Агенцтва “Тваё заўтра” — пра праблемы беларускіх выпускнікоў замежных універсітэтаў, і спосабы іх вырашэння

hu_logo-small.jpg

Паводле “Адкрытых дакладаў па чалавечым развіцці” ААН, беларусы — адны з самых мабільных у акадэмічным стане: вялікая колькасць нашых суайчыннікаў выязджае па навуку ў замежжа. Пры гэтым менавіта выпускнікі замежных ВНУ па вяртанні ў Беларусь нярэдка застаюцца без працы па спецыяльнасці.

Праблему працаўладкавання беларускіх грамадзянаў — выпускнікоў замежных ВНУ і спрабуе вырашыць агенцтва “Тваё заўтра” — некамерцыйная ўстанова, галоўная мэта якой — наладжванне навуковых, культурных і арганізацыйных сувязяў паміж беларускай акадэмічнай дыяспарай і Беларуссю.

Шмат маладых людзей, выпускнікоў замежных ВНУ, атрымаўшы пэўныя адукацыйныя ступені, зацікаўленыя застацца за мяжой. Але і вялікая колькасць спецыялістаў вяртаецца на Радзіму, нярэдка папаўняючы шэрагі “дармаедаў” — уладкавацца ў Беларусі на працу з дыпломам замежнай ВНУ не так проста. Беларускія, асабліва дзяржаўныя, установы часта адмаўляюцца працаўладкоўваць такіх маладых людзей, існуе праблема настрыфікацыі дыпломаў, грамадства агулам часам непрыязна ставіцца да такіх маладых спецыялістаў.

 “Практычна 60% моладзі пасля навучання вяртаецца ў Беларусь”

На дадзены момант арганізацыя “Тваё заўтра” вырашыла паспрабаваць выправіць сітуацыю. Пра праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія выпускніцы і выпускнікі замежных універсітэтаў, а таксама магчымыя спосабы іх вырашэння распавяла дырэктарка агенцтва “Тваё заўтра”, былая старшыня камітэта дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць” Іна Кулей. Сама Іна мае тры вышэйшыя адукацыі: яна дэфектолаг (педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка), спецыяліст па эканамічнай кібернетыцы і бізнесе права (БДУ), палітолаг (ЕГУ).

“Як некамерцыйная ўстанова агенцтва“Тваё заўтра” было зарэгістраванае ў снежні 2016 года, але ідэя стварыць арганізацыю для дапамогі беларусам, якія атрымалі вышэйшую адукацыю за мяжой, узнікла даўно, — распавядае Іна. — Год за годам пры дапамозе камітэта “Салідарнасць” рэпрэсаваная моладзь з’язджала вучыцца. Мы падтрымлівалі блізкія кантакты са студэнтамі ЕГУ, з тымі, хто вучыўся ў Чэхіі, у Страсбургу, у Германіі і г.д., адсочвалі іх лёс, глядзелі, што адбываецца з маладымі людзьмі, калі яны скончаць вучыцца, як яны плануюць сваё жыццё далей”.

Вынікі назіранняў і даследаванняў аказаліся станоўчымі — высветлілася, што практычна 60% моладзі пасля навучання вяртаецца ў Беларусь, нягледзячы на часам не самыя спрыяльныя ўмовы. Але шмат хто з іх не можа ўладкавацца на працу. Прадпрымальнікі, бізнесоўцы з моцных прадпрыемстваў з задавальненнем прымаюць на працу такіх спецыялістаў. А вось дзяржаўныя ўстановы аказаліся практычна закрытымі для гэтай моладзі.

“Вось вядомы выпадак з адным з нашых каардынатараў Яўгенам Скрабутанам, — прыводзіць прыклад Іна. — Ён скончыў факультэт беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта і калі прыехаў у родную Зельву, пайшоў у РАНО працаўладкоўвацца. Яго спачатку радасна прынялі: якое шчасце — мужчына ў школе! А на наступны дзень, калі прынёс дакументы, з ім не падпісалі дамову, бо ён вучыўся па Праграме Каліноўскага. Каліноўцы — увогуле каста “недатыкальных”: дзяржаўныя ўстановы проста трымаюць іх у чорным спісе, лічаць “рэвалюцыянерамі” і “дэстабілізатарамі”. Выявілася, накіроўваць дзяцей на вучобу праз камітэт “Салідарнасць” — гэта адно, але пасля разгублена глядзець, як яны не могуць знайсці сабе прымяненне на Радзіме, балюча. Думаю, з гэтага мы, усе тыя, хто працаваў з праграмамі, і запаліліся — зразумелі, што трэба мяняць сітуацыю.

