Амерыканскі прэзідэнт з Брэста

Як трапна сказаў пра нашага героя аўтар кнігі “Майстар Сёмай авеню: Давід Дубінскі і амерыканскі прафсаюзны рух” Роберт Пармет, хоць быў ён усяго метр шэсцьдзесят ростам у жыцці, затое гігантам у руху амерыканскіх прафсаюзаў.

Таму не дзіва, што пра яго жыццё распавядае не толькі згаданая кніга ды аўтабіяграфія самога Дубінскага (David Dubinsky: a life with labor. New York, 1977), але і шэраг іншых.


02-Dubinski-na-vokladcy-Time.jpg

Давід Дубінскі на вокладцы “Time”


Вітаўт Кіпель расказваў, што гэты чалавек некалькі разоў прыходзіў у Нью-ёркскую публічную бібліятэку. Хоць нарадзіўся той за царскімі часамі і валодаў — з мінулага жыцця — адно рускай, польскай ды габрэйскай мовамі, разам з тым быў сведамы, што Беларусь і Расія — не тое самае.

А нарадзіўся ён у 160-ю гадавіну Джорджа Вашынгтана — 2 лютага 1892 года — у сям’і Безалеля і Шаіны Дубінскіх у Брэсце, тады Брэст-Літоўску. Давід быў наймалодшым у сям’і — пяць хлапцоў і тры дзяўчынкі, — якая у 1895 годзе пераехала ў Лодзь, тагачасны тэкстыльны цэнтр царскае Расіі.

Набраўшы гадоў, Давід наведвае спачатку габрэйскую, а потым і сярэднюю Познанскую школу, названую ў гонар буйной мясцовай фабрыкі. Але цалкам аддацца навучанню не выпадае: адначасна ён падпрацоўвае ў сямейнай пякарні, а на свае 14-я ўгодкі на патрабаванне бацькі наогул пакідае школу. І тады ж далучаецца да прафсаюза пекараў, які быў у афіляцыі з Бундам, а ўжо праз год, дзякуючы веданню моваў, абіраецца сакратаром свайго прафсаюза.

Першы год прафсаюзнага жыцця атрымаўся запамінальным: як сакратар Давід арганізоўваў чарговы страйк, што меў на мэце запатрабаваць падвышку. І яны такі дамагліся свайго, але аднае ночы паліцыя арыштавала ўсіх кіраўнікоў, і яго ў тым ліку. Гэтым разам суду пашанацавала пазбегнуць з дапамогаю бацькавых грошай, што адчынілі дзверы вязніцы, але пад умоваю, каб Давіда болей у Лодзі не бачылі.

Ён скіраваўся ў горад свайго маленства, Брэст, адтуль пераехаў у Кобрын, але ціхамірнае жыццё ўжо было не па ім: вырабіўшы фальшывыя дакументы, вярнуўся ў Лодзь, дзе зноў далучыўся да прафсаюзнай дзейнасці.

8 студзеня 1908 года, незадоўга да свайго шаснаццацігоддзя, Давід быў зноў арыштаваны на адным з прафсаюзных паседжанняў. Гэтым разам бацька адмовіўся дапамагаць сыну-рэвалюцыянеру, і той прасядзеў за кратамі 18 месяцаў, а затым, паводле судовага выраку, мусіў быць высланы ў Сібір.

Доўгая дарога — Варшава, маскоўскія Бутыркі, Самара і нарэшце Чалябінск — далі Давіду магчымасць завесці нямала знаёмстваў як з крымінальнікамі, так і з палітычнымі арыштантамі, якія дапамаглі яму збегчы ў дарозе з-пад канвою, перачакаць у надзейных людзей паўгода ў Чалябінску, а пасля, вырабіўшы неабходныя паперы, вярнуцца зноў у Лодзь.

Знаёмыя бундаўцы вырашылі не выпрабоўваць лёс яшчэ раз: Давіда разам з ягоным братам нелегальна пераправілі праз мяжу ў Нямеччыну, затым у Бельгію, а адтуль 24 снежня 1910 г. на лайнеры “Лапландыя” выправілі ў Нью-Ёрк, дзе іх чакаў ужо старэйшы брат.

Першыя крокі маладога Дубінскага на амерыканскай зямлі ў 1911 годзе: адмовіўшыся вяртацца ў фах пекараў, ён уладкаваўся на працу краўцом і далучыўся да Міжнароднага прафсаюза шаўцоў жаночага адзення (International Ladies’ Garment Workers’ Union — ILGWU). З гэтым прафсаюзам і было звязанае ўсё яго наступнае жыццё.

Мэтаскіраваны, зацяты і ўпарты, Дубінскі пачаў імкліва рабіць кар’еру: у 1918 годзе быў абраны сябрам управы мясцовага aддзялення прафсаюза, налета — яго віцэ-прэзідэнтам, а ў 1920-м — ужо прэзідэнтам. У 1922 годзе Давід Дубінскі быў ужо сябрам Галоўнай управы ILGWU.


03-800px-David_Dubinsky_with_Robert_F._Kennedy__sign_in_background_reads_in_part__For_President-_Lyndon_B._Johnson.jpg

Роберт Кенэды і Давід Дубінскі. 1960-я гг.


У 1932 годзе Амерыка выбрала сваіх новых прэзідэнтаў: краіны — Франкліна Дэлана Рузвельта і найвялікшага прафсаюза, які адыгрываў ключавую ролю ва ўсім прафсаюзным руху — Давіда Дубінскага.

