Андрэй Стрыжак: «Стаўка на групавы імунітэт не спрацоўвае»

Вялікая гутарка з кардынатарам кампаніі #bycovid19 пра каранавірус, тэсты, якія выяўляюць наяўнасць інфекцыі, і дапамогу медыкам.


02-ec23a88c66c1a68d8ffb7f3db1f27e13.jpg

Андрэй Стрыжак. Фота Рамана Стрыгі, facebook.com


— Як ты цяпер пачуваешся?

— Нармальна. Ёсць пэўныя сімптомы, але гэта хутчэй і пра мае іншыя праблемы са здароўем — за гэтыя два з паловай месяцы маральнай і фізічнай перагрузкі я вельмі моцна падсадзіў свой арганізм, мне спатрэбіцца доўгая рэабілітацыя. Тым самым я і тлумачу, чаму ўвогуле мог не заўважыць каранавірусную інфекцыю.

— Увогуле, як часта як валанцёр ты робіш тэсты? Як яны працуюць?

— Тэсты ў нас з’явіліся літаральна тыдзень таму — нам іх перадаў беларускі бізнесовец Віктар Пракапеня. Менавіта для тэставання каманды, якая больш за ўсё працуе з кавіднымі шпіталямі, складам — месцамі, дзе ў людзей больш за ўсё шанцаў захварэць.

Гэта экспрэс-тэсты — ёсць забор крыві, яна змешваецца са спецыяльным рэагентам, які выліваецца на тэставую палоску. І гэтая тэставая палоска мусіць паказаць адзін з трох індыкатараў розных камбінацый.

Спачатку павінная з’явіцца першая рысачка — гэта першы індыкатар, паказвае, што тэст працаздольны. Пасля можа з’явіцца яшчэ адна альбо дзве — адна з гэтых рысачак кажа, што ў чалавека ёсць антыцелы, якія выпрацоўваюцца падчас хваробы. Другая — што ў чалавека ў крыві ёсць антыцелы, якія выпрацоўваюцца, калі чалавек паправіўся.

Калі тэст паказвае адразу два тыпы антыцелаў у арганізме, гэта значыць, што чалавек альбо ўжо знаходзіцца не ў вострай фазе хваробы, альбо ён паўторна інфікаваны. Наяўнасць антыцелаў другога тыпу — так званых IgL — не дае гарантыі, што ты не захварэеш паўторна: усё залежыць ад віруснай нагрузкі.

Ну і, на жаль, гэтыя антыцелы не на ўсе жыццё — іх колькасць зніжаецца з часам, таму перахварэць можна яшчэ раз, і яшчэ раз, і так да бясконцасці.

— Як валанцёры #bycovid19 сябе ўвогуле абараняюць? Як шмат сярод вас захварэлых?

— Нават калі ў пачатку ўсёй працы быў вялікі дэфіцыт сродкаў абароны для лекараў, мы прынялі стратэгічнае рашэнне — найперш абараняць сябе, бо калі ляжам — не зможам дапамагаць. Таму з самых першых партый бралі для каманды рэспіратары, ахоўныя халаты і камбінезоны. Частка нашых валанцёраў працуе ў бруднай зоне — яны абсталёўваюць шлюзы, — і далёка не заўсёды шпіталі могуць ім выдзеліць патрэбныя сродкі абароны.

Безумоўна, у нас ёсць абавязак нашэння рэспіратараў, калі едзеш у кавідны шпіталь. Таксама мы вельмі раім выкарыстоўваць акуляры, бо вочы — другі вялікі канал заражэння. Вядома, мыем рукі, карыстаемся санітайзерамі, трымаем сацыяльную дыстанцыю.

Я не магу сказаць дакладна, колькі нас захварэла, але вось, атрымліваецца, я, і ў адной з нашых віцебскіх валанцёрак у ПЛР выяўленыя антыцелы, якія паказваюць, што яна перахварэла. У пратэставанай часткі каманды нічога не выяўлена, але гэта не значыць, што яны не хварэлі — пры лёгкім цячэнні хваробы антыцелы часта проста не выпрацоўваюцца.

— Атрымліваецца, гісторыя без канца.

— Так, стаўка на групавы імунітэт не спрацоўвае. Імунітэт выпрацоўваецца вельмі эпізадычна і не на трывалы час. Таму цыркуляцыя віруса будзе працягвацца, пакуль чалавецтва альбо не вынайдзе вакцыну, альбо не будуць прымацца кропкавыя жорсткія абмежаванні па перамяшчэнні, жорсткія патрабаванні да маніторынгу тэмпературы. І тое ўсё не адсочыш. Чалавецтва стаіць перад пытаннем, якое цяпер вельмі складана вырашыць.


