Акцёр Сяргей Курыленка: “Тэатр не можа быць па-за палітыкай”

Акцёр Сяргей Курыленка пра забастоўку ў Гарадзенскім драматычным тэатры і жыццё пасля звальнення

У Гарадзенскага драматычнага тэатра адметная гісторыя культурніцкага супраціву. У верасні трупа спыніла спектакль, даведаўшыся, што затрыманы на акцыі пратэсту Сяргей Курыленка – рэжысёр-пастаноўшчык, акцёр, Заслужаны артыст Беларусі. Пазней ён і галоўны рэжысёр тэатра Генадзь Мушперт абвесцілі пра забастоўку. Іх звольнілі. На сёння з тэатра праз грамадзянскую пазіцыю сышлі 14 акцёраў. 

Сяргей Курыленка распавёў пра сваё звальненне і рэпрэсіі датычна іншых акцёраў, пра стасункі ў трупе і жыццё пасля кроку, які даўся не так і проста.


“Я падумаў: а што я магу?”

 Вы 40 гадоў служылі ў Гарадзенскім драматычным тэатры. Тут паставілі 19 вашых спектакляў. Вы гралі ў п’есах Ібсэна, Купалы, Чэхава, Мальера… І цяпер – такая гісторыя. Як вы пачуваецеся?

– Канечне, крок быў цяжкі. Можа, калі я яго зрабіў, стала нават прасцей. Пасля звароту Святланы Ціханоўскай я падумаў: а што я магу? Вядома, як вы сказалі, сорак гадоў – гэта многа. А тэатр – гэта месца, дзе людзі гатовыя служыць да канца сваіх дзён. Было зразумела, што я такім чынам сыходжу ад сваіх гледачоў. Але разам з тым, гэта быў пэўны пасыл і для іх. Я шмат пачуў слоў падтрымкі з усіх бакоў, у першую чаргу – ад гледачоў.

 То бок звальненне – яшчэ і мэсадж гледачу, што вы, груба кажучы, на баку народа.

– Так! І што мы мусім рабіць нейкія крокі, якія б складаныя яны для нас ні былі. Пэўна ж людзі, якія штораз выходзяць пад дубінкі, таксама робяць гэты крок. У адзіноце яго зрабіць яшчэ цяжэй. Узяць работнікаў “Гродна Азота”. Я гляджу шмат відэа, бачу палымяныя звароты хлопцаў, якія сыходзяць з працы. Так, яны застаюцца без нічога. І так, яны могуць разлічваць на падтрымку. Але мне здаецца, калі такі крок робіш, ні на што не разлічваеш. Думаеш толькі пра адно: я павінны.

– Вы самі звярталіся ў дабрачынныя фонды, якія падтырмліваюць людзей, што засталіся без працы праз сваю грамадзянскую пазіцыю?

– Так, але гэта прыйшло пасля. Фондаў шмат, і я не збіраюся звяртацца ва ўсе – ёсць людзі, якім дапамога яшчэ спатрэбіцца, якім падтрымка больш важная. У мяне зараз сітуацыя не такая катастрафічная. Ёсць пенсія, якую пакуль не адабралі, хаця нічога добрага чакаць ад уладаў не даводзіцца.

 Вам як рэжысёру-пастаноўшчыку было цяжка працаваць пасля выбараў, ставіць камедыі, напрыклад?..

– Цяжка працавалася, вельмі цяжка. Усе акцёры прасілі дырэктара: давайце не будзем граць камедыі.

Тут я выкажу сваё прыватнае меркаванне: я не вельмі разумею людзей, якія цяпер ідуць у тэатр адпачыць. Можа, я і не маю рацыю, але мне было дзіўна, што на вуліцах такое адбываецца, а чалавек хоча акунуцца ў свет мастацтва, развеяцца… Потым я размаўляў з адной карэспандэнткай, яна сказала: мне таксама цяжка, але ў тэатр я хадзіла акурат па гэта – хоць на тры гадзіны забыцца пра рэчаіснасць. 

Мы ж наадварот лічылі: калі ставіць спектакль – дык пра тое, што адбываецца. І паспелі зрабіць не тое каб спектакль, хутчэй, літаратурную кампазіцыю, прысвечаную расстраляным паэтам. 29 кастрычніка правялі вечар “Ноч расстраляных паэтаў”, не ў тэатры, канечне. Працавалі над пастаноўкай не толькі акцёры драматычнага – і з тэатра лялек, і іншыя творчыя асобы. Атрымалася здорава, на мой погляд.


“Так успрымаюць нашую міліцыю – як карныя органы” 

 Я б хацела вярнуцца да падзей верасня, калі адбылася гучная гісторыя: трупа драматычнага тэатра спыніла спекталь, даведаўшыся, што затрымалі вас і вашую жонку, актрысу Валянціну Харытонаву. Для вас сталі нечаканасцю такія паводзіны калег?

