Анастасія Зелянкова: Дзённікі супрацоўніка НКУС і маўчанне беларусаў

У занатаваных успамінах ахвяраў сталінскіх рэпрэсій чалавецтва недахопу, на жаль, не мае. Калейдаскопы самых розных лёсаў па дасягненні адзнакі “арышт” роўна кладуцца ў наезджаную каляіну тыповых сюжэтаў: лагернага, ссыльнага або расстрэльнага, калі вядзецца не пра сябе. Чытанка гэтая зазвычай цяжкая, часам невыносная, але адарвацца ад яе таксама не стае моцы. Праз нейкі час свядомасць запаўняецца адзінай думкай: ды што ж гэта робіцца ў галовах тых, хто выдумаў гэтую вар'яцкую карную прыладу памерам з цэлую краіну? Што сабе думаюць тыя, хто ёй кіруе? Тыя, хто выконвае яе гнюсныя загады?

Цяпер беларускія чытачы маюць магчымасць знайсці адказ на адно з гэтых пытанняў. І ён многіх здзівіць.

Напярэдадні выхаду ў свет кнігі "Дзённікі супрацоўніка НКУС: дакументальнае выкрыццё сталінізму" мы грунтоўна пагутарылі з яе рэдактаркай і ўкладальніцай – журналісткай і даследчыцай Анастасіяй Зелянковай.


05-27ac9e81e34045c073db8cf13ebd282a.jpg



– Ці шмат часу заняла праца над кнігай?

– Напэўна, варта размежаваць той момант, калі да мяне ў рукі трапілі дзённікі, і момант, калі я прыступіла да непасрэднай працы над кнігай. Аднойчы са мной праз сацсеткі звязаўся Уладзімір Ятчэня, падзякаваў за нейкі мой тэкст і прапанаваў пачытаць дзённікі свайго дзеда Іосіфа – ці не будзе з іх якой карысці? У выніку паўтара года таму паводле тых дзённікаў у "Салідарнасці" выйшла серыя матэрыялаў. А неўзабаве з пытаннем, ці не думаю я ўвасобіць гэты цыкл у кнігу, да мяне зввярнуліся з краўдфандынгавай пляцоўкі Ulej. Раней за тую прапанову ніякіх ідэй пра далейшы лёс артыкулаў у мяне не было. Такім чынам, праца менавіта над кнігай заняла прыкладна паўгода.

– Ці дапамагалі ў часе працы сваякі Іосіфа Ятчэні? Усё ж абрэвіятура “НКУС” у сямейнай гісторыі – не абы-які штрых да партрэта...

– Каментары некаторых інтэрнэт-карыстальнікаў з нагоды першых публікацый уразілі ўнука Іосіфа Ятчэні. Моцна і непрыемна. Асобныя допісы нават пакрыўдзілі яго. А мне пасля давялося прыкласці шмат намаганняў, каб запэўніць яго, што той цыкл працягваць наогул варта. Якраз тады я і прапанавала яму паспрабаваць, да прыкладу, трапіць у архіў КДБ, каб пазнаёміцца са справай яго дзядулі.

– А сама кніга можа нейкімі дагэтуль невядомымі фактамі моцна пакрыўдзіць кагосьці яшчэ?

– Зразумела, што калі ў кнізе сустракаюцца прозвішчы, то такая рызыка ёсць. Але што да гэтага аспекту час гуляе на карысць даследчыка: нават аўтара дзённікаў з намі няма больш за трыццаць гадоў, адпаведна, і ад згаданых у дзённіках людзей засталіся хіба ўнукі. Зноў жа, усё тое, што ён піша пра кагосьці – гэта ягоныя думкі, так што ўсё на ягоным сумленні. Наогул, гэтыя дзённікі – перадусім гістарычны дакумент.

– Працяглы тэрмін падрыхтоўкі кнігі, шчыльны кантакт з сямейнікамі Іосіфа Ятчэні і занурэнне ў тэму аж да спробы трапіць у архівы КДБ – усё гэта мусіла паспрыяць вашаму глыбокаму разуменню асобы аўтара дзённікаў. Як ён сам, на вашу думку, паставіўся б да ідэі іх публікацыі?

