Алена Анісім распавяла пра тое, ці ёсць будучыня ў беларускамоўнага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча.
Нагадаем, што ў 2017 годзе Мінгарвыканкам зарэгістраваў Універсітэт імя Ніла Гілевіча як структурнае падраздзяленне ГА «Таварыства беларускай мовы». У хуткім часе быў зарэгістраваны статут установы, згодна з якім навучанне студэнтаў павінна было ў перспектыве весціся па 56 спецыяльнасцях.
У студзені мінулага года з-за сітуацыі ў краіне быў прыпынены працэс падрыхтоўкі і зацвярджэння дакументаў, якія неабходны для атрымання ліцэнзіі Міністэрства адукацыі на навучанне студэнтаў.
У 2021 годзе гарадскія ўлады пачалі працэс ліквідацыі ўніверсітэта.
– Летам нам даслалі паперу пра пачатак працэсу ліквідацыі ўніверсітэта, – распавядае Алег Трусаў, які выконваў абавязкі рэктара Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча. – Нас закрываюць рашэннем галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама ад 22 ліпеня, паколькі не ажыццяўлялася прадпрымальніцкая дзейнасць на працягу 24 месяцаў.
Пасля мне спецыялісты сказалі, што я павінен на працягу пяці дзён усіх звольніць і сам звольніцца. Я звольніў усіх сваіх трох супрацоўнікаў, а Алена Анісім звольніла мяне. Зараз мы займаемся ліквідацыйнымі аперацыямі – здаём у архіў дакументы, знішчаем пячаткі. Калі своечасова не здасі, будуць розныя санкцыі, штрафы.
А яшчэ раней у памяшканні, дзе быў зарэгістраваны ўніверсітэт, прайшоў вобыск. У выніку на экспертызу забралі 30–40 кніг, офіс апячаталі.
Відавочна, наш універсітэт патрапіў у чорны спіс усіх тых недзяржаўных арганізацыі, якія неабходна ліквідаваць.
– Універсітэт ліквідаваны рашэннем Мінгарвыканкама без усялякіх судоў, – дадае Алена Анісім, якая кіравала ліквідаваным уладамі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны». – Калі я ў чыноўнікаў паспрабавала даведацца падрабязнасці, мне адказалі прыкладна так: «Гэта не наша рашэнне, а загад сілавых структур».
За тры гады з моманту стварэння ўніверсітэта мы сабралі даволі багатую бібліятэку (больш за тысячу кніг), якая знаходзіцца ў памяшканні, дзе быў юрыдычны адрас ВНУ. Але кнігі немагчыма вывезці, бо памяшканне да гэтага часу апячатана і доступу туды мы па-ранейшаму не маем.
Частку кніг набывалі, нешта ўніверсітэту аддавалі ў падарунак з прыватных калекцый. Трэба сказаць, што ёсць даволі каштоўныя кнігі, але пакуль што ўсё гэта пад замком.
– Значыцца, праверка ўніверсітэта не закончылася?
– Нас правяралі і Фонд сацыяльнай абароны, і Белдзяржстрах, і падатковая інспекцыя… Як быццам ніхто ніякіх прэтэнзій не прад’яўляў, але ў той жа час і інфармацыі ніякай не маем. Ліквідавалі – і кропка. Нам ніхто так і не назваў сапраўдную прычыну ліквідацыі. Зрэшты, калі супаставіць усе апошнія трэнды з боку улад, то прычына відавочная – знішчаецца ўсё, што звязана з беларускай мовай.
Дарэчы, ужо на стадыі атрымання ліцэнзіі было зразумела, што Міністэрства адукацыі не падтрымлівае ідэю стварэння беларускамоўнага ўніверсітэта. Таму мы не атрымалі ліцэнзіі ні на адну спецыяльнасць. На тое не было добрай волі вышэйшых улад.
– Але і без ліцэнзіі ва ўніверсітэце быў набор на курсы па некаторых спецыяльнасцях…
– Курсы праходзілі да пандэміі. Як толькі ў краіну прыйшоў каранавірус, мы вымушаны былі згарнуць свае вучэбныя праграмы.
– Таварыства беларускай мовы таксама ліквідавана. Што далей?
– Мы ўжо здалі памяшканне і зараз збіраем розныя акты, скасоўваем дамовы, каб нікому і нічога не засталіся вінаватымі.
Хаця можна пазбавіць арганізацыю афіцыйнай рэгістрацыі, але ж любоў да роднай мовы і жаданне на ёй размаўляць ніякімі загадамі не забароніш. Таму будзем думаць, у якой форме зможам працягваць нашу дзейнасць па прапагандзе роднай мовы, каб гэта не супярэчыла закону.
– Ці захоўваецца ў вас надзея, што некалі беларускамоўны ўніверсітэт усё-такі з’явіцца ў краіне?
– Я чалавек прагматычны, таму разумею наступнае: калі ў Беларусі будзе сапраўды патрыятычная палітычная эліта, тады з’явяцца і беларускамоўныя школы, і беларускамоўныя ўніверсітэты, і будзе беларускае жыццё.
Алесь Святланіч, «Народная Воля»