04-d51c2883e622c93e7b09396ef55e00d3.jpg


— Распачалася перадвыбарчая кампанія, навінаў пра каранавірус стала меней. Але якая цяпер сітуацыя з хворымі па краіне, запытамі ад шпіталяў?

— Сітуацыя цяпер выглядае так, што колькі б ні пісалі пра каранавірус — мала ці шмат, — ён усё адно ёсць. Людзі працягваюць хварэць, а медыкі — працаваць.

Цяпер на адзін апарат камп’ютарнай тамаграфіі ў абласным цэнтры на дзень прыпадае каля 80 чалавек. Пнеўманія, якая выклікаецца каранавірусам, вельмі каварная — яе часцяком проста немагчыма адсачыць на рэнтгене, вельмі часта яна ніяк не высвятляецца нават у аналізах. І людзі з такімі пнеўманіямі ходзяць, а ў раённых цэнтрах не маюць доступу да тамографа, бо яго проста няма. І людзі проста запускаюць хваробу.

У найлепшым выпадку гэта заканчваецца тым, што чалавек трапляе на кісларод, у найгоршым — на ШВЛ. А з ім статыстыка вельмі сумная — каля 80 адсоткаў людзей пасля яго памірае.

Гэта вельмі вялікая праблема, і яна ніяк не зменіцца з выбарамі. Ясна, што людзям цікавейшы гэты «дзвіж», але сітуацыя як ёсць: пастаяў у чарзе, падпісаўся за кандыдата і, калі быў без сродкаў абароны, рызыкуеш захварэць.

Стала горача, вельмі нязручна насіць маску ці рэспіратар, людзі стаміліся — але вірус не стамляецца і цыркулюе, трэба прытрымлівацца правілаў бяспекі і берагчы сябе. Цяпер «палае» Берасце, вялікая ўспышка ў Бялынічах. І гэта будзе працягвацца.

— На вашым сайце бачна, як шмат запытаў ад медыкаў.

— Так, і інфармацыя ўвесь час абнаўляецца. Можна пабачыць, як растуць зялёныя слупкі — мы працягваем пастаўкі і забяспечваем медыкаў усім, што можам дастаць.

Вядома, медыкі ставяцца да нас вельмі прыязна і з удзячнасцю, дзякуюць — бачаць, што гэта вельмі вялікі аб’ём людской дапамогі.

І вельмі важны момант: у нас ёсць камунікацыя на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя. Калі б яе не было, было б значна складаней працаваць.

Так, ёсць пытанне да статыстыкі, але я не магу сказаць, што Мінздароўя — «прыстанак зла». І гэта ж не толькі міністэрскі будынак, гэта ўся сістэма аховы здароўя, іншай у нас няма. На сённяшні дзень мы працуем з тым, што ёсць, стараемся рабіць яе лепшай. Трэба прызнаць, гэта складана. Да таго ж сістэма тэндараў — абсалютна «даваенная», і цяпер шпіталям вельмі складана ў сітуацыі з пандэміяй.

— Колькі грошай вы ўжо сабралі?

— На дадзены момант — больш за 300 тысяч даляраў. Мы вельмі шырока прыцягваем сродкі не толькі грамадзян, але і бізнесаў, і гэта ноу-хау кампаніі — мы фактычна ўвасобілі ў жыццё сістэму юрыдычнай мола-молы. Гэтая інавацыя ўпершыню настолькі шырока выкарыстоўваецца.

Грошы бізнесу — вельмі важна, і было вельмі важна паказаць, што можна і патрэбна данаціць. І бізнес пабачыў у грамадскай супольнасці роўных партнёраў. Выбудаваліся мосцікі паміж другім і трэцім сектарам, ёсць супольны досвед паспяховых дзеянняў.

Ёсць мосцікі і з першым сектарам — дзяржавай. Мы таксама вельмі паспяхова супрацоўнічаем з Міністэрствам замежных справаў, якія нам дапамагаюць з пастаўкамі дапамогі ад беларускай дыяспары. Яна сабрала каля 50 тысяч даляраў, і на гэтыя грошы за мяжой былі закупленыя сотні адзінак апаратуры.

