Адабраная Радзіма: як сталінская прапаганда скрала будучыню ў «дзяцей Францыі»

Яны нарадзіліся ў вольналюбівай Францыі, і раптам апынуліся ў галечы і бязладдзі СССР, дзе многіх чакаў ГУЛАГ, хваробы, самагубствы… У розных кутках нашай краіны і сёння жывуць тыя, хто лічыць сябе «дзецьмі Францыі», чые бацькі з Заходняй Беларусі выехалі ў міжваенны час туды на заробкі, а потым, паддаўшыся савецкай прапагандзе, вярнуліся — ужо ў Савецкі Саюз. Пра іх — новая кніга журналіста «Радыё Свабода» і пісьменніка Валера Каліноўскага «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну».


01-dzeci_francyi_dzijana_seradzjuk__3__logo.jpg

Валер Каліноўскі са сваёй кнігай. Фота Дзіяны Серадзюк


Важная беларуская з’ява

Кніга выйшла ў Мінску ў выдавецтве «Кнігазбор». Яна раскрывае вялізны недаследаваны пласт беларускай гісторыі. Сам аўтар, франкафон, франкафіл і сябра Французскай амбасады, ня ведаў пра «дзяцей Францыі» да мінулага года, пакуль не трапіў на прыём разам з імі ў амбасадара Францыі ў Беларусі Дзідзье Канэса.

Выявілася, што дагэтуль з імі сустракаўся і амбасадар Францыі ў Беларусі ў 2002 – 2006 гадах Стэфан Шмялеўскі, бацька якога, народжаны ў Беластоку, таксама перад вайной эміграваў у Францыю. Але трагічныя, а часам і драматычныя лёсы французскіх беларусаў заставаліся вядомымі толькі невялікаму колу людзей, пакуль Валер Каліноўскі не зрабіў шэраг публікацый пра іх на «Радыё Свабода».

Запісаўшы першае інтэрв’ю з Янінай Сташко (Грынцэвіч), аўтар думаў, што на гэтым усё і скончыцца. Але потым новыя героі самі сталі знаходзіць яго і прасіць распавесці пра іх гісторыі.


02-76647953_2517485461858684_6717795151248359424_n.jpg

Яніна (Жанін) Грынцэвіч (Сташко) з сынам Чаславам. Фота прадастаўлена Валерам Каліноўскім


— Гэта выявілася маштабнай з’ява. Усе ведаюць, што былі расійскія эмігранты-белагвардзейцы, многія бачылі фільм «Усход – Захад», але ж гэта была і значная беларуская з’ява ў паваеннай гісторыі, — распавядае Валер Каліноўскі, які значную частку кнігі прысвяціў даследваньню ўмоваў сталінскай рэпатрыяцыі, а таксама беларускаму жыццю ў Францыі перад вайной і неўзабаве пасля яе.

Журналіст запісаў 14 інтэрв’ю (усе яны ўвайшлі ў выданне), вывучыў архівы сваіх героеў, перачытаў кнігі і навуковыя працы, якія выйшлі ў Францыі, Польшчы, Беларусі і Расіі, а таксама даследаваў прысвечаныя эміграцыі выданні, якія выходзілі ў Польшчы і Францыі.


03-dzeci_francyi_dzijana_seradzjuk__1__logo.jpg

Вязаныя кручком сурвэткі - падарунак "дачкі Францыі" Яўгеніі (Зэні) Шэміс з Маладзечна


04-dzeci_francyi_dzijana_seradzjuk__2__logo.jpg

Кніга Валера Каліноўскага "Дзеці Францыі. Гісторыі сем'яў, якія паверылі Сталіну"


05-dzeci_francyi_dzijana_seradzjuk__4__logo.jpg

Кніга аздобленая шматлікімі фотаздымкамі


Людзі са складанай нацыянальнай свядомасцю

3 верасня 1919 года Польшча і пасляваенная Францыя падпісалі дамову аб іміграцыі. Францыі пасля Першай сусветнай вайны патрэбная была вольная працоўная сіла, якой у Польшчы было шмат, як і шмат беззямельных сялян.