– Па-першае, ты не чакаеш, што цябе затрымаюць у цэнтры горада. Па-другое, я быў уражаны салідарнасцю. Калі мы выйшлі з Ленінскага РАУСа, тут жа падышлі людзі: “Куды вам трэба? Мы адвязем у любую кропку горада…” Гэта ўражанні, што называецца, да слёз.

Калі мы прыехалі ў тэатр… Было адчуванне, што з вайны вярнуліся. Калі да цябе кідаюцца з абдымкамі, плачуць, як быццам ты з фронту. Значыць, так успрымаюць нашую міліцыю – як карныя органы. Добрага ад іх ніхто не чакае. Усе думаюць пра найгоршае.


02-rSa5CWKMWdU.jpg

Валянціна Харытонава і Сяргей Курыленка (фота - grodnonews.by)


 Праз спынены паказ звольнілі вядучага акцёра тэатра Ігара Уланава. 

– Звольнілі таго, хто выйшаў да гледача, хаця рашэнне было агульным. Пасля гэтага гледачы выкупілі білеты на два спектаклі, хацелі падтрымаць нас. Вы ведаеце, у нас па кавідзе напаўпустыя залі. На той самы спектакль, які акцёры спынілі, было прададзена ўсяго 12 квіткоў. Мне напісалі беларусы з Тайланда – прапаноўвалі фінансавую дапамогу, каб пакрыць выдаткі на білеты, вернутыя ў касу, і на выплату нашых штрафаў. Але нашыя з Валянцінай справы яшчэ не разглядалі, а выдаткі за сарваны паказ мы, акцёры, закрылі самі. У прынцыпе, на гэта можна было закрыць вочы, але дырэктар, напэўна, хацеў, каб кіраўніцтва пабачыла, што ён рэагуе, што ён не дасць у тэатры завесціся “рэвалюцыйным браджэнням”.

- А раней здараліся канфлікты з дырэктарам? 

– Разумееце, ён функцыянер. Ён кажа, што тэатр мусіць займацца творчасцю, тэатр па-за палітыкай. Але тэатр не можа быць па-за палітыкай! Як любы грамадзянін. Мы ўсе залежым ад таго, што адбываецца ў краіне. 

- З дырэктарам зразумела. А як наконт трупы? Пасля рэпрэсій змяніліся стасункі між акцёрамі? 

– Ведаеце, мне здаецца, такая салідарнасць і раней існавала, проста так яўна не выяўлялася. Падзеі жніўня ўсіх з’ядналі.

- У верасні вас пазбавілі ўсіх даплатаў. Але вы засталіся ў тэатры.

– Я актыўна працаваў над прэм’ерай як акцёр. Гэта спектакль Генадзя Мушперта, і калі я заявіў яму, што маю некаторыя планы датычна забастоўкі, ён сказаў: а як жа прэм’ера?.. А потым, убачыўшы, што тэрор на вуліцах працягваецца, убачыўшы разгон дэманстрантаў 25 кастрычніка, са светлашумавымі гранатамі, збіццём, – пасля ўсяго гэтага і сам сказаў: якая прэм’ера? Камедыя – зараз?!.. І мы ўдваіх падалі заяву на забастоўку.


03--t0Efb_J910.jpg

Рэжысёры Гарадзенскага драматычнага тэатра Генадзь Мушперт і Сяргей Курыленка


– Вашая жонка, Валянціна Харытонава, таксама ў ліку звольненых акцёраў – яна далучылася да забастоўкі. Адбіліся гэтыя падзеі на вашай сям’і? 

– Валя мяне падтрымлівала ад самага пачатку. Я нікога не заклікаў далучацца, наадварот, казаў, трымайцеся, колькі магчыма. Але, відаць, людзі таксама не гатовыя да таго, каб працягваць іграць – у нашым рэпертуары засталіся адны камедыі. 

– Як і спектаклі, якія паставілі вы. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Тут нічога страшнага няма. Іншае пытанне, як яны будуць ісці, калі няма каму граць. Сышоў акцёр, задзейнічаны амаль ва ўсіх маіх спектаклях – Васіль Мініч. Не засталося артыстаў! Толькі назва і дэкарацыі. Больш за тое: калі хтосьці і возьме ролю, як ён будзе граць? Хто яму скажа, што трэба зрабіць, пра што роля, для чаго персанаж на сцэне?.. Пастаноўкі проста здымуць. Хаця цяпер кіраўніцтва кажа, што ўсё добра. І ў краіне нашай усё добра. І на вуліцу выходзяць толькі п’яніцы, прастытуткі і наркаманы.

Да ўсяго, новы рэжысёр не мае права ўмешвацца ў чужыя спектаклі, спектакль – аўтарская работа. Наколькі я ведаю, былога нашага рэжысёра ўжо запрасілі аднавіць навагоднюю казку – адзін з нашых даўнішніх дзіцячых спектакляў.


“Амапавец – персанаж неглыбокі”

– Ці думалі вы пра тое, каб паказаць падзеі сучаснай Беларусі на сцэне? Які б гэта быў спектакль?

