“Бурштынавая народная рэспубліка” на дне Герадотавага мора

Журналістка і падарожніца з Падляшша Ганна Кандрацюк прэзентавала ў Мінску кнігу “Па Прыпяці па Нобель” – шыкоўны травелог, плён вандроўкі аўтаркі па ўкраінскім Палессі.

Цымус кнігі яшчэ і ў тым, што Ганна Кандрацюк – падляшская беларуска, роўна як і рэдактар кнігі Яўген Вапа. То бок гэта не звычайны погляд на Палессе збоку, але погляд з боку Падляшша – яшчэ аднаго ўнікальнага рэгіёна з клубком нацыянальных, рэлігійных і гістарычных перапляценняў. Так утвараецца трохкутнік Польшча-Украіна-Беларусь, у якім і знаходзіцца Палессе, край, які ляжыць на дне міфічнага Герадотавага мора.


02-vapa.jpg

Яўген Вапа


“Гэта кніга пра Палессе, якога мы не ведаем, – распавядае Яўген Вапа. – Фарбы, колеры, смакі – гэта цэлы космас, які Ганна адчула і паклала на паперу. Вялікі сэнс кнігі ў тым, каб праз вобразы Палесся апісаць сваё “я”, сваё месца ў вялікай прасторы і свеце”.

12 палескіх вятроў і пах прымятай травы

Пісьменнік Уладзімір Арлоў на прэзентацыю прыйшоў з ужо прачытанай кнігай Ганны, пра што засведчыў букет закладак у томіку.

“Не люблю запазычанняў з іншых моваў, але тэрмін “травелог” мне даспадобы, – дзеліцца ўражаннямі Арлоў. – У гэтым слове чуецца вецер і пах прымятай травы… Дык вось, гэтая кніга – шыкоўны травелог: тут і лірыка, і метафізіка… Вы ведалі, што палешукі разрозніваюць 12 відаў вятроў? Гэта неймаверная архаіка і самабытнасць”.

Арлоў дадае таксама некалькі прыкладаў беларуска-ўкраінскіх культурных масткоў, што прайшлі праз Палессе. Скажам, украінскі пісьменнік Аляксандр Ірванец добра ведае беларускую мову, хоць паходзіць з Роўна. Чаму? Бо ягоны бацька ў часы маленства сына ездзіў на закупы ў Лунінец і прывозіў адтуль, сярод іншага, часопіс “Вожык”!

Зрэшты, думка, што цэнтрамі прыцягнення для палешукоў ёсць Брэст, Лунінец і Пінск, а не Ковель ці Львоў, гучыць неаднаразова. Весела слухаць гісторыю пра тое, як падчас выбараў ва Украіне шмат гадоў таму палешукі на пытанне журналістаў “За кого будете голосувати?” адказвалі адназначна: “За Лукашенко!”. Усё проста: людзі глядзелі беларускія ТБ-каналы, трапляючы з украінскай рэальнасці ў беларускую.

“Калі ехала, думала, што ўбачу мёртвыя вёскі і бабуляў…”

“Пра Палессе можна размаўляць год, дзень і ноч, і тэма ніколі не скончыцца, – маляўніча распавядае Ганна Кандрацюк. – Калі я ехала, то думала, што ўбачу мёртвыя вёскі са старымі бабулькамі, а там вёска – гэта 2000 чалавек, школа на 500 дзяцей, бар, 5-7 рэлігійных супольнасцяў: праваслаўныя розных патрыярхатаў, іегавісты, пяцідзясятнікі, нават паганцы – сустракала і такое”.

Аповед Ганны больш нагадвае мазаіку альбо пераплеценыя ў палескі каўтун валаскі. Варта прывесці хаця б пару замалёвак.


03-hanna_k.jpg

Ганна Кандрацюк


***

Пра 11 сыноў

На Палессі захоўваецца моцная патрыярхальная традыцыя. Найбольшая каштоўнасць – дзеці, але найперш сыны. У адной вёсцы ў сельсавеце на дошцы гонару ўбачыла фота сям’і Мартынюкоў, дзе 11 дзяцей. На вяселле аднаго з іх мяне запрашалі.

Пра чужынцаў

Палешукі неахвотна ствараюць сем’і з чужынцамі. Ёсць нават такі праклён, які маці кажа дачцэ: “Щоб ти пішла заміж в инше село!”. Вось вам і мабільнасць, вось вам і ХХІ стагоддзе!

Пра палешука і прыроду

Палешукі моцна звязаныя з прыродай, проста жывуць гэтым. Калі паляшук вяртаецца з далёкага падарожжа дадому, ён можа на дзень пайсці на балота ці пасядзець на рэчку – каб адчуць дом, вярнуцца да самога сябе.

Пра кіеўскіх князёў і яцвягаў

Там я пачула песні, якіх не чула ніколі. Скажам, у вёсцы Нобель, якая стаіць на возеры, дзяўчаты дагэтуль спяваюць пра забітых ваяроў – гэта вельмі архаічны матыў пра бітву, якая там адбылася паміж кіеўскімі князямі і яцвягамі ледзь не 1000 гадоў таму!

Пра цывілізацыю рачных людзей

Шляхі камунікацыі на Палессі – рэкі, а не дарогі. Прыпяць, Гарынь, Стаход… Сядаеш сабе на човен і плывеш. Гэта цывілізацыя рачных людзей. А дарог альбо няма, альбо яны больш нагадваюць напрамкі, чорт рогі зломіць… Так я неяк дабіралася з аднаго раёна ў іншы адно два дні!

Пра бурштынавую мафію

Там існуе бурштынавая мафія, шмат даляравых мільянераў… Але багацце не афішуюць: “Люди не дурні, щоб багатством хвалитися!”. Большасць бурштыну на Захадзе сёння паходзіць акурат з Украіны, а не з Прыбалтыкі. Лічыцца, што палескі больш якасны.

Вяскоўцы, якія шукаюць бурштын, аб’ядноўваюцца ў кланы па рэлігійнай прыкмеце: асобна – пяцідзясятнікі, асобна – праваслаўныя. Чужых у гэты бізнес не пускаюць, хоць малдаване спрабуюць прыязджаць і капаць. У Дубровенскім раёне мясцовыя жартам называюць свой край “Бурштынавай народнай рэспублікай”. Тут толькі доля жарту, бо ўжо сур’ёзна людзі разважаюць: “Што дала нам Україна, апроч вышыванак? Нічога. А зарабіць мы і самі зможам…”

Пра манастыр, чары і мову

Была ў манастыры, які спецыялізуецца на лячэнні ад… чараў! Гэта вельмі па-паляшуцку. І вось побач з манастыром шмат аўтобусаў з берасцейскімі нумарамі. Феномен у тым, што калі беларусы з Берасцейшчыны песякаюць мяжу, то пачынаюць размаўляць “па-свойму”, а ў сябе дома – толькі па-руску…

***

Кніга “Па Прыпяці па Нобель” – гэта той унікальны выпадак, калі пра вёску ў нас пішуць без суму і скрухі, калі вёска – гэта жыццё, дзе пераплеценыя архаіка, бізнес, грошы, мафія, чары, песні, прырода і непаўторная палеская мова.

Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”,
фота Вікі Трэнас