Алесь Кіркевіч: Ці было ў БНР войска?

Калі гартаеш тоўстыя манаграфіі і архіўныя дакументы, ствараецца ўражанне, што ўрадоўцы БНР займаліся на сваіх пасадах чым заўгодна, але не войскам. Ці то часу не было, ці то грошай, ці то разумення… У выніку, калі мы кажам пра “жаўнераў БНР”, то маем на ўвазе не адзіную армію з генераламі, вайсковымі часткамі, камендатурамі, казармамі і вертыкаллю кіравання, а раскіданы геаграфічна і часава кангламерат атрадаў, палкоў і партызанскіх груповак.

Але пра ўсё па парадку. Ва ўмовах заканчэння Першай сусветнай, калі Еўропа яшчэ дыміла і палыхала, умовы для стварэння сваёй арміі, здаецца, былі цудоўныя: шматлікія беларусы надзелі расійскую форму яшчэ ў пачатку вайны, здабылі досвед і навучыліся страляць. Іншае пытанне, ці лічылі яны сябе беларусамі…

Тыя ж украінцы фактычна пабудавалі сваё войска на аснове суайчыннікаў, што служылі ў аўстра-венгерскай арміі; па логіцы, тое ж меліся зрабіць і беларусы, але… Культурніцкая праца напярэдадні Вялікай вайны не закранула такіх шырокіх масаў насельніцтва, каб “беларускасць” зрабілася ўніверсальным маркерам для аб’яднання, а палітыка ўрадоўцаў БНР, завязаная на супрацу з немцамі, фактычна паставіла на войску крыж. Нямецкім генералам ніякае беларускае войска не было патрэбнае, таму і Першы беларускі полк, створаны ў Мінску ў лютым 1918-га, праіснаваў толькі да заходу ў горад кайзераўскіх войскаў.

Што далей? Далей пачалася партызанка і вайна ўсіх супраць усіх. Логіка простая: любая замежная армія – немцы, палякі, бальшавікі, – што стаяла ў Беларусі, разглядала яе проста як рэсурсную базу для сваіх патрэбаў, а гэта ўжо непазбежныя рэквізіцыі і рабаванне. У адказ беларусы, як заўжды, пайшлі ў лясы. Гэтую тэндэнцыю падтрымалі эсэры-радыкалы, стварыўшы “Саюз беларускага працоўнага сялянства”, каб даваць адпор прыхадням з любога боку.

Зразумела, што сяляне з “лясных атрадаў” ваявалі найперш за свой дом і гаспадарку, але гісторыя захавала і імёны нацыянальна арыентаваных камандзіраў – Юркі Моніча, Вячаслава Адамовіча-“Дзергача”, Лукаша Семенюка і іншых. Яны ваявалі спачатку з немцамі, пасля з саветамі, трымаючы ў галаве простую ідэю: “Беларусь мае быць беларускай”.

Партызанка партызанкай, але новаабвешчанай рэспубліцы было патрэбнае паўнавартаснае войска. Так з’явілася ідэя пра запрашэнне “варагаў” збоку, якія змогуць адстаяць гэтую зямлю. Учарашні афіцэр Расійскай арміі Кастусь Езавітаў паехаў дамаўляцца са Станіславам Булак-Балаховічам, які паспеў паслужыць і Расіі, і бальшавікам, і беламу генералу Юдзенічу… Ці гэта дрэнна? Зусім не, бо так Балаховіч здабыў досвед, сувязі, набраў каманду здольных афіцэраў. Роўна гэтаксама ішоў да сваёй мэты і Густаў Манергейм, стваральнік фінскага войска, адслужыўшы і здабыўшы кваліфікацыю найперш у расійскай арміі.

Балаховіч быў беларусам, ідэя незалежнай краіны яго зацікавіла. Так у Латвіі, дзе дыслакаваліся байцы Балаховіча, адданыя яму асабіста, быў створаны Асобны атрад БНР. І тут пачынаецца самае цікавае: узяўшы Балаховіча на службу, палітыкі з БНР забыліся на адну “дробязь” – даць генералу грошы на ўтрыманне войска, якое трэба было карміць, апранаць і ўзбройваць.

