БНР як кампраміс, альбо Ідэя “беларускага П’емонта”

Чаму дзеячы БНР актыўна супрацоўнічалі з краінамі-суседзямі і падзяляліся на “прапольскіх”, “пралітоўскіх” і “прабальшавіцкіх”? Айцы-заснавальнікі, зразумеўшы ў пэўны момант, што з цалкам незалежнай дзяржавай пакуль “не свеціць”, проста звярнуліся да ідэі тэрыторыі-касцяка, з якой рэспубліка абавязкова народзіцца, але… пазней.

Ідэя П’емонта – што гэта? Гэта ідэя часовага культурніцка-адміністрацыйнага цэнтра, які мае стаць узорам для іншых рэгіёнаў, каб пасля сабраць іх вакол сябе, аб’яднаць у адну дзяржаву. А яшчэ гэта ідэя кампрамісу: калі да рэальнай незалежнасці яшчэ далёка, лідары абіраюць сініцу ў руках замест жураўля ў аблоках. Сам жа тэрмін з’явіўся ў часы барацьбы Італіі за еднасць і незалежнасць: тады рэгіёнам-маяком для астатніх стаўся акурат П’емонт.

 

Пасьянс Пілсудскага

Пра “беларускі П’емонт” упершыню загаварыў Юзаф Пілсудскі. Пра гэта мы ведаем з ягонай гутаркі з Антонам Луцкевічам, а дакладней з пераказу апошнім зместу той сустрэчы ўвосень 1919-га. Пілсудскі як прагматык і аматар пасьянсаў выказаў Луцкевічу сухі цынічны расклад: беларусам з незалежнасцю пакуль “не свеціць”, тут і лёс Польшчы пакуль пад пытаннем, таму найлепшы варыянт – развіццё беларускай аўтаноміі пад крылом польскага арла.

У Пілсудскага былі моцныя аргументы. Па-першае, БНР так і не дабілася рэальнага прызнання за мяжой. Па-другое, беларускі рух не меў сур’ёзнага палітычнага і адміністрацыйнага заплечча, таму “П’емонт” мог стаць акурат інкубатарам новай Беларусі. Навошта тое было Пілсудскаму? Каб адсунуць ад кіраўніцтва ў беларускім руху радыкалаў-эсэраў і іншых “фантазёраў” за кошт цалкам рэалістычнага варыянту і – насаліць літоўцам.

На словах, паводле сваёй версіі той размовы, Луцкевіч сказаў “не”. Але фактычна, калі прасачыць далейшы ягоны дрэйф, узнікаюць сумненні: стварэнне Найвышэйшай рады БНР, Беларускай вайсковай камісіі ды інш. – усё з арыентацыяй на Польшчу. Быў тут і яшчэ адзін цікавы “кейс”: “П’емонт” паводле Пілсудскага быў падрыхтаваны на Міншчыне і далей на ўсход, з варыянтам сталіцы ў Магілёве. Віленшчына і Гарадзеншчына, паводле схемы, – адназначна польскія. Запомнім гэта.

 

“Беларускі П’емонт” у Коўне і Дзвінску

Паралельна над ідэяй “П’емонта” працавалі і літоўцы. Гэта вылілася ў з’яўленне цэлага Міністэрства беларускіх справаў на чале з Язэпам Варонкам, які сумяшчаў гэтую працу з пасадай міністра ва ўрадзе БНР Ластоўскага. Тут акурат за беларусамі лічылася Гарадзеншчына, якая, аднак, так і не стала літоўскай тэрыторыяй. Частка беларускіх дзеячаў паверыла акурат літоўцам, а не палякам, бо сцэнар літуанізацыі беларускіх земляў лічылі нашмат больш фантастычным за паланізацыю. Чаго ж тады баяцца?

Супраца БНРаўцаў з Літвой была карысная хаця б з боку культурніцкай працы: у Коўне беларускія кніжкі не забараняліся і не канфіскоўваліся, як у Польшчы, а наадварот: афіцыйныя ўлады нават фінансавалі такі “дзвіж”. Зрэшты, Літва мела цесныя стасункі і каардынавала свае дзеянні з Савецкім Саюзам, таму пра нейкую незалежнасць для беларусаў тут нават не ішлося…

Цікавым “кейсам” можна лічыць “беларускі П’емонт” на паўднёвым усходзе Латвіі – у ваколіцах Дзвінска. Менавіта тут у пачатку 1920-х быў сканцэнтраваны беларускі культурніцкі рух, а яго лідары, той жа Сахараў і Езавітаў, нават балатаваліся ва ўладныя структуры на выбарах. Зрэшты, латышы трывалі ўсё гэта да сярэдзіны 1920-х, пакуль актыўнасць беларусаў ім не надакучыла: скончылася ўсё традыцыйна – арыштамі.

 

Каму “П’емонт”, а каму сусветная рэвалюцыя…

А што з усходнімі суседзямі? Пасля 25 сакавіка 1918-га айцы БНР маглі разглядаць для сябе тры сілы з боку Расіі: манархістаў, лібералаў і бальшавікоў. Для манархістаў беларусаў наогул не існавала – суцэльная сцяна. Лібералы не прагаворвалі беларускага пытання, а той жа Савінкаў пачаў супрацу з калябээнэраўскімі коламі толькі ў часы Палескага паходу Балаховіча ў 1920-м: было ўжо позна.

Найбольш таленавітымі аказаліся бальшавікі, якія на ўсё глядзелі максімальна прагматычна: каб перамагчы, трэба выкарыстаць чужы стартап, перакруціўшы яго на сваю карысць. Пасля падпісання Рыжскай дамовы Маскве трэба было нешта прыдумаць для беларусаў, а мясцовыя камуністы акурат падсунулі цікавую прапанову: стварыць “узорную савецкую рэспубліку”, прыклад для іншых, пад лэйблам “Беларусь”. Сказана – зроблена.

Што ў выніку? Выявілася, што “беларускі П’емонт” быў рэалізаваны акурат бальшавікамі, акурат у тых геаграфічных межах, якія некалі меў на ўвазе Пілсудскі: Беларусь на ўсход ад Мінска. Больш за тое, П’емонт у выглядзе БССР аказаўся не толькі аўтаноміяй, але і цэнтрам прыцягнення, які цягам наступнага дваццацігоддзя фармаваў настроі ў Заходняй Беларусі, дзе нацыянальны рух перарабіўся на “левы”, арыентаваны на савецкі Мінск.

Для бальшавікоў такі кампраміс быў рэалізацыяй канцэпцыі сусветнай рэвалюцыі і адначасна забойствам ідэі БНР, у якой ужо “не было патрэбы”. Для даверлівых беларусаў – шанцам паступова збудаваць сваю дзяржаву пад крылом моцнага суседа. Шанцам, які меў права на існаванне, але скончыўся крывёю, русіфікацыяй і… паўстаннем незалежнай Беларусі толькі ў 1991-м.

Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”