Дзякуючы дапамозе Міністэрства замежных справаў і асабліва пасольствам Беларусі ў Рэспубліцы Польшча і Літоўскай Рэспубліцы мы змаглі іх дастаткова хутка даставіць у Беларусь. Яны зайшлі як гуманітарная дапамога — былі вызваленыя ад усіх мытных плацяжоў і пастаўленыя ў шпіталі.


05-d5c5450f9b8c932fece79c618d25e2c1.jpg

— А колькі ў вас цяпер валанцёраў?

— Наш касцяк — дзесьці каля трох-чатырох дзясяткаў па ўсёй краіне. У нас тры «колы» валанцёраў. Першае працуе непасрэдна з #bycovid19. Другое — партнёрскія валанцёрскія структуры ў рэгіёнах. Трэцяе — усе астатнія валанцёры, якія з намі не ў партнёрстве, але мы супрацоўнічаем — дапамагаем з кантактамі пастаўшчыкоў, тлумачым юрыдычныя акалічнасці працы.

— Як да вас трапіць?

— Мы заўсёды маем патрэбу ў валанцёрах транспартнага чата. Ён працуе як Uber — прымае замовы. Часткова гэтую задачу закрываюць транспартна-лагістычныя кампаніі, якія з намі супрацоўнічаюць, асабліва калі шмат маленькіх грузаў. Прыкладам, адправіць пульсаксіметры альбо тэрмометры ў 50 месцаў. Але для нас важна, каб звычайныя людзі маглі далучыцца, папрацаваць і зразумець, што яны зрабілі нешта карыснае ва ўмовах пандэміі.

Час ад часу мы робім дадатковы набор валанцёраў у асноўную групу, якая працуе са складам і на адгрузках, але збольшага ў нас гэты штат укамплектаваны.

Кампанія #bycovid19 не мае лідараў. У нашай камандзе прыблізна дзесяць чалавек, якія могуць называць сябе каардынатарамі, кожны з іх адказвае за свой кірунак. Гэта вельмі ўстойлівая форма працы, якая нам дазваляе трэці месяц працаваць эфектыўна.

— А ці ёсць абмежаванні?

— Тут залежыць ад таго, што чалавек хоча рабіць. Да складскіх валанцёраў ёсць пэўныя патрабаванні. Калі казаць пра прынцыповыя рэчы, наша кампанія аб’яднаная адной думкай — дапамагчы лекарам. Любы чалавек, які захацеў бы скарыстацца магчымасцю прасоўвання сябе альбо сваёй арганізацыі, атрымаў бы адмову.

— Але ў самой кампаніі #bycovid19 пакуль няма юрыдычнай рэгістрацыі?

— Мы не ідзём на рэгістрацыю, бо валанцёрская ініцыятыва яе не патрабуе. Але тут важны момант. Зараз дзяржава будзе спрабаваць прыняць закон аб валанцёрстве, і ў нас унутры каманды няма адзінага пункту погляду на гэты конт.

Напрыклад, прадстаўнікам бізнесу патрэбны закон — дакладныя правілы гульні, каб разумець, як працаваць. Але мы ж разумеем, што закон, які будзе прыняты ў Беларусі, мае пад сабой вялікую рызыку, што не будуць улічаныя інтарэсы саміх валанцёраў.

Пакуль наша каманда сышлася на тым, што трэба накласці мараторый. #bycovid19 — самая вялікая валанцёрская кампанія у гісторыі найноўшай Беларусі, і было б крыўдна не скарыстацца досведам падчас пабудовы «правілаў гульні». І нашая пазіцыя такая: закон павінны быць адкладзены. А потым працоўная група, у якую ўвойдуць прадстаўнікі бізнесу, валанцёрскіх каманд і дзяржавы павінныя разам распрацаваць захады, каб валанцёрам палепшыць, а не ўскладніць жыццё.

— А што ты будзеш рабіць пасля пандэміі?

— Я не ведаю, калі будзе гэтае «пасля», але, вядома, маю пэўныя планы. Што тычыцца кампаніі, то яна не можа ўвесь час працаваць у такім рытме, як цяпер — людзі выснажваюцца, мы амаль вычарпалі свае рэсурсы, асабліва маральныя. Немагчыма ўвесь час гарэць і не згарэць. Але мы прадумалі план інстытуялізацыі кампаніі — будзем пераходзіць на іншыя формы працы. Мы не збіраемся закрываць склад і казаць, што ўсе сышлі, але ў хуткім часе пабачыце, як мы будзем далей развівацца.


Аляксандра Дварэцкая, budzma.by