Беларусь плануе спрасціць атрыманне грамадзянства

Беларусь плануе спрасціць парадак атрымання грамадзянства. Льготныя ўмовы могуць быць прадастаўлены замежнікам, якія атрымліваюць у краіне прафесійную адукацыю. Гэта прадугледжана папраўкамі ў закон аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч.

Спрошчаны парадак набыцця беларускага грамадзянства плануецца прадаставіць замежнікам, якія атрымліваюць у краіне прафесійную адукацыю. Па словах Марыі Васілевіч, тэрмін, на працягу якога чалавек павінен бесперапынна пражываць у Беларусі, скарачаецца з сямі да пяці гадоў.

Ільготным парадкам атрымання грамадзянства змогуць скарыстацца і тыя, хто атрымаў у Беларусі вышэйшую адукацыю і працуе ў краіне не менш за тры гады. Мяркуецца, што спрошчаны парадак распаўсюдзяць на замежнікаў, якія знаходзяцца ў шлюбе з беларусамі не менш за тры гады, маюць дзяцей, грамадзян Беларусі.

«Гэтыя новаўвядзенні накіраваны на тое, каб павысіць прывабнасць сістэмы адукацыі, прыцягнуць новых студэнтаў для далейшага фарміравання чалавечага капіталу», — адзначыла дэпутат.

Яшчэ адна навіна тычыцца аднаўлення ў грамадзянстве.

«Аднаўленне беларускага грамадзянства ў спрошчаным парадку, без выхаду з наяўнага замежнага грамадзянства, па законапраекту прадугледжана для асоб, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і якія вярнуліся на пастаяннае пражыванне ў Беларусь», — распавяла парламентарый.

Папраўкі прадугледжваюць таксама, што страчваць беларускае грамадзянства будуць асобы, якія ўдзельнічалі ў тэрарыстычнай ці іншай экстрэмісцкай дзейнасці з прычыненнем цяжкага шкоды інтарэсам Беларусі.

«Але плануецца, што гэта будзе распаўсюджвацца толькі на тых, хто набыў грамадзянства не па нараджэнні. Падобныя нормы існуюць у заканадаўстве ЗША, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Францыі», — дадала Марыя Васілевіч.

Пашыраны таксама пералік падстаў для адмовы ў спыненнi беларускага грамадзянства. Аўтары законапраекта прапануюць распаўсюдзіць гэта не толькі на абвінавачаных, але і на падазроных па крымінальных справах. Паводле слоў парламентарыя, гэта дазволіць выключыць сітуацыі, калі чалавек, будучы пад следствам, падае на адмову ў грамадзянстве, каб пазбегнуць пакарання.

Папраўкі плануецца разгледзець у першым чытанні на вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў.

budzma.by паводле БЕЛТА