Расчараваўшыся ва ўрадоўцах БНР, Балаховіч пайшоў на саюз з палякамі, рэалізуючы сваю галоўную мэту: змагацца з бальшавікамі пад любым сцягам і дзе заўгодна. Балаховіч увайшоў у гісторыю як геній дыверсіяў і кавалерыйскіх рэйдаў па тылах ворага. Ёсць таксама меркаванне, што вобраз Чапаева савецкая прапаганда спісала менавіта з Балаховіча: папаха, вусы, шабля, верны конь, шкляныя вочы і валявая сківіца – такім быў “Бацька Балаховіч”.

Гераічнай і трагічнай старонкай у гісторыі “жаўнераў БНР” з’яўляецца Слуцкае паўстанне, альбо Слуцкі збройны чын. Позняй восенню 1920-га случчакі стварылі сваю брыгаду і месяц трымалі націск незлічонай арды, якая рухалася на Беларусь з усходу. Менавіта “арды”, бо, паводле згадак відавочцаў, на Слуцк і Грозава бальшавікі кінулі часткі, укамплектаваныя кітайцамі… Паўстанне пацярпела паразу, нешматлікія паўстанцы, якім пашчасціла выратавацца, адышлі на Захад. Сярод іх быў і будучы прэзідэнт БНР Лявон Рыдлеўскі.

Беларусы спрабавалі ствараць свае падраздзяленні і ў іншых арміях. Пры польскім войску была створаная Беларуская вайсковая камісія. У Горадні ў складзе літоўскай арміі – Беларускі гусарскі полк. Так афіцэры, якія адчулі сябе беларусамі спрабавалі шукаць і гуртаваць аднадумцаў, каб у неймаверна складаных умовах стварыць для нованароджанай рэспублікі імунную сістэму – войска.

Ці мелі жаўнеры БНР сваю форму? Адзінага стандарту ніхто не выкарыстоўваў: найчасцей гэта былі цэшкі з Пагоняй на фуражках ці бел-чырвона-белыя стужкі, завязаныя на пагонах ці ўстаўленыя ў пятліцы старых мундзіраў расійскай арміі. Фірмовай азнакай балахоўцаў была цэшка ў выглядзе чэрапа з касцямі – ніякага нацызму тут няма, гэта звычайная азнака найбольш баяздольных ударных частак па ўсёй Еўропе ў часы Першай сусветнай. А яшчэ чэрап з касцямі – гэта сімвал гатоўнасці жаўнера ў любы момант пакласці жыццё, выканаўшы любы загад камандзіра.

Цікавая гісторыя з сімволікай і рэліквіямі Слуцкага збройнага чыну. Случчакі мелі вышыты ад рукі сцяг з Пагоняй на белым фоне і надпісам “Першы Слуцкі Полк Беларускай Народнай Рэспублікі”: яго вышылі і падарылі байцам гарадзенскія дзяўчаты. А яшчэ пад Слуцкам дагэтуль знаходзяць маленькія пацямнелыя ад часу круглыя цэшкі з выявай вершніка на шчыце – рэха халоднага лістапада 1920 года, калі кроў пафарбавала снег колерам нацыянальнага сцяга…

Колькі было “жаўнераў БНР”? Паводле найбольш аўтарытэтнага даследчыка тэмы Алега Латышонка, агульная колькасць сягала 11 тысяч, але дакладна вылічыць яе немагчыма: мы не ведаем, колькі беларусаў “партызаніла” ў лясах, колькі ваявала ў складзе літоўска-беларускай дывізіі ў польскім войску, і г.д.

Ці быў ва ўсім гэтым сэнс? Так, жаўнеры БНР не перамаглі, не выгналі прыхадняў, але зрабілі галоўнае – у крытычны момант узяліся за зброю, уступілі ў бой. Шмат хто загінуў, але з’явіўся прэцэдэнт, а пасля – легенда. Увесь свет даведаўся, што “беларусы” – гэта не толькі пра культуру і жалобныя песні, гэта сур’ёзна і з гэтым трэба лічыцца. Таму імёны Балаховіча, Ружанцова, Езавітава, Лукашука, Хведашчэні і сотняў іншых яшчэ заззяюць шыльдамі на нашых вуліцах, а партрэты гэтых людзей з’явяцца ў вайсковых частках па ўсёй Беларусі.

Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: БНР