Будаўлянін Мікола Гарошка

hu_logo-small.jpg

Кожны дзейны беларускі эмігрант, чым бы ён ні займаўся, па сутнасці — муляр. Можа, не такі, якімі былі папярэднікі, прыкладам, Вацлаў Ластоўскі і браты Луцкевічы — сапраўдныя масоны, але сведамы сваёй сакральнай дзейнасці: будавання Беларусі па-за ейнымі межамі.

Зрэшты, Мікола Гарошка быў сапраўдным фахоўцам-будаўніком: у Амерыцы заснаваў першую беларускую бізнес-арганізацыю: “будаўляна-кантрактны карпаратыў “Нёман”” (1955). Але гэтым ім пабудаванае не вычэрпваецца.


01-Mikola_Haroszka-420x486.jpg

Мікола Гарошка


Мікола Гарошка нарадзіўся 4 траўня 1902 года ў вёсцы Трашчыцы Наваградскага павета. Вучыўся ў сельскагаспадарчай школе ў мястэчку Мір, потым у Наваградскай і Віленскай беларускіх гімназіях. А калі хлопцу споўнілася 20 гадоў, прагнучы працягу навучання, перабраўся ў Прагу.

Нашая эміграцыя ў Празе — тэма быццам не новая, але хіба толькі для людзей малаабазнаных. Кожны новы дакумент, кожнае новае сведчанне — каштоўнасць, асабліва калі гэта мала каму вядомы ўспамін Вінцэнта Жук-Грышкевіча, які, да таго ж, не лішні раз нагадвае пра рэальную тагачасную палітыку палякаў на нашых землях:

“Спаткаўся я зь Міколам Гарошкам у 1923 годзе ў Празе. У Прагу на пачатку 20-х гадоў ехалі беларускія матурысты й студэнты пераважна з Заходняй Беларусі, у меншым ліку з Латвіі і зь некаторых іншых краінаў, у якіх яны (пераважна старэйшыя студэнты) апынуліся ў сувязі з вайной і расейскай рэвалюцыяй. Справа ў тым, што ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, які, згодна з умовай з Літоўскім (Жамойцкім) урадам, знаходзіўся тады ў Коўне, выстараўся ў Чэхаславацкага Ўраду — што прызнаваў Беларускую Народную Рэспубліку — значную колькасьць стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў, каб яны маглі атрымаць вышэйшую асьвету ў чэскіх вышэйшых школах. Для беларускай справы гэта мела вялікае значаньне, бо-ж палякі ў Заходняй Беларусі былі супраць павялічэньня ліку беларускай інтэлігэнцыі й ня прыймалі матурыстаў беларускіх гімназіяў у польскія ўнівэрсытэты. Справа адукацыі беларускай моладзі ў Заходняй Беларусі камплікавалася тым больш, што польскія ўлады не давалі пашпартоў тым беларускім студэнтам, што хацелі выехаць на навуку заграніцай. Але гэта ня стрымлівала нашых студэнтаў ад выязду ў Прагу. Яны ехалі нелегальна — “празь зялёную граніцу”, хоць і ведалі, што за гэта іх пазбавяць польскага грамадзянства.

Справа ўладжваньня беларускіх студэнтаў на навуку ў чэскіх вышэйшых школах была праведзена ўрадам БНР ужо ў 1921 г. У Празе, дзе было шмат эмігранцкіх студэнтаў — расейскіх, украінскіх, беларускіх і іншых — быў створаны Чэска-Украінскі Камітэт для дапамогі украінскім і беларускім студэнтам. Уладжваньнем беларускіх студэнтаў у чэскіх вышэйшых школах у Празе займаўся прадстаўнік Рады БНР на Чэхаславакію праф. Мікола Вяршынін.

Ужо ў 1921 г. была там значная група беларускіх студэнтаў, якая складалася з тых, што ўжо былі на эміграцыі як супрацоўнікі Ўраду БНР ды тых, што восеньню 1921 г. выехалі зь Вільні, як Янка Станкевіч, Ігнат Дварчанін, Клімовіч, Сасноўскі, Бабровіч, Шах і іншыя. Да іх далучылася каля 20 асоб, што прыехалі ў Прагу восеньню 1922 г., сярод якіх былі Корж, Геніюш Янка, Макоўскі, Дзегцяроў, Ігнатовіч, Малевіч, аўтар гэтых радкоў і іншыя.

