Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) працягвае ўпрыгожваць гарады птушынымі мураламі, а дапамагае ёй у гэтым мастак Алесь Kontra.
Выява «чырванакніжніка» з’явілася на набярэжнай Францыска Скарыны, 30 з ініцыятывы Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ. Сродкі на мурал збіралі летась праз краўдфандынг-платформы Ulej і MolaMola — дзякуй усім, хто ахвяраваў на добрую справу. Цяпер кожны жыхар Брэста запомніць, як выглядае гэты рэдкі від, і з лёгкасцю пазнае сярод іншых птушак.
Акурат у гэтым горадзе жыве найбуйнейшая ў Беларусі гарадская папуляцыя сокала-пустальгі. Ён нярэдка селіцца на шматпавярховіках і робіцца нашым суседам.
Мурал створаны для таго, каб звярнуць увагу на праблемы гарадскіх пустэльг. Вясной у Брэсце сакаляняты, якія яшчэ не ўмеюць лётаць, часта апынаюцца на зямлі. Каб дапамагчы ім, трэба падсадзіць іх вышэй ці патэлефанаваць у Брэсцкую гарадскую інспекцыю Мінпрыроды ці ў АПБ.
Штогод увесну сайт «Птушкі штодня» ладзіць анлайн-трансляцыю з гнёзд пустальгі ў Брэсце, а Рабочая група АПБ па сокала- і совападобных усталёўвае штучныя гнёзды для гэтых птушак і кальцуе іх птушанят. Дзякуючы кальцаванню і сацсеткам летась упершыню пацвердзілася гіпотэза, што брэсцкія пустэльгі зімуюць нават у Паўночнай Афрыцы. Тых, хто хоча дапамагчы будаваць і развешваць домікі для сокалаў у Брэсце, АПБ просіць пісаць на электронную пошту ornitophylus@tut.by (Аляксандр).
— Маляваць пустальгу ў Брэсце было файна, надвор’е было проста шык і столькі пазітыўных водгукаў я даўно не чуў, — кажа Алесь Kontra. — Дзякуй валанцёрам і ўсім арганізатарам з АПБ за чарговы яскравы і добры праект, дзякуй кіроўцу Віталю, які заўжды ішоў насустрач, дзякуй будтрэсту № 8, што дапамаглі з пад’ёмнікам.
Цікава, што калі год таму ўлетку Алесь зрабіў скетч мурала і выйшаў на двор, то пачуў пустальгу і ўбачыў, як сокал лётае акурат над яго пад’ездам і адганяе варону.
— Сімвалічна атрымалася, — кажа Алесь. — Заўжды, пасля кожнага муралу, пазнаёміўшыся з чарговай птушкай, ужо больш звяртаю ўвагі на яе, бо перад маляваннем дбайна вывучаю ўсё пра яе выгляд, жыццё і паводзіны.
Раней дзякуючы АПБ і мясцовым уладам птушкі на фасадах з’явіліся ў Гомелі, Валожыне, Клічаве, Мінску, Маларыце і Івянцы — можна зладзіць сабе сапраўдны квэст: пабываць ва ўсіх гэтых гарадах, пазнаёміцца з птушкамі на муралах — а потым пабачыць іх і ў жыцці.