Беларускі рух апаненты вельмі часта любяць падаваць як тусоўку лузераў – незразумелых людзей, якія заўсёды сварыліся міжсобку, не мелі сацыяльнай падтрымкі, нічога не стварылі і г.д. Трэба добра разумець, чаму ў іх ёсць падставы так казаць. Вынікае гэта з таго, што беларускі рух, з аднаго боку, быў звычайным для Усходняй Еўропы. З іншага – унікальным.
Алгарытм росту: ад старых збанкоў да незалежнасці
У чым унікальнасць? Беларускі рух вырас у такіх абставінах, у якіх іншыя рухі згаслі, так і не з’явіўшыся. Давайце па парадку. Ёсць класіфікацыя росту любога нацыянальнага руху па фазах.
Фаза першая: гісторыкі шукаюць старыя дакументы, фалькларысты збіраюць паданні, этнографы – збанкі. З вынікаў усіх гэтых збораў фармуецца ўяўленне пра той ці іншы народ.
Фаза другая: гэтыя вясёлыя хлопцы, археолагі, этнографы, літаратары, пачынаюць агітаваць за сваю ідэю людзей навокал, пашыраючы сваё вузкае кола – чым шырэй, тым лепш. Сюды ж уваходзіць, прыкладам, змаганне за школу на роднае мове.
Фаза трэцяя, фінальная – гэта палітычная барацьба: спачатку за аўтаномію і ўрэшце – за незалежнасць.
Усе усходнееўрапейскія народы прайшлі праз гэтыя фазы. Некаторыя раней (чэхі – сярэдзіна ХІХ ст.), іншыя пазней (літоўцы – мяжа ХІХ – ХХ). У палякаў усё было па-іншаму, бо яны яшчэ нядаўна мелі сваю дзяржаву. У выпадку апошніх меў месца пераход ад “шляхецкай нацыі”, куды траплялі толькі статусныя хлопцы і дзяўчаты, да нацыі ў сучасным разуменні – для ўсіх і кожнага.
Замест фактараў росту – зэро
Чаму ў беларусаў працэс ішоў неймаверна марудна? Варта згадаць сацыяльна-эканамічныя абставіны. Каму нясуць сваю праўду пра нацыю гісторыкі-літаратары? Не толькі простаму люду, селяніну з касой, але і бізнесоўцам, людзям пры грашах – тым, каму патрэбная ідэалогія, каб пачаць прэтэндаваць на ролю лідара ў дзяржаве. Гэта прамыслоўцы, рамеснікі, гандляры. Беларусаў фактычна не было ў гарадах, дзе жылі яўрэі, палякі, рускія. Так у нашай гісторыі не спалучыліся два прынцыповыя фактары: ідэалогія і грошы.
Іншы важны фактар – рэлігія. У выпадку палякаў, літоўцаў альбо тых жа ірландцаў гэта адназначна каталіцтва. У выпадку сербаў – праваслаўе. У выпадку, прынамсі, найбольшай пасіянарнай на тым этапе часткі ўкраінцаў-“заходнікаў” – грэка-каталіцтва. Калі нараджаецца нацыя, святары на пэўны момант робяцца ідэолагамі: яны маюць адукацыю, доступ да вушэй паствы, аўтарытэт. Ізноў жа, беларусы аказаліся разарванымі між каталіцтвам і праваслаўем, кожнае з якіх мела за сабой чужую ідэнтычнасць (“польскую” і “рускую”).
На тэрыторыі Беларусі не было ніводнай ВНУ напярэдадні 1917 года. Пасля таго як яшчэ на досвітку расійскага панавання быў закрыты Віленскі ўніверсітэт, на яго месцы не з’явілася нічога іншага, не засталося ўстановаў нават паблізу. У выніку беларусы ехалі вучыцца ў Казань, Маскву, Пецярбург, Варшаву, Кіеў… Такім чынам, і згуртаванае студэнцтва, апантанае новымі ідэямі, можна выкрэсліваць.
У выпадку Аўстра-Венгрыі мелі месца і больш экзатычныя фактары. Скажам, афіцэры-аўстрыйцы з ХІХ ст. меліся ведаць нацыянальныя мовы. Лагічна, бо афіцэр-аўстрыец не мог па-нямецку навучыць чэха ладаваць карабін. Людзі ў арміі ўжо гуртаваліся па нацыянальнай прыкмеце. Падобная гісторыя была з галічанамі, што служылі ў аўстрыйскай арміі. Беларусам тое і не снілася.
Атрымліваецца, што ў беларусаў не было аніводнага з гэтых фактараў: зэро. Эканоміка, рэлігія, армія, студэнцтва – усё праваленае. Такім чынам, у нашым выпадку… наогул не было фактараў для паўстання нацыі.