У 1923 г. прыехала яшчэ большая група, што складалася з віленчукоў, наваградчан і дзьвінчукоў. У гэтай групе былі Гарошка Мікола, два Орсы, два Сакі, тры студэнткі – Сазановіч, Садоўская й Мілоўская (з Дзьвінску), Сланеўскі, Гузоўскі, Чарнэцкі, Іляшэвіч Мікола, Дыліс, Рыдлеўскі, Абрамчык Мікола, Жылка, Лаўскі і іншыя. Сабралася ўжо паважная група беларускіх студэнтаў. Віленскія беларускія дзеячы, што выпраўлялі беларускіх студэнтаў на навуку ў Прагу, прасілі, каб яны памятавалі, што ў першую чаргу ў Заходняй Беларусі патрэбны вучыцялі беларускіх гімназіяў, а наступна спэцыялісты сельскай і лясной гаспадаркі. І ўсё-ж бальшыня нашых студэнтаў у Празе пайшла на тэхнічныя аддзелы й мэдыцыну.

Апрача Прагі частка беларускіх студэнтаў вучылася ў Брне, Братыславе, Падэбрадах і Пшыбраме. Нават тым, што ня мелі матуры — знойдзены былі магчымасьці закончыць матуру й скіраваць іх у вышэйшыя школы.

Беларуская студэнцкая арганізацыя ў Празе мела ўжо каля сотні сяброў і з кожным годам узрастала. Гуло ў ёй, як у вульлі. На сходах разглядаліся ня толькі студэнцкія справы, але й палітычныя. Як толькі пачалі зьяўляцца беларускія студэнты ў Празе, дык зараз-жа знайшоўся сярод хі — быццам беларус з Латвіі — савецкі палітрук Пётр Цветкоў, які адразу распачаў камуністычную работу. Штогод наведвала яго “сястра” з Эстоніі з новымі інструкцыямі. У першых гадох камуністычная прапаганда мела сярод нас слабы послух. Занадта сільная была нацыянальная сьведамасьць у бальшыні студэнтаў. Былі групы з правейшым ухілам на чале зь Янкам Станкевічам і сялянская група з эсэраўскімі лідэрамі — Грыбом і Мамонькам на чале. Першая выдавала часопіс “Беларускі студэнт”, другая — часопіс “Перавясла”. Хто скуль паходзіў — ня мела значаньня. Нацыянальна — апрача некалькіх камунізуючых і русацяпаў — мы ўсе былі за БНР і сябравалі між сабой. Маімі блізкімі сябрамі былі віленчукі: Корж, Дыліс, Дварчанін, Геніюш і наваградчане Мікола Гарошка, Лаўскі і Орсы. Спатыкаліся мы ў Студэнцкім Доме і ў піўной, дзе зьбіраўся наш студэнцкі гурт на розныя сходы.

Мікола Гарошка быў добрым сябрам для ўсяе нацыянальна настроенай грамады: быў стойкім нацыянальна, вытрывалым, працавітым, паважным. Я ня помню выпадку, каб Гарошка з кімсь сварыўся, апрача камунізуючых, якім умеў даць добра здачы на іх прапаганду. У сяброўскай падтрымцы можна было на яго лічыць заўсёды. Ня курыў і рэдка калі піва піў, таму грошы ў яго мацней трымаліся, якія ён ахвотна пазычаў сябром у выпадку патрэбы. Падтрымліваў таксама добрыя нацыянальныя пачыны”.

Адвучыўшыся, Мікола Гарошка вярнуўся на бацькаўшчыну. Праслужыўшы два гады ў войску — польскім, намагаўся знайсці працу ў якой з дзяржаўных установаў — што таксама тады былі польскімі. Але не спрыялі таму ні замежны дыплом, ні беларуская нацыянальнасць. Як было яму грэбліва кінута віленскім ваяводам, “тут Польшча, а Беларусь на ўсходзе, туды едзьце і там працуйце”.

Магчыма, тады і вырашыў Гарошка працаваць не на чужую дзяржаву, а будаваць сваё.


02-Mikola_Haroszka_Praha.jpg

Мікола Гарошка ў сваім пакоі ў Празе. 1920-я гг.


Пра пабудову Міколам Гарошкам кааператыву згадвае ягоная жонка Зіна: “Ведаючы, што ўрадавай працы ён не атрымае, Мікола пастанавіў заняцца грамадзкаю працаю, працаваць для “свайго народу”, як некалі казаў Бацька. Добра ведаючы з чэскай школы асновы й карысьці каапэратывы, Мікола пастанавіў залажыць спажывецкую каапэратыву ў Трашчыцах. Быў скліканы сход сялянаў, і на першым сходзе Мікола зрабіў даклад на тэму каапэратывы і яе значэньня ў жыцьці вёскі. Пасьля нядоўгіх разважаньняў і дыскусіяў, на другім сходзе людзі пагадзіліся на адкрыцьцё спажывецкай каапэратывы, якую назвалі “Засеўкі”. Старшынёю ўправы каапэратыву быў выбраны Мікола Гарошка. Управа апрацавала статут, устанавіла сяброўскія складкі, якія пачыналіся ад 10 грошаў, але людзі ведалі, што хто больш дасьць, той больш і прыбытку атрымае.