Былі створаныя спецыяльныя каманіі па вярбоўцы работнікаў, іх прадстаўнікі прыязджалі ў польскія і заходнебеларускія мястэчкі і набіралі людзей для працы на шахтах, заводах, у аграрным сектары. На 1931 год колькасць польскіх эмігрантаў у Францыі складала 570 тысяч чалавек, а ў 1939 годзе — ужо 700 тысяч. З Заходняй Беларусі выехала каля 30 тысяч сем’яў. Пераважную большасць складалі беззямельныя сяляне, якія марылі на французскіх шахтах зарабіць на кавалак уласнай зямлі.

— Яны ўладкаваліся і нарадзілі дзяцей у Францыі. Умовы былі розныя, і вельмі часта складаныя: яны не ведалі французскай мовы і ім няпроста было жыць на чужыне. А вось іх дзеці, з якімі я паспеў пагаварыць, — гэта ўжо іншае пакаленне, — апавядае Валер Каліноўскі.

Па яго словах, з 30 тысяч беларусаў у Францыі сталінскай прапагангды паслухалася каля трох тысяч — 10 працэнтаў. Яны вярнуліся на гістарычную радзіму ў 1946 – 48 гадах. Далей іх лёсы складваліся па-рознаму: замест сацыялістычнага раю хтосьці трапіў у ГУЛАГ, кагосьці адправілі ў турму. Усіх напаткала галеча і голад. Толькі адна з 14 запісаных Валерам Каліноўскім гісторый скончылася адносна шчасліва: сям’і Сцяпана Батуры далі кватэру ў Брэсце, сам ён змог атрымаць адукацыю і стаць выкладчыкам у Інстытуце замежных моваў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт). Хаця і яму чынілі перашкоды ў навуковай кар’еры і забаранялі выязджаць за мяжу.

— Гэтыя людзі лічаць сябе дзецьмі Францыі, бо там нарадзіліся. Многія з іх добра гавораць па-французску. Яны захавалі памяць пра свае самыя шчаслівыя гады дзяцінства, а некаторыя з іх нават пастараліся аднавіць сувязь з Францыяй — дзве сям’і, пра якія я пішу, вярнуліся туды, — дзеліцца аўтар кнігі. — Я пытаў пра іх нацыянальную свядомасць, і яна вельмі складаная. Ім цяжка пэўна адказаць, хто яны, бо паходзілі з польскіх і беларускіх сем’яў, жылі ў Францыі, а вярнуўшыся, не да канца здолелі асвоіцца. Але яны прыехалі ў беларускія вёскі, дзе панавалі беларуская мова і культура, таму я лічу, што гэта беларускі феномен.


06-75340941_955547861490824_3563330449033920512_n_logo.jpg

Валер Каліноўскі з героямі сваёй кнігі. Фота прадастаўлены Валерам Каліноўскім


07-76675344_2910763805614991_6429387319932878848_n.jpg

Валер Каліноўскі з героямі сваёй кнігі. Фота прадастаўлены Валерам Каліноўскім


«Выжылі таму, што баяліся»

Ад вяртання і ўсё далейшае жыццё ў СССР «дзеці Францыі» жылі ў пастаянным страху. Цяпер ім 80-90 гадоў, і яны ўсё яшчэ не да канца пазбавіліся яго.

— Яны выжылі толькі таму, што баяліся, асцерагаліся, маўчалі, — зазначае Валер Каліноўскі. — Іх бацькі нічога лішняга не казалі. Бо калі хто нешта казаў у сталінскія часы, не выжываў.

Праз гэты страх журналісту даводзілася па некалькі месяцаў угаворваць некаторых сваіх герояў распавесці іх гісторыі. А з адной жанчынай прыйшлося нават сустракацца ўпотай, бо яе муж забараняў ёй казаць пра сваё дзяцінства і сям’ю. Праўда, потым ён змяніў сваё стаўленне і падтрымаў жонку і журналіста.

— Я доўга не мог зразумець, у чым справа, калі ўгаворваў даць інтэрв’ю Алеся Салагуба. Здаецца, і беларускамоўны, і патрыёт. Потым аказалася, у яго былі перасцярогі, што яго могуць не выпусціць за мяжу. Усё жыццё ў гэтых людзей было жаданне вярнуцца ў Францыю, а яны не маглі гэтага зрабіць, і цяпер баяцца, што зноў могуць стаць невыязнымі. А некаторыя ў апошні момант адмаўляліся, як адна жанчына з Віцебска. Яна ўжо памерла, і яе гісторыю мне запісаць не ўдалося.


