Cуд Брэсцкай вобласці вынес рашэнне па справе аб ліквідацыі «Польскай школы»

19 красавіка эканамічны суд Брэсцкай вобласці разгледзеў справу па іскавай заяве пракурора Брэста аб ліквідацыі «Польскай школы», пададзеную ў мэтах «абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў», паведамляюць у пракуратуры.

У выніку суд вынес рашэнне аб ліквідацыі ТАА «Польская школа» ў тэрмін да 19 ліпеня 2021 года.

Нагадаем, 10 сакавіка была распачата крымінальная справа «па факце здзяйснення групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму» (ч. 3 арт. 130 КК). Адбылося гэта пасля скандалу са святкаваннем «Дня выклятых жаўнераў», якое прайшло ў польскіх арганізацыях Брэста 28 лютага.

МЗС Беларусі выслала з краіны польскага консула ў Брэсце, Польшча абвясціла, што высылае ў адказ беларускага дыпламата. Далей афіцыйны Мінск паведаміў пра высылку польскага консула ў Гродне, Варшава на гэта зноў адказала.

У Брэсце прайшлі затрыманні. За кратамі знаходзіцца сузаснавальніца «Польскай школы» Ганна Панішава. Сілавікі правяралі ў розных гарадах польскія адукацыйныя цэнтры.

Пракуратура заяўляе пра «абясцэньванне гістарычнай памяці беларускага народа» з удзелам польскіх актывістаў.

novychas.by