
Беларускі ПЭН аб’ядноўвае Людзей Слова.
Беларускі ПЭН бачыць сваёй місіяй будаваць прастору дзеля развіцця культуры, дыялогу і рэалізацыі патэнцыялу творцаў, бараніць грамадзянскія і культурныя правы і свабоды Людзей Слова.
Беларускі ПЭН лічыць літаратуру і культуру падмуркам устойлівай дэмакратычнай сістэмы.
Беларускі ПЭН выкарыстоўвае падыход, заснаваны на правах чалавека.
У час крызісу і няпэўнасці Беларускі ПЭН захоўвае пераемнасць з мэтамі і каштоўнасцямі, якія склаліся ў папярэднія 30 гадоў яго існавання.
Беларускі ПЭН, як і раней, кіруецца Хартыяй і іншымі базавымі дакументамі Міжнароднага ПЭНа, прынцыпамі дзейнасці праваабаронцаў Беларусі.
Беларускі ПЭН, як і раней, змагаецца супраць праяў нянавісці і прыцягвае сусветную ўвагу да парушэння правоў чалавека ў Беларусі – у тым ліку культурных правоў.
У час крызісу і няпэўнасці Беларускі ПЭН, адказваючы на спробы рэжыму раз’яднаць грамадства, заклікае Людзей Слова да адзінства і дыялогу.
Беларускі ПЭН, як і раней, не ўдзельнічае ў імітацыйных працэсах «дыялогу» рэжыму з Людзьмі Слова.
Беларускі ПЭН, як і раней, салідарызуецца з рэпрэсаванымі грамадзянамі і жыхарамі Беларусі і іх сем’ямі.
Беларускі ПЭН ацэньвае існы стан рэчаў у Беларусі як сітуацыю тэрору і заклікае рэжым неадкладна спыніць яго.
У час крызісу і няпэўнасці Беларускі ПЭН адчувае сябе ў праве трансляваць уласную карціну будучыні Беларусі.
У час крызісу і няпэўнасці Беларускі ПЭН імкнецца да канструктыўных мадэляў паводзін: узаемапавагі, салідарнасці, негвалтоўнасці, празрыстасці, паслядоўнай абароны ўласных каштоўнасцей і правоў.
У час крызісу і няпэўнасці Беларускі ПЭН лічыць асноўным крытэрам прыналежнасці да беларускай культурнай супольнасці не тэрытарыяльны, а каштоўнасны.
Беларускі ПЭН лічыць найважнейшым прынцыпам сваёй дзейнасці беларусацэнтрычнасць. Усё, што мы робім, мы робім з думкамі пра Беларусь і для Беларусі.
Беларускі ПЭН выступае за моўную разнастайнасць як у Беларусі, так і ў асяродках беларусаў свету. Разам з тым Беларускі ПЭН надае выключную ўвагу абароне і развіццю пісьменства на беларускай мове.
Беларускі ПЭН утварае Ініцыятыўную Групу, каб працягнуць дзейнасць у новых умовах.
17 верасня 2021 года
Святлана Алексіевіч
Лявон Баршчэўскі
Марыя Мартысевіч
Таццяна Нядбай
Андрэй Хадановіч
і іншыя
Спампаваць pdf-версію Маніфеста