Пасьля рэгістрацыі й зацьверджаньня каапэратывы праз урадавыя ўстановы, управа “Засевак” распачала сваю працу, і найбольшая ўвага спачатку была сканцэнтраваная на прадукцыі літоўскіх сыраў. Быў наняты адзін дом спэцыяльна для сыраваркі і для каапэратыўнага складу, а калі стан касы павялічыўся, управа пачала скупляць у сялян яечкі й збожжа. Увесь свой тавар управа адсылала да гуртоўні ў Баранавічах, кіраўніком якой быў сп. Пятро Орса, хто пазьней выехаў да Амэрыкі. У гэтай-жа гуртоўні ўправа “Засевак” купляла па зьніжанай цане тавары, патрэбныя ў штодзённым жыцьці вёскі.

Першы падзел прыбыткаў паміж сябрамі каапэратывы выклікаў вялікае задавальненьне і падзяку для Міколы, і ад гэтага часу штораз больш сяброў далучалася да “Засевак”.

Пры “Засеўках” быў сарганізаваны тэатральны гурток, які са сваімі выступамі разьяжджаў па суседніх вёсках. Уся праграма тэатральнага гуртка, так як і вядзеньне каапэратывы, адбываліся ў беларускай мове.

Розгалас працы каапэратывы “Засеўкі” разышоўся далёка, сяляне больш пачалі цікавіцца гэтаю справаю і пачалі прыяжджаць нават з далёкіх вёсак да Мікалая з просьбаю дапамагчы ім у арганізацыі каапэратываў. Мікола ніколі нікому не адмовіў, ехаў заўсёды, куды яго клікалі, рабіў даклады, памагаў адкрываць усё новыя й новыя спажывецкія каапэратывы, усюды спатыкаючы прыхільнасьць і вялікую падзяку.

Усе каапэратывы, заложаныя Міколам, добра працавалі, і колькасьць іх павялічвалася. Мікола бачыў асягненьні ў сваёй працы, працы для свайго народу і быў задаволены, радасьць сына падзяляў і ягоны Бацька.

У той час урад польскі таксама быў зацікаўлены ў пашырэньні каапэратыўнага руху, таму кожная школа павінна была мець сваю каапэратыву, і абавязкам настаўнікаў была арганізацыя каапэратываў у сваіх вёсках. Дзеля гэтага кіраўнік сяміклясавае школы ў Міры запрасіў Міколу зрабіць даклад і памагчы пры арганізаваньні каапэратывы. На даклад Міколы ў школьнай залі, апрача настаўнікаў, былі мясцовыя людзі, была і паліцыя, пад наглядам якое заўсёды быў Гарошка”.


03-Belorusian-Times-800x192.jpg

Лагатып газеты “Беларускі Час”, заснаванай Міколам Гарошкам


У сярэдзіне 1930-х Мікола Гарошка будаваў масты: спачатку адзін, праз Нёман, пасля іншы, пад Кракавам, а затым яшчэ пяць. З аднаго боку, быў ён сапраўдным спецыялістам, а з другога, мясцовым польскім уладам было выгадна трымаць дзейнага і свядомага чалавека найдалей ад родных месцаў, дзе ягоны ўплыў на мясцовых жыхароў быў надта ж непажаданым. Вярнуўся дадому ён толькі ў 1936 годзе.

Верны свайму рашэнню не працаваць на чужую дзяржаву, узяў Мікола Гарошка ў арэнду маёнтак Мондзін, дзе аднавіў працэс вырабу літоўскіх сыроў. Справа пайшла вельмі добра, гаспадарка пачала даваць салідны прыбытак, але надышоў 1939 год. Новая, цяпер ужо савецкая, улада не толькі разграбіла маёнтак, зламаўшы ўсё дачыста абсталяванне і станкі, але і збіралася расстраляць самога гаспадара. Толькі абарона сваіх людзей і выратавала яго.

Гарошка пераехаў у Наваградак, дзе працаваў у лясной управе цягам дзвюх акупацыяў, савецкай і нямецкай. А ў 1944 годзе з сям’ёй выехаў у Нямеччыну, у лагеры для перамешчаных асобаў, дзе — у адрозненне ад пераважнай бальшыні беларусаў — асабліва доўга не затрымаўся. Рэч у тым, што ў Амерыцы ў Гарошкі жылі брат Аляксандр і сястра Ганна, якія пераехалі туды ў міжваенны час. Яны і аформілі неабходныя паперы, і Мікола з сям’ёй у 1948 годзе прыехаў у горад вялікага яблыка.