Агенцтва стварыла спецыяльную базу дадзеных з кантактамі беларускіх выпускнікоў замежных ВНУ для патэнцыйных працадаўцаў. База налічвае каля 1500 чалавек і штодня папаўняецца.

“Гэта не галоўная мэта нашай дзейнасці, але да нас звяртаюцца час ад часу і грамадскія арганізацыі, і бізнес-структуры, і дыпламатычныя місіі — мы кідаем інфармацыю па базе дадзеных нашых выпускнікоў, і яны самі адгукаюцца на прапановы, — распавядае Іна. — Напрыклад, адзін з нашых выпускнікоў цяпер працуе ў амбасадзе Вялікабрытаніі ў Беларусі. Ён каліновец, выпускнік універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані, Еўрапейскага каледжа ў Варшаве.

“У Беларусі малады спецыяліст — толькі той, хто скончыў бюджэтную форму беларускай ВНУ”

Для прыцягнення ўвагі шырокай грамадскасці — дзяржаўных інстытутаў, бізнесу, грамадскага сектара — да праблемы выпускнікоў замежных універсітэтаў год таму ў кастрычніку агенцтвам “Тваё заўтра” быў праведзены “Кастрычніцкі кірмаш” — імпрэза, на якую былі запрошаныя беларусы, што дасягнулі поспеху ў самых розных галінах: прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый, банкаў, прадпрыемстваў, кіраўнікі грамадскіх арганізацый, заснавальнікі незалежнай прэсы і інш., а таксама выпускнікі замежных універсітэтаў 25 краінаў. Былыя навучэнцы замежных універсітэтаў трапілі на кірмаш праз адкрыты конкурс — маладыя людзі праз сацыяльныя сеткі адказалі на пытанні журы, якое складалася з прадстаўнікоў трох сектараў беларускага грамадства. Таксама рабіўся ўпор на прадстаўніцтва з розных краінаў, каб паказаць, што беларусы вельмі шырока вучацца ў замежжы. На запрашэнне ўзяць удзел у Кірмашы адкрыта пайшлі насустрач прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса краін ЕС.

Па выніках імпрэзы стала зразумела: патрэбныя змены і дапаўненні ў заканадаўства краіны. У Беларусі ёсць некалькі заканадаўчых дакументаў, якія рэгулююць лёс выпускнікоў, але ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі група маладых людзей, якія атрымалі вышэйшую адукацыю за мяжой, увогуле не згадваецца.

“У Беларусі малады спецыяліст — толькі той, хто скончыў бюджэтную форму беларускай ВНУ. Калі ж вучыўся завочна, ці платна, ці за мяжой — не лічыцца маладым спецыялістам, і дзяржава не зацікаўленая, як складзецца яго лёс. Гэта дрэнна, — кажа Іна Кулей. — Такая сітуацыя не ва ўсіх краінах. Напрыклад, у Казахстане з 1998 года існуе спецыяльная праграма: дзяржава накіроўвае за мяжу маладых людзей пасля атрымання ступені бакалаўра ў Казахстане, а потым — на навучанне ў магістратуры альбо дактарантуры за мяжой. Што праўда, яны мусяць пасля адпрацаваць пэўны тэрмін на Радзіме. Але мы ведаем, што шмат якія замежныя праграмы патрабуюць, каб выпускнік некалькі гадоў уклаў атрыманыя веды менавіта ў сваю краіну. Такая палітыка і ў Кітаі, таму краіна сямімільнымі крокамі ідзе і развіваецца. Пра краіны кшталту Германіі ці ЗША ўвогуле казаць не буду”.

Таксама Іна зазначае, што свет глабальны і ніхто нікога не застаўляе распісвацца крывёю, што ён абавязкова вернецца на Радзіму. Галоўнае, каб чалавек не забываў пра Беларусь.

Вось гэта вельмі важна, і вельмі шмат людзей з беларускіх дыяспараў сёння з радасцю гатовыя ўкладаць свае сілы, грошы, час на тое, каб дапамагаць Беларусі, — дадае Іна. — Людзі з IT-сферы, архітэктуры, медыцыны. Па гэтых пытаннях мы супрацоўнічаем з ЗБС “Бацькаўшчына”, маем супольныя шчыльныя праграмы. Нас цікавіць акадэмічная дыяспара, якая складае вялікую частку беларускай дыяспары за мяжой.

Цяпер адна з нашых галоўных задачаў — праграма адвакацыі

У гэтым годзе агенцтва “Твае заўтра” вырашыла ладзіць не “Кастрычніцкі кірмаш”, а “Кастрычніцкія сустрэчы” ў фармаце круглых сталоў. Сярод запрошаных — прадстаўнікі ўлады, міністэрстваў, бізнесу, дэпутаты і вядомыя эксперты ў галіне адукацыі. Частка сустрэч ужо адбылася: 24 кастрычніка ў Берасці , 27-га — у Магілёве. У Мінску “Кастрычніцкая сустрэча” пройдзе 31 кастрычніка.

