ў 1970-я гады старэйшыя жыхары Наваспаскага — аўтар гэтых радкоў чуў на свае вушы — гаварылі на цудоўнай беларускай мове.

Глінка стварыў оперы «Іван Сусанін» і «Руслан і Людміла», раманс «Я помню чудное мгновенье», якімі ганарыцца культура ўсходніх суседзяў Беларусі. Праўда, расейцы звычайна «забываюць» адзначыць, што творчасць кампазітара заўсёды несла ў сабе водгук беларускіх народных песняў. Менавіта ў мясцінах дзяцінства Міхаіл Глінка запісаў мелодыю славутай «Камарынскай».

З беларускіх родаў паходзілі кампазітары Мадэст Мусаргскі і спявак, зорка пецярбургскага Марыінскага тэатра Фёдар Стравінскі. Ягоны сын Ігар здабудзе славу аднаго з найвыдатнейшых кампазітараў ХХ стагоддзя. Знакаміты дзеяч музычнага мастацтва Дзмітрый Шастаковіч — унук паўстанца 1863 года.

Заходнія суседзі Беларусі лічаць «бацькам польскай оперы» Станіслава Манюшку. Дзіцячыя і юначыя гады будучага кампазітара прайшлі ў мястэчку Убель Ігуменскага павета (цяпер у Чэрвеньскім раёне) і ў Менску. Манюшка быў пачынальнікам і нашага опернага мастацтва: паставіў на менскай сцэне ў суаўтарстве з пісьменнікам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам оперу «Сялянка». Пражыўшы другую частку жыцця ў Варшаве, Станіслаў Манюшка часта натхняўся роднымі яму з малых гадоў беларускімі мелодыямі.

Польскі кампазітар і дырыжор Мечыслаў Карловіч, якога называюць пачынальнікам польскай сімфанічнай музыкі, родам з Смаргоншчыны. Сімфанічная паэма Карловіча «Літоўская рапсодыя» заснаваная на беларускіх народных песнях, а ў паэме «Адвечныя песні» выразна гучаць мелодыі беларускіх жалобных спеваў.


«Махабхарата» і японскі слоўнік

Беларусь дала тагачаснай навуцы шмат таленавітых мовазнаўцаў.

Палачанін, сын вуніяцкага святара і выхаванец Полацкай вышэйшай піярскай вучэльні Каятан Касовіч стаў першым у Расеі санскрытолагам — знаўцам санскрыту (даўняй літаратурнай мовы Індыі). Ён склаў санскрыта-расейскі слоўнік і перакладаў адзін з найкаштоўнейшых твораў сусветнай літаратуры — індыйскую «Махабхарату».

Касовіч займаўся перакладамі з старажытных грэцкай, персідскай і габрэйскай моваў. Ён быў правадзейным сябрам французскіх, нямецкіх і англійскіх навуковых таварыстваў. Персідскі шах адзначыў Касовіча адной з самых высокіх узнагародаў сваёй дзяржавы — ордэнам Льва і Сонца. Наведваючы ў Лондане праслаўлены Брытанскі музей, дасведчаны палачанін звярнуў увагу яго супрацоўнікаў на тое, што асірыйскія клінапісныя табліцы вісяць у іхняй экспазіцыі дагары нагамі.

У сям’і вуніяцкага святара нарадзіўся і Язэп Гашкевіч родам з Рэчыцкага павета. Гэты выпускнік Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі даследваў культуру Кітая, Карэі ды Японіі, выдаў першы японска-расейскі слоўнік. Ён стаў першым расейскім консулам у Японіі, а таксама адным з першых іншаземцаў, каму японскія ўлады дазволілі наведаць унутраныя раёны краіны. Калекцыі флоры і фаўны, сабраныя ў вандроўках, Гашкевіч падараваў заалагічнаму музею ў Пецярбурзе.

Імя нашага земляка ўвекавечанае ў назвах затокі ў Паўночнай Карэі і вуліцы ў Менску. Помнікі Язэпу Гашкевічу ўсталяваныя ў горадзе Хакадатэ на японскім востраве Хакайда і ў беларускім Астраўцы, паблізу якога стаяў маёнтак, дзе вучоны пражыў апошнія гады. Пісьменнік Васіль Гузанаў выдаў пра Гашкевіча дакументальную аповесць «Адысей з Беларусі».

Бацька філолага і гісторыка Восіпа Кавалеўскага служыў святаром у вуніяцкай царкве на Гарадзеншчыне. Такое паходжанне яшчэ раз сведчыць, што вуніяцкае асяроддзе вельмі часта давала адукаваных асобаў з шырокім кругаглядам і здольнасцю сказаць сваё слова ў навуцы і культуры.

З сям’і святара-вуніята з Віцебшчыны выйшаў і расейскі філосаф Мікалай Лоскі.


Восіп Кавалеўскі і Эдвард Пякарскі

За прыналежнасць да філаматаў і філарэтаў Восіпа Кавалеўскага выключылі з Віленскага ўніверсітэта і выслалі ў Казань. Там ён дасягнуў поспехаў у вывучэнні ўсходніх моваў і асабліва зацікавіўся мангольскай. Малады навуковец шмат падарожнічаў па Манголіі ды Кітаі і вярнуўся ў Казанскі ўніверсітэт з казачна багатым зборам рукапісаў на мангольскай, тыбецкай, кітайскай і маньчжурскай мовах. Ён выдаў граматыку мангольскай мовы, мангольска-расейска-французскі слоўнік, «Мангольскую хрэстаматыю». Кавалеўскага абралі акадэмікам Пецярбургскай акадэміі навук, а затым — рэктарам Казанскага ўніверсітэта.

Этнографа, географа і фалькларыста Эдварда Пякарскага, які нарадзіўся ў Ігуменскім павеце, лічаць «бацькам якуцкай літаратуры». За ўдзел у руху рэвалюцыянераў-народнікаў Пякарскага адлічылі з інстытута без права паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Яго выслалі ў Якуцію, дзе давялося пражыць дваццаць гадоў. Навуковы склад розуму Пякарскага не дазваляў яму сядзець без справы. Ён заняўся вывучэннем якуцкіх традыцый і абрадаў, казак і песняў. Але галоўным клопатам стала складанне першага ў гісторыі слоўніка якуцкай мовы. У гонар Эдуарда Пякарскага ў Якуцку названыя вуліца і школа, створаны яго музей. Урад сучаснай Рэспублікі Саха (Якуціі) заснаваў стыпендыі імя Пякарскага і выдзеліў грошы на рэстаўрацыю ягонага паўразбуранага надмагільля ў Пецярбурзе. Мясцовыя чыноўнікі помнікам славутаму беларусу не цікавіліся…


У падмурак Адраджэння

Выпускнік Магілёўскай духоўнай семінарыі Іван Насовіч супрацоўнічаў з Пецярбургскай Акадэміяй навук і Расейскім геаграфічным таварыствам, выконваў іх замовы і ганараваўся высокімі прэміямі. Ён склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы на 13 тысяч слоў, зборнікі прыказак і прымавак, народных песняў, легендаў і баек. У гэтым дапамагалі шматлікія падарожжы па родным краі.

Галоўная праца Івана Насовіча, якая прынесла яму ўдзячную памяць суайчыннікаў, — выдадзены ў 1870 годзе «Слоўнік беларускай мовы». Туды ўвайшло болей за 30 тысяч слоў, запісаных самім аўтарам у Віцебскай, Магілёўскай, Менскай і Гарадзенскай губернях, а таксама ўзятых з даўніх помнікаў пісьменства і вуснай народнай творчасці.

Праца Насовіча — з тых, што леглі ў падмурак беларускага Адраджэння. Слоўнік перавыдадзены пры канцы ХХ стагоддзя і дагэтуль лічыцца ўнікальным зборам айчыннай лексікі.


Настаўнік настаўнікаў

Шмат хто з вас, відаць, чуў пра знакамітага педагога Канстанціна Ушынскага. Паводле апошніх звестак, гэты асветнік і заснавальнік педагагічнай навукі ў Расеі нарадзіўся не ў Туле (так сцвярджаюць расейскія даведнікі і энцыклапедыі), а ў сям’і беларускага шляхціча пад Маладзечнам.

У сваіх педагагічных кнігах, падручніках і артыкулах Ушынскі падкрэсліваў: школа павінна не толькі падрыхтаваць чалавека да жыцця і працы, але і выхаваць пачуцці патрыятызму, абавязку перад народам. Ён лічыў, што ў выхаванні дзяцей велізарную ролю адыгрывае сям’я. Вялікую ўвагу Ушынскі надаваў мове навучання і быў перакананы, што кожны народ мае права мець школу на роднай мове.

Настаўніку настаўнікаў, як называлі Ушынскага, належаць мудрыя словы-папярэджанне: «Калі вымерла мова ў вуснах народа, вымер і народ».

Уявіце, колькі зрабіў бы для свайго народа Канстанцін Ушынскі, калі б тады існавалі беларуская дзяржава і адукацыя на беларускай мове…

* * *

…У 1897 годзе ў Расейскай імперыі адбыўся першы ўсеагульны перапіс насельніцтва. Апытання пра нацыянальнасць не праводзілася, але перапісчыкі павінны былі высветліць родную мову жыхароў. 5 мільёнаў 711 тысяч чалавек назвалі роднай мовай беларускую. Бальшыня з іх жыла ў Віленскай, Гара­дзенскай, Менскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях. Некалькі сотняў тысяч беларусаў налічвалася ў Смаленскай, Чарнігаўскай і Ковенскай губернях. У «Северо-Западном крае» — так афіцыйна менавалі Літву-Беларусь імперскія ўлады — пра беларускую мову як родную заявілі звыш 50 працэнтаў шляхты, 60 працэнтаў настаўнікаў, 40 працэнтаў чыноўнікаў. Гэта сведчыла, што каланізатары, нягледзячы на ўсе намаганні, не здолелі ператварыць нашых продкаў у расейцаў. З кожным годам колькасць беларусаў няўхільна расла.

У ХХ стагоддзе былыя Літва і ліцьвіны ўступілі ўжо як Беларусь і беларусы. Мацнела беларускае нацыянальнае Адраджэнне. Першая сусветная вайна, што пачалася ў 1914-м, прывяла да краху Расейскую, Аўстра-Вугорскую, Нямецкую і Асманскую імперыі. Гэта спрыяла вызваленню паняволеных народаў.

25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Бальшавікі знішчылі БНР, ды перамагчы ідэю нашай дзяржаўнасці яны не змаглі. Да сапраўднай незалежнасці заставаўся цяжкі і доўгі шлях. Беларусы прайшлі яго, і ў 1991-м на палітычнай карце свету з’явілася незалежная Рэспубліка Беларусь.

Падзеям ХХ стагоддзя будзе прысвечаная трэцяя частка кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя».

Уладзімір Арлоў, novychas.by