Чаму ў БССР «рэзалі» нават дзіцячыя вершы Ларысы Геніюш?

Дзіцячая паэзія Ларысы Антонаўны вяртаецца ў Беларусь, дзякуючы энергіі ды імпэту Глеба Лабадзенкі. Зборнік вершаў «Унукам» быў прэзентаваны ў Гродна.

Здавалася, б ці выпадае казаць пра нейкае цкаванне паэзіі Геніюш у паваенным БССР? Тады ў яе выйшлі два дзіцячыя зборнікі: «Казкі для Міхаські» ды «Добрай раніцы, Алесь». Тыражы па сённяшнім часе фантастычныя — 42 і 50 тысячы асобнікаў. Зараз уявіць дзіцячыя кніжкі па-беларуску такімі накладамі наўпрост нерэальна. Але ж не ўсё так проста…

«Бабулі распавядаюць байкі, а наша — вершы»

Дзіцячыя вершы Ларыса Антонаўна пісала не абстрактным беларускім дзецям, але вельмі канкрэтным — сваім унукам Міхасю і Алесю, якія жылі ў Беластоку. Прыязджаць адно да аднаго атрымлівалася толькі зрэдку. Пагутарыць па тэлефоне — таксама няўдзячная працэдура і тое, не больш за 15 хвілін з пошты… Заставаліся папяровыя лісты.

«Баба Ларыса, як мы яе звалі, не мела магчымасці выхаваць сына, — распавядае Міхась Геніюш. — Не змагла даць цяпло яму, таму давала мне і брату — унукам. Лістамі ці рэдкім словам. Бабулі распавядаюць байкі, а наша — вершы. Казала, як маем жыць. У лістах былі таксама малюнкі, яна любіла маляваць, мела пластычны талент. Мама лісты захавала, я паказаў Глебу — а ён вырашыў выдаць».


03-mihas_henijusz_logo.jpg

Міхась Геніюш


Сам архіў лістоў і малюнкаў паэткі апынуўся неацэнным скарбам, які дагэтуль захоўваецца ў Беластоку ў Міхася Геніюша. Справа яшчэ ў тым, што з дзевяноста аднаго дзіцячага вершу паэткі за савецкім часам было надрукавана ўсяго 39. Рэшта так і засталася набраная машынапісам альбо расцярушаная па лістах і тэчках прыватнага архіву.

«Псаваў вершы, бо …раўнаваў»

Паводле Глеба Лабадзенкі, так сталася зусім не таму, што Геніюш не хацела друкавацца. Яе прапановы наўпрост метадычна адкідалі, а калі бралі ў друк — то бязлітасна рэзалі, цэнзуравалі, скарачалі (часам — ажно ў 5 разоў!), збіваючы рытм і рыфму, выкідаючы сэнсы і вобразы. І справа не толькі ў палітыцы ці вобразах, якімі карысталася паэтка.

«Абедзве дзіцячыя кніжкі Геніюш рэдагаваў такі Авер’ян Дзеружынскі, дзіцячы паэт, — тлумачыць Лабадзенка. — Я яго не заспеў, але спытаўся ў жонкі Барадуліна, якая працавала з ім разам у выдавецтве. Яна кажа, што паэт быў не найлепшы, але амбіцыі меў вялікія. І што ён, рэдагуючы кнігі Геніюш, наўпрост раўнаваў. Разумеў, што яна піша лепш за яго і …псаваў яе вершы! Але ўсё вярнулася на свае месцы».


05-maljunki__jakija_unuki_dasylali_babuli_paetcy_u_adkaz_logo.jpg

Малюнкі, якія ўнукі дасылалі бабулі-паэтцы ў адказ


Апроч вядомых і невядомых вершаў Геніюш, у зборніку багата малюнкаў, прычым, як аўтарства самой Ларысы Антонаўны, так і яе ўнукаў. А што дзіўнага? Бабуля малявала, унукі малявалі ў адказ. Не было ж ані вайбера, ані месенджэра, каб дзеці паказалі бабулі, напрыклад, як упрыгожылі святочную елку, дык яны яе малявалі і дасылалі папяровым лістом.


06-autohraf_sesija_mihasja_henijusza_logo.jpg

Аўтограф-сесія Міхася Геніюша


Апроч гэтага, у зборніку багата фотаздымкаў з прыватнага архіву Геніюшаў, у тым ліку здымкі маленькага Міхася на руках у бабулі-паэткі. 

«Я вельмі хацеў, каб кніжка была цёплая як цёплай была Ларыса Геніюш, — рэзюмуе сп. Міхась. — Каб і дзеці і дарослыя маглі нешта знайсці ў ёй для сябе. Так і атрымалася, таму я вельмі задаволены».

Алесь Кіркевіч, “Новы Час”