“Цяпер адна з нашых галоўных задачаў — праграма адвакацыі, каб разам з дзяржаўнымі ўстановамі і законатворчымі органамі, прадстаўнікамі трэцяга сектара падумаць, што можна змяніць у гэтай сітуацыі, каб моладзь магла ўладкавацца на працу пасля замежных універсітэтаў, — працягвае Іна — Самае галоўнае — згадка ў заканадаўстве, што інсуе такая група маладых спецыялістаў, і яна мусіць быць уключаная ў дзяржаўную кадравую сістэму”.

Як прыклад Іна прыводзіць заканадаўства Грузіі — менавіта ў Грузіі атрымалася правесці станоўчыя рэформы, калі Міхаіл Саакашвілі запрасіў выпускнікоў замежных ВНУ да кіраўніцтва дзяржавай.

“Усё магчыма — чатыры гады ЗБС “Бацькаўшчына” працавала, каб былі ўнесеныя змены ў заканадаўства пра адносіны з дыяспарай і быў прыняты закон “Аб беларусах замежжа”, — дадае Іна.

“Мы б хацелі даць студэнтам магчымасць пазнаёміцца з патэнцыйнымі працадаўцамі, людзьмі, з дапамогай якіх яны могуць знайсці спосаб самарэалізацыі”

У арганізацыі функцыянуе сайт, сацыяльныя сеткі, дзе размяшчаецца інфармацыя, абвесткі па стажыроўках, працаўладкаванні, розных мерапрыемствах, на якіх можна павысіць свой узровень альбо навучыцца чамусьці. Гэта не спецыяльныя мерапрыемствы агенцтва, але дайджэст, які збіраецца з розных сайтаў.

“Мы не ставім сабе мэты стаць кадравым агенцтвам. Наша мэта — камунікацыйная пляцоўка, мы б хацелі даць студэнтам магчымасць пазнаёміцца з патэнцыйнымі працадаўцамі, людзьмі, праз якія яны могуць знайсці спосаб самарэалізацыі”, — зазначае Іна.

Увогуле ў агенцтве стала працуе чатыры чалавекі. Калі ёсць патрэба ў арганізацыі вялікіх мерапрыемстваў, да працы праз сацыяльныя сеткі запрашаюцца людзі звонку.

“Напрыклад, падчас падрыхтоўкі круглых сталоў мы зразумелі, што ў кожным рэгіёне вельмі шмат людзей з замежнай адукацыяй рознага ўзросту, якіх мы раней не ведалі і якія гатовыя сёння ўключацца ў працу і дапамагаць”, — кажа Іна.

Таксама ў планах арганізацыі — перамовы пра спецыяльныя кірмашы вакансій. Прыкладам, своеасаблівая пляцоўка-выстава падчас эканамічных форумаў у Варшаве, з дапамогай якой беларускія студэнты, якія вучацца ў Польшчы, маглі б пазнаёміцца з патэнцыйнымі працадаўцамі альбо калегамі. Ужо вядуцца перамовы ў Польшчы з намеснікамі міністра эканомікі.

“Нам вельмі патрэбная дапамога крэатыўных людзей”

Іна адзначае, што ў беларускім грамадстве не хапае разумення таго, што працаўладкаванне выпускнікоў замежных ВНУ ёсць праблемай у Беларусі. І дадае: “Нам вельмі патрэбная дапамога крэатыўных людзей, бо ў нас шмат ідэяў наконт наступных крокаў. Вельмі хацелася б, каб спецыялісты, якія скончылі замежныя ВНУ, былі больш актыўнымі. Усе вучыліся ў розных месцах, у іх няма сувязі паміж сабой — яны сябруюць суполачкамі, але няма адзінай супольнасці, кшталту оксфардскіх гальштукаў, і ў гэтым цяжкасць. Дарэчы, улады называюць гэта адной з праблемаў: “Як мы можам узяць на працу маладога чалавека, які аднекуль прыехаў? Вось мы ўсе вучыліся ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, адно аднаго ведаем, нам зручна працаваць разам”. Таму вельмі важна, каб стварылася такая каманда выпускнікоў, якая была б лакаматывам, а мы гатовыя дапамагаць з усіх бакоў — удзельнічаць у перамовах з тымі ж дзяржаўнымі органамі альбо дыпламатычным корпусам, кансультаваць”.

Аляксандра Дваэцкая, “Будзьма беларусамі!”

Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі  ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.



Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение