Адбыўся ператрус у маладзечанца Генадзя Касьяна – роднага брата палітзняволенай Наталлі Хершэ

Пра гэта нам паведаміў сам Генадзь.


Генадзь-з-Наташай-і-дзецьмі1.jpg

Генадзь са сваімі дзецьмі Кацярынай і Даніілам і сястрой Наталляй напярэдадні яе затрымання. Фота забяспечанае Генадзем Касьянам.


Па словах мужчыны, учора, 25 мая, да яго прыходзілі з ператрусам начальнік крымінальнага вышуку і два оперупаўнаважаных. Паведамілі, што Генадзь Касьян з’яўляецца падазраваным па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса – апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці.

Мужчыну падазраюць у тым, што ён размаляваў Дом быту на вуліцы Будаўнікоў у Маладзечне.

– У мяне нічога не знайшлі. Забралі смартфон. Еду да адваката, – паведаміў карэспандэнтам Генадзь сёння раніцай.

Маладзечанец Генадзь Касьян – родны брат палітзняволенай грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ, якая атрымала два з паловай гады за балаклаву, знятую з амапаўца. Доўгі час Генадзь працаваў доктарам у Маладзечне, а цяпер – работнік фармацэўтычнай кампаніі.

Прачытаць размову з Генадзем пра сястру можна ТУТ.

Аксана Ярашонак, „Рэгіянальная газета“