Ад Купалы да Леніна, ад Кракава да Рыма: неверагодная Алаіза Пашкевіч

У школьных падручніках і энцыклапедыях біяграфіі беларускіх дзеячаў апісваюцца досыць сціпла і сумна, але жыццё многіх з іх было неймаверна насычанае, нібы кінастужка. Сярод такіх — і Алаіза Пашкевіч, гадавіну нараджэння якой мы адзначаем.

Калі б Алаіза Пашкевіч жыла ў нашыя дні, магчыма, яе б называлі феміністкай, лідаркай думак, інфлюэнсеркай, селебрыці, актывісткай, змагаркай, інтэлектуалкай і гэтак далей. Яна ўвесь час вучылася, наведала шмат краін, была знаёмая, супрацоўнічала ці сябравала са многімі выбітнымі дзеячамі і, урэшце, з’яўляецца беларускім класікам і неад’емнай часткай нацыянальнага адраджэння.


З Расійскай імперыі ў Аўстра-Венгрыю

Алаіза Пашкевіч нарадзілася ў шляхецкай сям’і ў фальварку Пешчын. Яе бацькі мелі вялікую гаспадарку, а частку зямлі здавалі ў арэнду. Адукацыю спачатку атрымлівала ў хатніх ўмовах, потым паступіла ў Віленскае прыватнае вучылішча. У далейшыя гады яна не пераставала атрымліваць адукацыю. Так, у Санкт-Пецярбургу Пашкевіч вучылася ў гімназіі, на вышэйшых курсах П. Лесгафта. Пазней, калі мусіла з’ехаць з Расійскай імперыі ў Аўстра-Венгрыю, каб пазбегнуць судовай адказнасці, вучылася на філасофскім факультэце Львоўскага ўніверсітэта. Ужо ў Польшчы, жывучы ў Кракаве, Алаіза Пашкевіч вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага ўніверсітэта.

У тым ліку актыўная грамадска-палітычная дзейнасць змушала Пашкевіч міграваць, жыць паміж Пецярбургам, Вільняй, Львовам, Кракавам, Мінскам і іншымі гарадамі, але яна здолела і шмат падарожнічаць ды наведала не менш краін, чым сучасная моладзь: Фінляндыю, Швецыю, Італію, Германію, Францыю. Цікава, што ўжо ў тыя часы падчас аднаго з падарожжаў яна убачыла (а потым апісала) такую вядомую сёння з’яву, як шведскі стол.


Ленін, Пілсудскі і літоўскі міністр

Сёння Алаіза Пашкевіч часцей згадваецца як пісьменніца, але значная частка яе дзейнасці была звязаная з грамадскімі і палітычнымі справамі. Яна працавала на ніве станаўлення беларускай дзяржавы, займалася агітацыяй, выступала з прамовамі на мітынгах, уваходзіла ў рэвалюцыйныя суполкі, змагалася з царызмам, змагалася супраць сацыяльных і палітычных абмежаванняў.

Так, Пашкевіч была сярод стваральнікаў і кіраўнікоў першай беларускай палітычнай партыі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ), друкаваным органам якой стала «Наша Доля» — фактычна першая легальная газета на беларускай мове. Мала таго, першая канферэнцыя гэтай партыі адбылася менавіта ў яе кватэры.

Не дзіва, што ў такой асобы і сябры, паплечнікі, і знаёмыя былі адпаведныя. Так, Пашкевіч сябравала ці мела стасункі з Элізай Ажэшка, Браніславам Эпімах-Шыпілам, Вацлавам Іваноўскім, Янкам Купалам, братамі Луцкевічамі, Ігнатам Буйніцкім, Максімам Гарэцкім ды іншымі. Цікава адзначыць, што сярод такіх цікавых дзеячаў былі паплечнікі Леніна ды Пілсудскага (у прыватнасці, Ежы Іваноўскі).

Акрамя таго, мужам Алаізы Пашкевіч стаў Сцяпонас Кайрыс. Многія лічаць, што гэты шлюб быў фіктыўны і толькі даў ёй магчымасць вярнуцца ў Вільню. Але ў любым выпадку Кайрыс быў значным літоўскім дзеячам: віцэ-спікерам сейма, некалькі разоў абіраўся дэпутатам, а пазней займаў пасаду міністра паставак і харчавання.


Наша Ніва і Гіём Апалінэр

Як творчая, так і грамадска-палітычная дзейнасць Алаізы Пашкевіч была накіраваная на развіццё і прасоўванне беларускай справы, беларускай культуры. Яшчэ падчас навучання ў Санкт-Пецярбургу яна стала сустваральніцай гуртка беларускіх студэнтаў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры», якому, дарэчы, фінансавую дапамогу аказваў Карусь Каганец — беларускі паэт і стрыечны дзядзька славутага паэта Гіёма Апалінэра.

Пазней яна актыўна ўдзельнічала ў працы газет «Наша Доля» і «Наша Ніва», грала ў спектаклях, арганізоўвала беларускія школы і настаўніцкія курсы, выкладала сама, стала заснавальніцай і рэдактаркай першага беларускамоўнага часопіса для дзяцей «Лучынка», аўтаркай першага беларускамоўнага буквара, дзіцячых кніжак і падручнікаў.

Постаць і дасягненні Алаізы Пашкевіч адзначалі і іншыя творцы. Ёй прысвячалі паэтычныя і празаічныя тэксты, карціны, кінастужкі, Заір Азгур стварыў яе бюст, у гонар Пашкевіч усталёўвалі помнікі і называлі вуліцы.

Кірыл Стаселька, budzma.by


Тэгі: Цётка