08-75491774_495944341008592_7378575410176458752_n.jpg

Нашчадкі Алеся Салагуба (злева) пераехалі жыць у Тулузу. Фота прадастаўлена Валерам Каліноўскім


Ахвяры савецкай прапаганды

Нельга сказаць, што жыццё беларускіх эмігрантаў у Францыі было намазана мёдам, зазначае Валер Каліноўскі. Яны цяжка працавалі, зазналі пасляваенныя разбурэнні і карткавую сістэму. Жыццёвыя турботы разгортваліся на фоне моцнай камуністычнай прапаганды ў Францыі, да таго ж Савецкі Саюз прывабліваў як магутная дзяржава-пераможца ў вайне. Савецкія агітатары, якія прыязджалі да перасяленцаў, запэўнівалі, што на радзіме тыя змогуць працаваць на сябе, іх дзеці будуць мець магчымасць вучыцца ў ВНУ. На сустрэчы з эмігрантамі прыязджаў асабіста наркам замежных спраў СССР Молатаў! Многіх пацягнула на радзіму, да таго ж яны ўжо зарабілі грошы, каб набыць зямлю.

— Прыехаўшы, яны сутыкнуліся са страшным голадам. Многіх адправілі на Данбас, а ва Украіне ў тыя часы быў пасляваенны галадамор, усё было разбурана, мясцовае насельніцтва не заўжды было прыязным да французаў. Ратаваліся тым, што ехалі да сваякоў у беларускія вёскі, дзе была бульба і кавалак хлеба.

У кнізе Валера Каліноўскага ёсць згадкі пра тое, што рэпатрыянтаў, былых белагвардзейцаў, якія вярталіся першым і другім класамі, адразу з парахода забіралі і везлі ў лагеры. Простых людзей збольшага звычайна пакідалі на волю лёсу, што праўда, працягвалі за імі сачыць.

— Пасля вайны савецкія ўлады здолелі перавезці з акупаванай Еўропы і Нямеччыны каля шасці мільёнаў чалавек — палонныя, остарбайтары, былыя грамадзяне СССР, уцекачы… І з іх шэсць тысяч грамадзян перавезлі з Францыі па добраахвотнай рэпатрыяцыі. Усе «дзеці Францыі» дагэтуль задаюць пытанне і не разумеюць, навошта быў увесь той здзек і пакуты. Асноўная мэта сталінскага рэжыму была разбурыць гняздо расійскай палітычнай эміграцыі і пакараць яго актывістаў. Да таго ж трэба было паказаць Захаду, што Савецкі Саюз умее дараваць, што адтуль не толькі ўцякаюць, але і вяртаюцца. Потым гэтых людзей выкарыстоўвалі для антызаходняй прапаганды: ёсць прыклады публікацый, дзе рэпатрыянты распавядаюць, як яны пакутавалі ў Францыі і як шчасліва жывуць у СССР.


09-75316024_726473087832432_2591103093357674496_n.jpg

"Дзеці Францыі" сёння. Фота прадастаўлены Валерам Каліноўскім


10-75462347_423878748497762_5799341228499664896_n.jpg

"Дзеці Францыі" сёння. Фота прадастаўлены Валерам Каліноўскім


Францыя не пакінула сваіх дзяцей

Сярод выкладзеных журналістам гісторый некалькі разоў узгадваецца, што французскія працадаўцы пасля вяртання сваіх былых работнікаў у СССР адшуквалі іх і да канца жыцця выплачвалі пенсіі. А некаторыя сваякі гадамі маглі атрымліваць французскія пенсіі родных, якія ўжо памерлі.

— У Францыі была назапашвальная пенсія, якая збіралася ў пенсійных фондах. Там падлічвалі, колькі ў чалавека накапілася грошай, і пісалі лісты ў Савецкі Саюз. Так знайшлі бацьку Жанін (Яніны) Гынцэвіч (Сташко) і даслалі яму ліст з прапановай выплаціць пенсію. У КДБ яму сказалі адмовіцца, але справу ўзяў у свае рукі ўнук і ўгаварыў дзеда атрымліваць французскую пенсію. Бацькі некаторых маіх герояў самі звярнуліся да французскага боку з просьбай выплаціць ім пенсію. І яны атрымлівалі па 100 долараў (да прыкладу, савецкая пенсія складала 12 рублёў), іх пераводзілі ў чэкі «Внешпосылторга», з якімі хадзілі ў спецыяльную краму.

На атрыманыя бацькамі пенсіі некаторыя «дзеці Францыі» маглі набываць добрае адзенне, збудаваць жытло і паставіць помнікі на магілах сваіх родных. У той час як «савецкая радзіма» не лічыла патрэбным у свой час парупіцца пра звычайнае побытавае ўладкаванне рэпатрыянтаў, а часам «адплочвала» ім лагернымі тэрмінамі.


11-75550393_580944619318835_2168638457876840448_n.jpg

Міхаіл Моніт - вязень ГУЛАГу. Вярнуўшыся ў СССР з сям'ёй у 1947 годзе, у 1948-м паспрабаваў перайсці савецка-польскую мяжу і быў схоплены. Фота прадастаўлена Валерам Каліноўскім



Усе гісторыі, выкладзеныя ў кнізе Валера Каліноўскага, розныя, і кожная запамінальная. Але сам аўтар найбольш вылучае дзве з іх. Адна — пра сям’ю, якая з 11 дзецьмі прыехала з Францыі ў Барысаў. Па дарозе іх абрабавалі, адчапілі іх вагон з маёмасьцю, потым паслалі працаваць на шкодную вытворчасць запалак у Барысаў.

 Гэтыя людзі не змаглі займець адукацыі, хаця былі вельмі таленавітымі. І ў выніку атрымалася 11 змарнаваных лёсаў. Многія памерлі маладымі, паспіваліся, нехта знік без звестак… З 11-ці цяпер засталося двое.

Яшчэ адна гісторыя — пра Поля Шылянка, які з сям’ёй трапіў у Францыю толькі ў 1958 годзе, яны мелі французскія пашпарты і ехалі ў госці да сваякоў, яны паверылі ў смерць Сталіна і думалі, што змогуць пабачыцца з роднымі і вярнуцца ў Францыю. Калі яны ехалі да родных у госці ў Бабруйск, іх схапілі і закінулі ў калгас. Але Поль Шылянок у 50 гадоў вырашыў аднавіць французскі пашпарт, паклаў 400 еўра ў кішэнь, сеў у аўтобус і паехаў у Парыж. Яму было цяжка, ён бадзяўся па вакзалах, але ў выніку Францыя яго не кінула.


12-75485231_1380862472087955_226460315414429696_n.jpg

Поль Шыянок з жонкай у Парыжы


Лёсы «дзяцей Францыі» аб'ядноўвае тое, што ўсе яны мрояць убачыць сваю радзіму. Некаторыя з іх здолелі гэта зрабіць, дзве сям’і нават пераехалі туды. Нехта, як нашчадак народжанага ў Францыі Рэнэ Шэміса Эдмонд Шэміс стаў дырэктарам французска-беларускага прадпрыемства «Дыліс Касметык» (гандлёвая марка «Dilis Parfum») у Маладзечна. Дарэчы, кампанія выступіла спонсарам кнігі Валера Каліноўскага, таксама выданне падтрымаў беларускі бізнесовец, ганаровы консул Францыі ў Брэсце Леанід Стаецкі.

Кнігу «Дзеці Францыі. Гісторыі сем’яў, якія паверылі Сталіну» ўжо можна знайсці ў «Акадэмкнізе», кнігарнях «Светач», «Веды», «Цэнтральнай кнігарні» і ў прыватных распаўсюднікаў. Прэзентацыя адбудзецца ў пятніцу, 22 лістапада, а 16.00 у Доме-музеі Ваньковічаў па адрасе: горад Мінск, вуліца Інтэрнацыянальная, 33А. У ёй возьмуць удзел героі кнігі, французскі гісторык, прафесар Нікаля Вэрт, які напісаў прадмову, рэцэнзент Наталля Гардзіенка, а таксама прадстаўнікі Французскай, Польскай, Украінскай амбасадаў, гісторыкі.

Дзіяна Серадзюк, novychas.by,
у матэрыяле выкарыстаны фотаздымкі Сяргея Гапона, Андрэя Шаўлюгі і Валера Каліноўскага