Алесь Бяляцкі за кратамі піша ўспаміны пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча

Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра Алесь Бяляцкі ўжо два месяцы знаходзіцца ў зняволенні. За кратамі ён піша ўспаміны пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Алесь Бяляцкі – сябра Беларускага ПЭНа, літаратар, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”, ужо два месяцы знаходзіцца за кратамі.

У зняволенні Алесь Бяляцкі піша ўспаміны пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, пра час культурнага адраджэння ў першыя гады незалежнасці Беларусі. 

14 ліпеня Бяляцкі (разам за сваімі калегамі Валянцінам Стэфанофічам і Уладзімірам Лабковічам) былі затрыманыя і змешчаныя пад варту ў СІЗА №1 у Мінску. Праваабарончая супольнасць прызнала іх палітычнымі зняволенымі.

Алесь Бяляцкі з 80-ых гадоў ХХ стагоддзя спалучаў літаратурную, культурніцкую і грамадскую дзейнасць, з’яўляўся ўдзельнікам антыкамуністычнага руху, змагаўся з таталітарнай сістэмай СССР.


photo_2021-09-15-17.44.02.jpg

Дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Алесь Бяляцкі і інжынер Алесь Астраўцоў вешаюць сцяг на балконе музея, 24 сакавіка 1991 года. Аўтар фота – Сяргей Чырык.


У 1986-1988 гг Алесь Бяляцкі – адзін са стваральнікаў і старшыня Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, арганізацыі, якая ініцыявала першае мірнае масавае шэсце ў Беларусі ў дзень памяці продкаў “Дзяды” 30 кастрычніка 1988 года. Мірная акцыя была разагнаная з дапамогай спецсродкаў – дубінак і слезацечнага газу, Бяляцкі быў затрыманы. У 1988 годзе ён выступіў адным з заснавальнікаў першай праваабарончай арганізацыі ў Беларусі – “Мартыралог Беларусі”.

З 1989 года па 1998 год працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

У красавіку 1996 года падчас масавых рэпрэсій супраць удзельнікаў мірных акцый заснаваў праваабарончую арганізацыю “Вясна-96”, якая з 1998 года і па сённяшні дзень мае назву Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

3 2007 года па 2016 год з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (The International Federation for Human Rights, FIDH).

4 жніўня 2011 года Алесь Бяляцкі быў арыштаваны за праваабарончую дзейнасць, а 24 кастрычніка 2011 асуджаны да 4,5 гадоў зняволення ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дзякуючы міжнароднаму ціску Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня 2014 года.

Алесь Бяляцкі мае шматлікія міжнародныя ўзнагароды за праваабарончую дзейнасць, у 2006 і 2012 гадах вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра.

Алесь Бяляцкі з’яўляецца аўтарам кніг: “Літаратура і нацыя” (1991), ”Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера” (2006), “Асьвечаныя беларушчынай” (2013), “Іртутнае срэбра жыцьця” (2014), “Халоднае крыло радзімы” (2014),  “Бой з сабой” (2016), “Турэмныя сшыткі” (2018). Пяць з гэтых кніг напісаныя за кратамі.


Рада Беларускага ПЭНа патрабуе:

  1. Вызвалення Алеся Бяляцкага, а таксама іншых сябраў Беларускага ПЭНа і дзеячаў культуры, якія знаходзяцца ў зняволенні, спынення іх крымінальнага пераследу.
  2. Вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
  3. Спынення рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў, актывістаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці. 

Беларускі ПЭН-Цэнтр