Пазней ён казаў: “Згадзіўшыся на прэзідэнцтва, я меркаваў, што мая асноўная роля — зладзіць урачыстыя паховіны прафсаюзу”. Сапраўды, арганізацыя была ў заняпадзе, нават болей — на мяжы банкруцтва. Але дзякуючы нястомнай дзейнасці новага кіраўніка, ужо праз тры гады, у 1935-м, яна мела 200 тысяч сябраў і касу ў 850 тысяч даляраў!

Давід Дубінскі бачыў задачу ачоленага ім прафсаюза не толькі ў вырашэнні пытанняў з жытлом для сябраў ILGWU і іх сямейнікаў, даступнасці адукацыі, медыцыны, але ў выхаванні новага, інакшага пакалення. Ідэя была зрабіць з прафсаюза лад жыцця: цэнтр фізкультуры, мастацкай самадзейнасці, інтэлектуальнага развіцця.

Але адным прафсаюзам дзейнасць Дубінскага не абмяжоўвалася: калі ў царскай Расіі ён змагаўся з капіталізмам, у ЗША ягоным ворагам стаўся камунізм, які асабліва ўмацаваўся менавіта ў прафсаюзным руху. Пакінуўшы Сацыялістычную партыю Амерыкі, Дубінскі разам з сябрамі заснаваў Амерыканскую працоўную партыю (American Labor Party), а калі тая ў 1944 годзе падпала пад камуністычны ўплыў, выйшаў з яе і спрычыніўся да заснавання Ліберальнай партыі, дзе заняў пасаду старшыні.

Будучы чарговы раз пераабраны на пасаду старшыні прафсаюза, Давід Дубінскі сказаў: “Я прымаю гэтую пасаду зноў, бо я эмігрант, і я ганаруся тым, як мы служым Амерыцы”. Калі чальцы іншых прафсаюзаў звярталіся да яго па парады, выпытвалі сакрэт поспеху, ён адказваў: “Жывіце правільна”.

Для Дубінскага не было працы, непаважнай для прэзідэнта найбуйнейшага прафсаюза: па сканчэнні паседжанняў ён здымаў гальштук і разам з усімі расстаўляў сталы, сачыў, ці ўсё святло выключанае. І гэта не замінала дасылаць 3 мільёны на дапамогу паваенным Ізраіля і Італіі, будаваць у Кітаі дом для сіротаў і г.д. Гісторыкі прафсаюзнага руху адзінагалосна лічаць, што адным з найвышэйшых дасягненняў гэтага чалавека была перамога ў вайне за 35-гадзінны працоўны тыдзень для сваіх працаўнікоў.


04-Lyndon_B.jpg

Ліндан Джонсан падае Давіду Дубінскаму яго паліто. 1960-я гг.


У жніўні 1949 года часопіс “Тіме” выйшаў з яго партрэтам на вокладцы, а ў студзені 1969-га Давід Дубінскі быў узнагароджаны Прэзідэнцкім медалём Свабоды — найвышэйшай узнагародай ЗША для грамадзянскіх асобаў.

Ён памёр 17 верасня 1982 года, пакінуўшы кнігу пра сваё жыццё пад назвай “Жыццё ў працы”.


У 1937 годзе хітом на Брадвеі стаў мюзікл “Pins and Needles” (“Шпількі і іголкі”); у ангельскай мове “to be on pins and needles” — гэта ідыёма, якая значыць “нервова чакаць чагосьці”, то больш адпаведны пераклад назвы “Як на іголках”. Але і ў непасрэдным значэнні назва мюзікла для гледачоў мела падвойны сэнс, бо спектакль быў інспіраваны прэзідэнтам Міжнароднага прафсаюза шаўцоў жаночага адзення Давідам Дубінскім і спансараваны яго прафсаюзам. Гісторыя пастаноўкі сама па сабе заслугоўвае стацца п’есаю: акторы былі звычайнымі працаўнікамі на фабрыках і маглі рэпетыраваць толькі ў вольны ад працы час, уначы і на выходных. Але мюзікл цягам аднае ночы займеў неймаверны, проста надзвычайны поспех, хоць нібыта расказваў пра жыццё маладых рабочых, іх удзел у штодзённым жыцці Амерыкі. Нямала ўвагі (бо час які!) надавалася паказу (зразумела, сатырычнаму) фашысцскіх дыктатараў у Еўропе.

Адна з песняў у мюзікле была такая:

Заспявай мне песню сацыяльнай значнасці,
Усе астатнія тэмы — табу.

Гэта спявалася, як бачыцца з нашага сёння, і пра самога прэзідэнта найвялікшага амерыканскага прафсаюза Давіда Дубінскага, які пры абвяшчэнні 16 сакавіка 1966 года пра свой сыход на пенсію сказаў: “У мяне не было жыцця. У мяне было толькі прафсаюзнае жыццё. Вы ведаеце маю натуру. Калі я прэзідэнт, я не магу быць ім толькі з раніцы да вечара. Гэта мае быць ад раніцы — да наступнай раніцы”.

Як у гімне, што незабыўна праспяваў Леанард Коэн:

Solidarity Forever
For the union makes us strong.

Лявон Юрэвіч, Наталля Гардзіенка, “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: ЗША

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение