Беларускі ПЭН-Цэнтр занепакоены затрыманнем Аляксандра Фядуты

12 красавіка перастаў выходзіць на сувязь Аляксандр Фядута – сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра, літаратар, рэдактар, журналіст, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці “літаратуразнаўства”), палітычны аналітык.

13 красавіка стала вядома, што Аляксандр Фядута, які ў той час знаходзіўся ў Маскве, быў затрыманы КДБ Беларусіпа непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства” (арт. 108 КПК). Пра факт затрымання паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва са спасылкай на КДБ. 

У 1994 годзе Аляксандр Фядута з’яўляўся ўдзельнікам каманды Лукашэнкі, працаваў у Адміністрацыі Прэзідэнта, адкуль звольніўся на знак пратэсту пасля з’яўлення праяваў цэнзуры ў прэсе. З’яўляецца аўтарам палітычнай біяграфіі Лукашэнкі. 

На выбарах 2010 года Аляксандр Фядута працаваў у перадвыбарным штабе кандыдата ў прэзідэнты, паэта Уладзіміра Някляева. Пасля брутальнага разгону Плошчы, 20 снежня 2010 года, быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА КДБ. Быў прызнаны вязнем сумлення, палітвязнем. У СІЗА КДБ (“Амерыканцы”) правёў некалькі месяцаў, напісаў там кнігу “Амерыканскія вершы”, за якую стаў лаўратам Прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-Цэнтра. Выступае з публіцыстычнымі артыкуламі ў незалежных беларускіх СМІ.

Беларускі ПЭН-Цэнтр глыбока ўстрывожаны затрыманнем Аляксандра Фядуты і абставінамі гэтага затрымання. Мы заклікаем да дакладнага выканання працэсуальных тэрмінаў і дзеянняў, забеспячэння гарантый доступа да неабходнай медыцынскай дапамогі і дапамогі адвакатаў. Беларускі ПЭН будзе пільна сачыць за развіццём сітуацыі.

Беларускі ПЭН-Цэнтр