– Я думаю, што ён якраз хацеў, каб ягоныя думкі выйшлі на шырокую публіку. Так, ён у сваіх дзённіках піша: “Не ведаю, дзеля чаго я штодня сядаю і пішу іх, не ведаю, навошта мне аднаўляць у памяці былыя падзеі...” Але разам з тым выразна адчуваецца, што звяртаецца аўтар дзённікаў менавіта да грамадства.

– Але, наколькі я зразумеў, сваякам ён іх чытаць не даваў, а ягоны ўнук знайшоў тыя дзённікі ўжо пасля смерці дзеда.

– Не, усё было не так. Сям’я ведала, што ён іх піша, і ўнуку ён кавалачак дзённіка нават зачытваў, паабяцаўшы, што болей дасць пачытаць “пасля”. І незадоўга да смерці сапраўды перадаў нататкі сваякам. Унук, прачытаўшы тыя ўспаміны, зусім іншымі вачыма пачаў глядзець на свайго дзеда, бо ўсё жыццё думаў, што той працаваў у міліцыі. Тэма рэпрэсій у сям’і асабліва не закраналася, а сам Іосіф Ятчэня, якім яго запомніў унук, заўжды асуджаў сталінскі рэжым і крытыкаваў савецкія парадкі. Таму Уладзімір Ятчэня таксама лічыць, што ягоны дзед, пабачыўшы, як сёння сталінізм падымае галаву і высокія дзяржаўныя чыноўнікі дазваляюць сабе маршыраваць у форме НКУС, публікацыю дзённікаў ўхваліў бы. Для яго на самай справе было вельмі важна, каб такое больш не паўтарылася.

– А вось на вашу асабістую думку, чым можна патлумачыць анамальную жывучасць сталінізму? Культ асобы быў выкрыты неўзабаве пасля смерці Сталіна, праўда пра рэпрэсіі ў поўным аб’ёме стала вядомая яшчэ ў Перабудову і першыя гады пасля распаду СССР…

– На першы погляд сітуацыя сапраўды дзіўная, бо цяпер жа існуе процьма літаратуры, фільмаў, дакументаў пра сталінскія рэпрэсіі, і, здавалася б, што можа быць прасцейшым, чым узяць ды ведаць, у якіх маштабах, што ды як тады адбывалася. Сапраўдным дзікунствам выглядае, калі людзі нават не адмаўляюць тыя жудасныя, прытым не такія і аддаленыя ў часе падзеі, а, наадварот, шукаюць ім апраўданне, абгрунтоўваюць іх патрэбнасць “для краіны”, для “вялікай перамогі” і да т.п. Чаму так адбываецца – надзвычай складанае пытанне. Адным з чыннікаў, відаць, выступае час. З часам любы жах забываецца, кожная падзея пачынае ўспрымацца як нешта не датычнае нас непасрэдна. Сыходзяць рэпрэсаваныя родзічы, сыходзяць тыя, хто іх рэпрэсаваў… Яшчэ адзін істотны чыннік – гэта, напэўна, асаблівасці арганізацыі нашага грамадства, нашага палітычнага ладу. У адрозненне ад заходніх краінаў, у нас прыярытэт маюць дзяржаўныя інтарэсы, а каштоўнасці і патрэбы чалавечай асобы адсунутыя на другі план.


002-981062b8fe0d792534c84d393b470f9c.JPG


– Тэма сталінскіх рэпрэсій непарыўна звязаная з паўстаннем беларускай нацыі і дзяржавы. Рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў беларускай культуры за часамі Сталіна ледзьве ў простым сэнсе яе не забілі. Курапацкая тэма суправаджала агонію савецкай дзяржавы і здабыццё нашай незалежнасці. Ці няма ў вас адчування, што актуалізацыя сталінскай тэмы – гэта як мінімум прыкмета выспявання ўнутрыграмадскага светапогляднага канфлікту?

