Дата нараджэння Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага) у даведніку “Беларускія пісьменнікі” пазначаная 1869 годам. А вось у “Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя” стаіць 1868 г. Гэткая разбежнасць у паважных навуковых выданнях вельмі сімвалічная: класікаў паважаем, але ўвагі да іх небагата.
Нават школьнікі ведаюць, што гэта быў пачынальнік беларускае мастацкае прозы, аўтар рамана “Золата”, хіба першага ў айчыннай прозе. І штосьці там пра гумар было, алегорыю, сказ.
Хоць заўчасная смерць Ядвігіна Ш. ад сухотаў, магчыма, пазбавіла нас найлепшых твораў пісьменніка, бо тэндэнцыя была відавочнаю: у рускай літаратуры ў 1921—1922 г. г. з’явіліся “Рассказы Назара Ильича господина Синебрюхова” Міхаіла Зошчанкі, а ў 1924 — “Записи некоторых эпизодов, сделанных в городе Гогулеве Андреем Петровичем Ковякиным” Леаніда Леонава (каб згадаць толькі найбольш яскравыя). А ў нашай літаратуры такі твор быў напісаны ў 1929 г. — мрыеўскія “Запіскі Самсона Самасуя”.
Сёння ж, ці то адзначаючы 150-я ўгодкі нараджэння пісьменніка, ці то рыхтуючыся іх адзначыць налета (а не прамінуць моўчкі, як тое здарылася з угодкамі Каруся Каганца, найбольшым ушанаваннем якіх, відаць, стаўся зборнічак Гіёма Апалінэра ў серыі “Паэты планеты”), варта хоць бы разгарнуць зборнік ягонага выбранага (ці 1976 года выдання, ці 2006; а іншых і не было) і пачытаць — не як занафталіненага класіка, а як аўтара, які і сёння здольны быць сучасным.
Вось “Успаміны” — яскравы ўзор прозы з-за кратаў, вартай адзначэння прэміяй імя Францішка Аляхновіча, калі б такая існавала тады:
“І ось, бадай, ці не першы раз — як Бутыркі — Бутыркамі — у грозных іх мурах, у цемры закратаванай камеры — пачулася, палілася сумная беларуская песня!
З якой увагай, любоўю, пашанай услухоўваліся мы да малазнаных тады яшчэ мелодыяў!
Пяялі саўсім прыцішаным голасам, як бы баючыся, каб хто не падслухаў іх, каб з чужымі людзьмі не прыйшлося дзяліцца неспадзеўкі знойдзеным дарагім скарбам.
Пашто, каб хто чуў: пяялі мы сваё роднае і пяялі — толькі для сябе.
Як жа хутка мінула нам гэтая ночка! Колькі новых планаў навеяла яна! Колькі новых зярнятак закінула ў нашыя маладыя душы! Колькі новых неспадзяваных думак нагнала яна ў нашыя гарачыя галовы!”
Або ўзяць “Лісты з дарогі” — лірычны, інфарматыўны травелог, падарожжа па старасвецкай Беларусі, яе мястэчках, назвы якіх — самі па сабе музыка, што прымушае ўзяць у рукі мапу і сачыць за падарожжам: Вільня — Заберазь — Любча — Шчорсы — Івянец — Люцынка…
“Мы нічога не ведаем. Не ведаем, што ёсць на зямлі, а не то што пад зямлёй. Не ведаем нават, хто жыве на гэтай зямлі — чыя яна бацькаўшчына. Спытайцеся нашага селяніна-беларуса, хто ён, дзе жыве, а пэўна пачуеце такі самы адказ, які і я скрозь чуў. “Тутэйшы, — скажа вам, — я!” Мы нічога не ведаем дый не цікавімся ведаць. Смех сказаць, але мы — хоць з апісання — па кніжцы лепш і болей можам ведаць аб якім кавалку зямлі ў Афрыцы ці Аўстраліі, чым, напрыклад, аб Віленскай губерні”.
А нехта мо разгорне іншы мемуарны тэкст Ядвігіна Ш. — пра Дуніна-Марцінкевіча — і ўбачыць там неспадзеўнае пра братоў-чэхаў:
“Мораўская суполка “Яднота” аддрукавала тысячы лісткоў і разаслала сваім братам-чэхам, у каторых спісаны вось якія правілы:
- Кожны чэх няхай стараецца гаварыць добра па-чэшску, высьцерагаецца слоў і зваротаў чужой мовай.
- Чэшскае дзіця павінна трымацца з дзяцьмі чэшскімі і гаварыць заўсёды па-чэшску.
- Бацькі ці то старшыя ў хаце перад тым, як аддаваць дзяцей у школу, павінны навучыць іх дома чытаць і пісаць па-чэшску.
- Чэшскае дзіця павінна хадзіць у чэшскую школу.
- Маліцца і пяяць у царкве чэх павінен па-чэшску.
- Чэшская хата павінна быць прыбрана чэшскімі гістарычнымі малюнкамі і партрэтамі.
- Чэшскае дзіця павінна вучыцца чэшскіх прыказак, вершаў, песень і народных танцаў і гульняў.
- Старшыя ў хаце павінны ўспамінаць, шанаваць і трымацца народных звычаяў і сьвяткаваць гадаўшчыны гістарычных выпадкаў у Чэхіі.
- Падчас доўгіх зімовых вечароў супольна чытаць чэшскія кнігі.
- У кожнай чэшскай хаце павінна быць чэшская газэта.
- Хатнім багацьцем павінна быць бібліятэка чэшскіх кніжак.
- Чэх павінен гаварыць па-чэшску ня толькі ў сваёй хаце: хай мова яго адважна зьвініць на вуліцы, у краме, у горадзе – усюды. Калі да каго-колечы зьвяртаешся зь якім пытаньнем, насамперш зьвяртайся па-чэшску.
- Сямействы чэшскія павінны дружыць паміж сабой.
- Кожны чэх павінен старацца быць ці то ў чэшскім тэатры, ці то на народным сьвяце.
- Чэх павінен сьцерагчыся ўсяго таго, што можа зьняважыць яго нацыянальнае пачуцьцё.
- Чэх павінен купляць чэшскія вырабы і гэтак памагаць сваім рамесьнікам.
- Сям’я чэшская павінна моцна трымацца сваёй зямлі й не пушчаць яе ў чужыя рукі.
- Грошы ці то складаць, ці пазычаць толькі ў чэшскіх банках.
- Чэшская сям’я павінна сумленна спаўняць нацыянальныя павіннасьці.
- Кожны чэх павінен карыстаць з свайго права пры выбарах.
- Падчас народнай перапіскі ўся сям’я павінна запісвацца чэхамі.
- Бацька, матка і старшыя хатнія няхай запісваюцца ў чэшскія суполкі.
- На нацыянальныя патрэбы кожны чэх хай дае сваю складчыну.
- Несьвядомых сваёй нацыянальнасьці чэхаў старацца перацягнуць на карысьць роднага краю”.
Такі тэхнічна просты адказ Ядвігіна Ш. на адвечнае пытанне “Што рабіць?”. Адказ, які не пачулі тады, не чуюць дасёння. А таму і на іншае праклятае пытанне, “Хто вінаваты?”, не варта шукаць адказаў далёка.
Класіка на тое і класіка, каб заставацца надзённай. На радасць ці на жаль.