Былі чатыры Алы Пугачовы, дзясяткі 120-гадовых - Белстат выключыў памылкі ў перапісе

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева сёння на прэс-канферэнцыі расказала, якія памылкі і недакладнасці даводзілася выключаць і выпраўляць у анкетах грамадзян у час перапісу насельніцтва 2019 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас былі чатыры Алы Барысаўны Пугачовы, проста дзіўныя па гучанні імёны і прозвішчы, амаль 100 чалавек, узрост якіх перасягаў 120 гадоў. Мы гэтаму, вядома, не верым. І наогул, пачынаючы са 100 гадоў бралі інфармацыю з рэгістра насельніцтва з узростам кожнага такога чалавека. Часта аказвалася, што людзі проста няправільна пазначалі год нараджэння. Усе памылкі выключылі", - запэўніла Іна Мядзведзева.

Праграмнае забеспячэнне, з дапамогай якога апрацоўваліся апытальныя лісты, выключала дублікаты. Сумніўныя даныя вывяраліся і ўдакладняліся. Напрыклад, выпраўлены тысячы недакладнасцей у назвах вуліц, пазначаных грамадзянамі. Гэтым і тлумачыцца некаторая затрымка з прэзентацыяй першых даных.

Напрыклад, шмат часу спатрэбілася спецыялістам зверыць даныя па адной з вёсак у Брэсцкай вобласці. Пры самастойным запаўненні анкеты ў інтэрнэце яна з'яўлялася першай у падказках. І многія грамадзяне выбіралі яе машынальна, хоць пражываюць у іншым населеным пункце. У выніку пры колькасці насельніцтва вёскі меншай за 10 чалавек у ёй перапісаліся 150 грамадзян.

У Беларусі перапіс насельніцтва праходзіў з 4 па 30 кастрычніка 2019 года пад лозунгам "Погляд на сучаснае - крок у будучае". На першым этапе можна было запоўніць апытальныя лісты самастойна па інтэрнэце, на стацыянарным участку або нават на сваім рабочым месцы (па заяўцы арганізацыі на работу мабільных участкаў). Па дамашніх адрасах перапісчыкі рабілі абходы з 21 кастрычніка. На працягу ўсяго перыяду працавалі амаль 650 стацыянарных участкаў.

БЕЛТА