Публіцыст і філолаг Аляксандр Фядута, якога абвінавачваюць у змове супраць улады, у адным са сваіх лістоў распавёў, што ў камеры СІЗА КДБ невыносна душна, аднак ён кожны дзень можа дыхаць свежым паветрам.
«Радасць – шпацыр каля гадзіны дваццаці хвілін штодня, – паведамляе Аляксандр Фядута. – У апошнюю нядзелю чэрвеня, калі памятаеце, ішоў лівень. Усёй камерай вырашалі, ці ідзём мы на шпацыр. Усе чацвёра загарлапанілі «Так!!!» з такой сілай, што перакрычалі чаек, якія гарлапаняць за акном.
А кантралёр, які дзяжурыць, зрэдку ставіць класіку наўзамен року і папсы, якія ўжо абрыдлі. Такім чынам шпацыравалі мы пад праліўным ліўнем і пад музыку вялікага Антоніа Вівальдзі. Гэта было шчасце!
Праўда, потым трое сутак у камеры было не прадыхнуць ад вільгаці рэчаў, якія сохлі. Шорты – цяжкія, ільняныя, – высахлі апошнімі. Але ўражанняў гэты факт не адмяніў…»