Дакументы і матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі ў Чэхаславацкай Рэспубліцы (1918-1939)

Дакументы і матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі ў Чэхаславацкай Рэспубліцы (1918-1939) / уклад., прадм., камент. А. Бучы. – Мінск: Кнігазбор, 2020. – 560 с.

Буча_фота вокладкі.jpg

У кастрычніку 2020 года ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшла кніга “Дакументы і матэрыялы па гісторыі беларускай эміграцыі ў Чэхаславацкай Рэспубліцы (1918–1939). Гэты зборнік дакументаў падрыхтаваў да выдання кандыдат гістарычных навук Андрэй Буча.

У прадмове да выдання аўтар-складальнік піша, што нягледзячы на вялікую навуковую цікавасць да тэмы, да сённяшняга дня так і не было падрыхтавана комплекснае манаграфічнае даследаванне, прысвечанае гісторыі беларускай дыяспары ў міжваеннай Чэхаславакіі. Шмат у чым гэта можна патлумачыць расцярушанасцю архіўных крыніц. Таму дадзены зборнік дакументаў дапаможа запоўніць той прабел, які існуе ў айчыннай археаграфіі, паспрыяе далейшаму даследаванню беларускай прысутнасці ў міжваеннай Чэхаславакіі.

Працуючы над гэтым зборнікам, Андрэй Буча імкнуўся да стварэння такога археаграфічнага выдання, пад вокладкай якога былі б сабраны дакументы і матэрыялы, здольныя паказаць не толькі грамадска-палітычную, культурна-асветніцкую, навукова-адукацыйную дзейнасць беларускай дыяспары ў міжваеннай Чэхаславакіі, але і палітыку прыймаючай краіны ў дачыненні да беларускіх эмігрантаў, палітыку метраполіі (у нашым выпадку БССР), а таксама іншых беларускіх нацыянальных асяродкаў у адносінах да беларускай супольнасці ў Чэхаславакіі.

Пры падрыхтоўцы зборніка дакументаў былі выкарыстаны матэрыялы з такіх беларускіх, літоўскіх, расійскіх, чэшскіх архіваў, як Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Цэнтральны дзяржаўны архіў Літвы, Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі, Архіў МЗС Чэхіі, Нацыянальны архіў Чэхіі, Архіў горада Прагі. Таксама ў выданні апублікаваны некаторыя архіўныя дакументы, якія захоўваюцца ў Славянскай бібліятэцы (Прага). Дакументы з вышэйадзначаных архіваў надрукаваны ўпершыню.

Разам з тым, у зборнік уключаны і раней апублікаваныя дакументы. Такі падыход тлумачыцца жаданнем аўтара-складальніка паказаць максімальна поўную панараму рознабаковага жыцця беларускай дыяспары ў міжваеннай Чэхаславакіі. Для дасягнення гэтай самай мэты ў зборніку таксама надрукаваны і рэлевантныя матэрыялы з перыядычных выданняў 1920–1930-х гг.

Дакументы і матэрыялы надрукаваны на мове арыгінала (беларускай, польскай, рускай, славацкай, украінскай, чэшскай). Дакументы з рускай і ўкраінскай мовы на беларускую не перакладаюцца. Да кожнага дакумента складзены загаловак, які ўключае парадкавы нумар, дату і месца стварэння дакумента, від, пазначэнне адрасанта і адрасата, кароткі змест. У канцы кожнага дакумента прыведзена легенда, якая змяшчае пошукавыя дадзеныя (назва архіва, нумар фонда, вопісу, справы, лістоў), спосаб узнаўлення тэкста (рукапісны, машынапісны, друкаваны), арыгінальнасць (арыгінал, копія, чарнавік). Некаторыя дакументы і матэрыялы друкуюцца не ў поўным аб’ёме. Пра гэта паведамляецца ў загалоўках дакументаў.