– І на гэты конт таксама ёсць розныя меркаванні. Адно можна казаць пэўна: беларусы ў прынцыпе не любяць звяртацца да тэмы сталінскіх рэпрэсій. Здаецца, Сяргей Дубавец калісьці апісваў наша грамадства як сукупнасць дзвюх групаў: адны – ахвяры рэпрэсій, а другія – іхныя каты. Адным сорамна, другім балюча. Таму і тыя, і тыя маўчаць. Сама я лічыла, што тэма дарэшты вычарпаная яшчэ ў 90-я, але падзеі з курапацкімі крыжамі, міністравы галіфэ з лампасамі штурхнулі людзей, тыя пачалі выказваць сваё меркаванне, і раптам высветлілася, што па гэтым балючым пытанні ў грамадстве няма згоды. А ўжо гэты факт, у сваю чаргу, стаў стымулам для мяне.


03-3ded7d5b8751738b6e6dc9285c187c37.JPG


– Цікава, што і другая вашая кніга, гэтаксама як і першая – "У ложку з беларусам: з гісторыі нацыянальнага сэксу", – прысвечаная тэме, якую беларусы збольшага замоўчваюць.

– Не другая, а трэцяя. Нядаўна ў серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры” выйшла мая кніга “Леанід Маракоў”. Мала хто расказаў беларусам пра рэпрэсіі столькі, колькі ён.

– Адчування, што вашая слава даследчыцы беларускага сэксу паўплывала на папулярнасць бягучага праекта, не ўзнікала?

– Калі нешта такое і было, дык толькі адразу як я толькі агучыла тэму. Усё ж гэта дзве розныя кнігі. Хаця абедзве, як мне здаецца, закранаюць тэмы важныя, цікавыя, у чымсьці не да канца даследаваныя. Кнігі ж не таму пішуцца, што хочацца штосьці напісаць. Яны пішуцца, бо ёсць матэрыял, якім немагчыма не падзяліцца.


06-3b4b160fab8cc819142a2f39aa1c0ada.jpg


– Ці зафіксаваны гэты досвед звароту да закрытых архіваў у кнізе? Многія даследчыкі не адмовіліся б ад такой метадычкі.

– Так, гэты досвед падрабязна выкладзены ў асобным раздзеле. Магчыма, гэта нейкім чынам павялічыць колькасць зваротаў да архіўных матэрыялаў з боку адмыслоўцаў. Або паўплывае на КДБ, і яны зробяць лягчэйшым рэжым доступу да дакументаў амаль стагадовай даўніны. Гэтая сакрэтнасць штодня ўсё больш і больш страчвае сэнс. Супрацоўнікаў органаў часта перакідалі з месца на месца па ўсім абшары СССР, і ў той жа Украіне, дзе архівы рассакрэчаныя, можна адшукаць і падрабязныя біяграфіі некаторых “нашых” персанажаў, і канкрэтныя дакументы, якія пацвярджаюць іх працу ў органах. А пакуль што Беларускі Хельсінскі камітэт распрацаваў метадычку з алгарытмам звароту да гэтых архіваў: якія дакументы рыхтаваць, куды іх і як падаваць і г.д. Яна будзе карысная не толькі для гісторыкаў і даследчыкаў. У найбліжэйшы час мяркую з імі супрацоўнічаць у гэтым кірунку.

– Ага, то бок вось пра што будзе чацвёртая кніга!

– Не, гэта не яна. Па шчырасці, пакуль што хочацца з палёгкай выдыхнуць і адпачыць, бо апошнія тры гады я вельмі шчыльна працую. Напісаннем кніг я займаюся ў пазапрацоўны час, а акрамя гэтага ўвагі патрабуе яшчэ і сям’я. Пакуль што буду проста назіраць за тым, як “пойдуць” "Дзённікі...".

Сяргей Кандраценка, budzma.by


Купіць кнігу можна праз інтэрнэт.