Канец бойкі: час махаць шабляй…
А як было? У ХІХ ст. панаваў цэлы вір ідэяў, куды “прапісаць” беларусаў і што з іх у выніку зляпіць. Скажам, была ідэя Баброўскага, які агітаваў разам з паплечнікамі за “русінскі рух”. Усе яны вучыліся ў грэка-каталіцкай семінарыі ў Беластоку, пасля выкладалі ў Вільні. Захапляліся Скарынам, канкуравалі з філаматамі і філарэтамі, спрабавалі стварыць русінскую канцэпцыю для мясцовага люду. Нешта падобнае было і ў Галіччыне, дзе паводле “русінскай” канцэпцыі ўкраінцы меліся пісаць лацінкай…
У філаматаў і філарэтаў, відаць, было разуменне, што яны не палякі, але хто? Ліцвіны, беларусы?.. Ідэя толькі нараджалася. Знічкай у 1860-я праляцеў Каліноўскі: запаліўся і прапаў. Далей 1890-я – гэта эпоха Багушэвіча. Толькі тады, відаць, і можна казаць пра выхад беларускай ідэі на сапраўдны старт.
Каб не пераказваць падручнік гісторыі, можна падсумаваць: да Першай сусветнай беларускі нацыянальны рух падышоў як рух гісторыкаў, архівістаў, літаратараў, што добра бачна па біяграфіях ягоных лідараў. Падобныя рухі ў нашых суседзяў узначальвалі вайскоўцы, святары, бізнесоўцы… То бок беларускі рух, бацькі БНР, былі згуртаваннем цікавых энергічных хлопцаў, ніякім чынам не падрыхтаваных да дзяржаўнай працы. Пераскочыць ад першай фазы адразу ў трэцюю не атрымалася.
Захаваўся цікавы дакумент польскіх аналітыкаў, падрыхтаваны для спецслужбаў і датаваны 1922 годам. Там ідзецца пра тое, што ў гэтым годзе беларусам упершыню ўдалося дайсці да вёскі падчас перадвыбарчай агітацыі ў Сойм. То бок кантакт з шырокімі масамі адбыўся тады, калі ўся заварушка з парадам суверэнітэтаў ужо скончылася! Выбух 1917-га, такім чынам, даў вельмі шмат, але было ўжо позна…
Поспех? Не. Няўдача? Таксама не!
Дык няўжо ўсё гэта – Акт 25 сакавіка, Слуцкі збройны чын, Мінск як першая сталіца БНР – усё без сэнсу?.. Атрымліваецца, БНР – усяго толькі фірма, карпарацыя людзей, якія паспрабавалі рэалізаваць амбіцыйны праект і… надарваліся. Ці быў той праект паспяховым? Не.
Праект рухнуў, але з яго руінаў вырасла ўсё астатняе. Нягледзячы на паразу, усе навокал ужо былі вымушаныя лічыцца з намі, “на мапу Еўропы ўзышоў беларус”, як пісаў Жылка. За першым няўдалым праектам пацягнуліся ўсе астатнія: гаворка найперш пра БССР. Усё ж закруцілася – гэта і ёсць эфект БНР, цьху, даміно. Дык ці быў праект няўдалым? Не!
Што было б у іншым выпадку? Найхутчэй карціна была б надзвычай скрушнай. Гісторыкі і літаратары далей спрабавалі б нешта ствараць, пісаць, шукаць, працэс гэты зацягнуўся б да бясконцасці. А мільёны беларусаў проста… спаўзлі б у этнаграфічную масу, якую было б лёгка асіміляваць і перарабіць на палякаў ці рускіх ва ўмовах пашырэння граматнасці і адукацыі.
Калейдаскоп праектаў і галоўны здабытак ХХ стагоддзя
Што далей? Кажучы пра міжваенны час, карціна была наступнай. Літоўцы, хто б што ні казаў, да беларусаў ставіліся прыхільна. На тэрыторыі Літвы беларускіх этнічных земляў фактычна не засталося, Вільня была польскай. Тым не менш літоўцы падтрымлівалі Ластоўскага і яго каманду, якія час ад часу займаліся то дыверсійнай, то культурніцкай працай. Такім чынам, літоўцы разыгралі беларускую карту па-свойму, насуперак палякам.
Палякі на чале з Пілсудскім мелі сваё бачанне. Маршалак быў гатовы падчас вайны стварыць буфер кшталту “польскай БССР” у ваколіцах Мінска, але гісторыя пайшла іншым шляхам: Мінск давялося саступіць бальшавікам. Польшча – гэта не толькі Пілсудскі, але і Дмоўскі ды рэшта паборнікаў маналітнай польскай дзяржавы. Сваю ролю сыграў і фактар Украіны: калі нешта даваць беларусам, значыць, даваць і ўкраінцам. Вырашылі ў выніку нікому не даваць нічога, стварыўшы ўсе ўмовы для супрацьстаяння.
Найбольш удала беларускай картай скарысталіся бальшавікі. Нацыянальнае разняволенне на той час не супярэчыла лініі партыі, была створаная БССР, хай з часовай, але беларусізацыяй. Так, пазней мы страчвалі мову, культуру, перажывалі жудасныя рэпрэсіі. Але найвышэйшы здабытак нацыянальнага руху ХХ ст. – нацыянальная дзяржава – бяскроўна паўстала ў 1991-м менавіта з БССР, падабаецца нам тое ці не.
У выніку, з усімі “але”, сёння мы маем незалежную краіну, дзе штогод з’яўляецца ўсё больш людзей з грашыма, зацікаўленых у існаванні незалежнай Беларусі. Спадзяемся, гэтыя людзі будуць памятаць пра БНР: праект, пасля абвяшчэння якога назва “Беларусь” ужо не знікала з мапы Еўропы.