Храналагічныя рамкі зборніка абмежаваны перыядам існавання Чэхаславацкай Рэспублікі, г. зн. з 1918 г. па сярэдзіну сакавіка 1939 г., калі Славакія абвясціла незалежнасць, а чэшскія землі былі акупаваны вермахтам. Праўда, першы дакумент які публікуецца ў выданні, датуецца 29 красавіка 1919 г. (Запіс Антона Луцкевіча пра вынікі візіту да прэзідэнта Чэхаславакіі Томаша Гарыга Масарыка). Дакументаў за 1918 г., якія б тычыліся беларускай прысутнасці ў Чэхаславакіі, аўтару выявіць не ўдалося. У дакументах за 1938–1939 гг., а гэта пераважна асабістая перапіска Васіля Захаркі з рознымі асобамі, раскрываецца тэма росту прагерманскіх настрояў сярод лідараў пражскіх беларусаў. Завяршае зборнік ліст старшыні Беларускай рады ў Празе Пражскаму паліцэйскаму ўпраўленню за 11 сакавіка 1939 г. з паведамленнем пра маючае адбыцца святкаванне 21-й гадавіны абвяшчэння БНР.

Усяго ж у зборнік увайшло 276 дакументаў, якія грунтоўна пракаментаваны (636 навуковых каментароў) Андрэем Бучай. У кнізе змешчаны такія віды гістарычных крыніц, як канцылярскія крыніцы, асабістая перапіска і мемуары, матэрыялы перыядычнага друку.

Увесь комплекс канцылярскіх крыніц можна падзяліць на некалькі груп: 1) дакументы чэхаславацкіх дзяржаўных органаў; 2) дакументы эмігранцкіх арганізацый і ўстаноў, якія дзейнічалі ў Чэхаславакіі; 3) дакументы органаў і структур БНР, 4) дакументы савецкіх дзяржаўных органаў.

Для вывучэння беларускай прысутнасці ў міжваеннай Чэхаславакіі велізарнае значэнне маюць эпісталярныя крыніцы. Гэта звязана з тым, што справаводчая дакументацыя многіх беларускіх арганізацый у Чэхаславакіі амаль не захавалася. У зборніку багата прадстаўлена асабістая перапіска беларускіх грамадска-платычных дезячаў.

Матэрыялы перыядычнага друку 1920–1930-х гг. арганічна запаўняюць тыя інфармацыйныя прабелы пра рознабаковую дзейнасць беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі, якія ўтварыліся ў выніку фрагментарнай захаванасці архіўнага матэрыялу. У зборніку публікуюцца матэрыялы, надрукаваныя ў перыядычных выданнях, якія выходзілі ў Чэхаславакіі, Польшчы, БССР, Літве.

У дадатку змешчаны ўспаміны Антона Луцкевіча, Язэпа Варонкі, Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Наталлі Сазановіч-Орсы, Георгія Мухі-Мухноўскага, Людмілы Краскоўскай, Міколы Шыманкі пра розныя аспекты гісторыі беларускай эміграцыі ў міжваенна Чэхаславакіі.

Аркамя таго, у выданні маецца 20 старонак ілюстрацый. Гэта асабістыя фотаздымкі дзеячаў беларускай эміграцыі (90 фотаздымкаў); групавыя фотаздымкі; фотаздымкі з сямейнага архіва праўнучак прадстаўніка БНР у Празе Міколы Вяршыніна; дыпламатычны пашпарт БНР Марыі Крэчэўскай; пашпарты БНР на імя Мікалая Верамея, Янкі Геніюша, Янкі Станкевіча, Мікалая Чарнецкага; пасведчанні на права жыхарства ў Чэхаславакіі на імя Яна Казіміра Бабровіча і Мікалая Ільяшэвіча; вокладкі часопісаў, якія выдавалі беларускія эмігранты ў Празе; пячаткі беларускіх арганізацый у Чэхаславакіі; абвесткі і запрашэнні.

Выданне адрасавана даследчыкам, выкладчыкам, студэнтам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.


Набыць кнігу можна ў Мінску:

  • Акадэмкніга (пр-т Незалежнасці, 72);

  • Светач (пр-т Пераможцаў, 11);

  • Цэнтральная кнігарня (пр-т Незалежнасці, 19).

або набыць праз інтэрнэт: knihi.by