– Я ўжо шукаў адпаведную п’есу. Больш за тое, натрапіў на цікавы матэрыял. У нас ёсць акцёры, можна знайсці пляцоўку і пачаць рэпетыцыі. Мінімум дэкарацый, мінімум выяўленчых сродкаў…


04-N9LNxi5tZik.jpg

Затрыманне Курыленкі і Харытонавай (фота TUT.BY)


– Якім персанажам у такой пастаноўцы мог бы быць амапавец – камічным, трагічным?.. Ці ўвогуле неглыбокім?

– Па-мойму, неглыбокім. Пасля затрымання я сустрэў на вуліцы знаёмага. Ён таксама трапляў у аўтазак – яшчэ ў жніўні. І ён распавёў, што ў ягонага сябра брат – амапавец. Кажа, размаўляў з ім паўтары гадзіны, з гэтым амапаўцам, ні ў чым не сышліся, але вось што ўразіла: у канцы размовы той спытаў: “Спадзяюся, калі я цябе буду затрымліваць, ты мне заточку ў спіну не ўторкнеш?” Гэта наколькі прамытыя мазгі, калі нават у сябры роднага брата бачыш чалавека, які можа цябе забіць!

– У 1997 годзе вам прысудзілі званне Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь. Як вы цяпер яго ўспрымаеце, ведаючы, пры якой уладзе вам званне прысуджана?

– Вы разумееце, гэтыя званні ўспрымаюцца не як прызнанне ўладаў, а як прызнанне гледачоў. Зразумела, што падпісваў паперу канкрэтны чалавек. Але ўлічваюцца ролі, водгукі, крытыка – гэта напружаная праца ўсяго тэатра. Наўрад ці хтосьці з артыстаў думае: дзякуй “яму” за званне. Не. Дзякуй гледачам. Дзякуй тэатру.

– Вы казалі пра вялікую салідарнасць беларусаў. Ці былі адваротныя рэакцыі – асуджэнне, “выкрывальніцтва”?..

– Вось свежы прыклад: з тэатра я звольніўся, але працягваў працу з самадзейным тэатрам – калектыў мусіць абараніць званне Народнага напрыканцы лістапада. Я ім абяцаў, што скончым працу, і толькі тады звольнюся. І вось сёння (5 лістапада – Тузін) я падаў заяву, бо наўздагон з’явіўся артыкул у адным дзяржаўным СМІ: ага, ён хітры, заробак-та сабе пакінуў… Які там заробак – пра гэта нават казаць не хочацца. Але я разумею: хоць штосьці, хоць нейкую брыду мусілі напісаць, іначай усе будуць думаць, які я харошы, а так – калі ласка: злыдзень, нягоднік, дурыць вам галаву.

У некаторых тэлеграм-каналах дайшло да заклікаў: давайце пакажам іх, акцёраў, брудную бялізну, пакажам, якія яны маральныя ўроды… Такога кшталту. 

– Падобна да выкрывальніцтва ворагаў у стылі савецкай прапаганды. Цяпер часта параўноўваюць 2020 і 1937…

– Пасля акцыі “Ноч расстраляных паэтаў” я так і казаў журналістам: фашысцкі рэжым у Германіі асудзілі, а над камуністычным рэжымам суда не было. А па вялікім рахунку адно мала рознілася ад другога. І паколькі рэжым не быў асуджаны, мы туды вяртаемся. Калі б, я мяркую, зараз грамадства было іншае, не інфармацыйнае, усё павярнулася б куды страшней. Абсалютна так, як у 1937 годзе. Абсалютна. Свет адкрыты – а карнікі дзейнічаюць тымі ж метадамі. Думаюць, можна арыштаваць усіх карэспандэнтаў, і ніхто не даведаецца, што адбывалася на акцыі!.. Быццам у іншым свеце жывуць, нібы застраглі ў сямідзясятых.

– Ці бывалі выпадкі, калі супрацоўнікі сілавых структур пазнавалі ў вас акцёра? Не знайшлося прыхільнікаў “па той бок”?

– Баюся, ім гэта нецікава. Яны жывуць у сваім свеце. Чалавек, якога культура, мастацтва хоць неяк дакрануліся, немінуча стане іншым. А ім дастаткова баевікоў, дзе б’юць, калечаць… Вось гэта мастацтва!

Нават спектакль, пра які кажуць, што ён нічога не дае для роздуму, выклікае суперажыванне. А каб дубінкай біць, лепей не мець эмоцый. Або адну эмоцыю – злосць. Так што тыя, хто мяне затрымліваў, мяне не ведалі – наадварот, пазнавалі мяне затрыманыя. У той жа дзень мы, дарэчы, пазнаёміліся з Алесем Смаленчуком. Праўда, трапілі ў розныя аўтазакі. Не пашанцавала.

– Як чалавек, які адважыўся адназначна выказаць сваю пазіцыю, што б вы сказалі людзям, якія баяцца? 

– Я не маю права штосьці рэкамендаваць. Рабіце так, як лічыце патрэбным. Іншая справа,  што хоць штосьці трэба рабіць, па сваіх сілах і магчымасцях. Іначай нас чакае жах без канца.

Наста Грышчук, tuzinfm.by