04-FundacyjaKreczeuskaha-800x600.jpg

Фундацыя П. Крэчэўскага ў Нью-Ёрку. 2017 г. Здымак Н. Гардзіенка


Зноў дамо слова ўспамінам жонкі: “Пачаткі жыцьця кожнага імігранта ў Амэрыцы былі вельмі цяжкія. Першая праца Міколы было маляваньне ўсялякіх сувэніраў. Хутка аднак Мікола пераходзіць да будаўніцтва, а пасьля некалькіх гадоў арганізуе супалку беларусаў для будоўлі дамоў. Дзякуючы нясьведамасьці сяброў і неразуменьня амэрыканскае сыстэмы будовы, супалка была разьвязаная, і Мікола арганізуе сваю ўласную будаўнічую фірму, якую цяпер перанялі сыны.

Праца пры будоўлі не перашкодзіла Міколе заняцца беларускаю грамадзкаю працаю, і ў першую чаргу споўніць сваё абяцаньне дапамагчы ўсім жадаючым у Нямеччыне эміграваць да Амэрыкі. Тут ужо было некалькі беларусаў, як Янка Станкевіч, Ніхаёнак, і пры іхняй дапамозе высылаліся афідавіты для беларусаў у Нямеччыне на прыезд да Амэрыкі. Новых імігрантаў трэба было забясьпечыць кватэраю й працаю. На 110-й вуліцы ў Мангатане нанімаюць кватэру, куды прыяжджаюць усе імігранты, а што да працы, то кожны працуючы павінен быў прасіць там, дзе ён працуе, аб прыняцьці новых. У Маспэце адзін украінец меў невялікую швэйную фабрыку і на просьбу Міколы сказаў: “Пішы, няхай усе прыяжджаюць да мяне на працу, а пазьней паглядзім, куды іх накіраваць”.

У Нью Ёрку Мікола залажыў Дапамаговы Камітэт, які памагаў беларусам выехаць зь Нямеччыны да Амэрыкі, і касу дапамогі, каб памагчы грашыма патрабуючым. З часам прыехала да Нью Ёрку значная колькасьць беларусаў, і тады паўстала патрэба арганізацыі, якая-б лучыла ўсіх у нейкае сьведамае беларускае нацыянальнае грамадзтва”.

А вось злучыцца з уласнай сям’ёю, Аляксандрам і Ганнаю, не атрымалася. Грэка-каталіцкі святар Леў Гарошка, стрыечны брат Міколы, пісаў да яго з Парыжу 29 красавіка 1949 года: “Дарагі Браце! Дзякую шчыра за вялікодныя прывітаньне і весткі. Бачыш, і Амэрыка ня ёсьць для нас абяцанаю зямлёю. Мне вельмі дзіўна, што нават і Ганна так прасякнута даверам да “бацькі народаў”, няўжо яна табе ня хоча верыць? Мне здаецца, што хоць цяпер амаль уся наша старая эміграцыя яшчэ дыхае чырвоным туманом, калі не перастане цікавіцца родным краем і будзе браць у рукі сваю прэсу, паволі можа зьмяніцца на лепшае, таму калі што буду мець пад рукамі, буду пасылаць табе, каб мог хоць сяму таму даць штонебудзь у рукі. Толькі на бяду ў нас вельмі мала адпаведнае літаратуры. З твайго ліста нарэшце разумею, чаму Аляксандар Гарошка ня піша больш да мяне ні слова”.


05-Mikola_Haroszka_Praha_1923.jpg

Мікола Гарошка. Прага, 1923 г.


Гэта — у межах аднае сям’і, вядомага сярод беларусаў клана. І робіцца зразумелым, як прымала даваенная, старая эміграцыя з Беларусі паваенных эмігрантаў-суродзічаў.

Мікола ж Гарошка працягваў будаваць — і на працы, і ў грамадзе. Асабліва важным дасягненнем сталася заснаванне ў 1959 годзе Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага, першым старшынём якой ён быў працяглы час. Назва Фундацыі і сёння добра вядомая сярод беларусаў па абодва бакі акіяну.

І яшчэ адно збудаваў Гарошка — выдавецтва “Час”, якое выдавала газету “Беларускі Час”. Гэта была дзвюхмоўная газета, дзе друкавалі свае артыкулы Лявон Галяк, Вацлаў Пануцэвіч, дзе сталым аўтарам быў Янка Юхнавец. Па смерці заснавальніка ў 1979 годзе выданне пераняў сын, доктар Расціслаў Гарошка, які працягвае бацькаву стваральную, будаўнічую працу.

Мікола Гарошка быў адным з будаўнікоў амерыканскай Беларусі, тым слупам, на якім беларуская грамада трымалася тады і можа абаперціся нават сёння, калі тых людзей ужо няма з намі. Але застаўся плён іхнай працы.

“І на камені гэтым Я збудую Царкву маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе”. (Мацв., 16:18)

Лявон Юрэвіч, Наталля Гардзіенка, “Будзьма беларусамі!”