Абвешчаныя лаўрэаты прэміі Гедройця 2021

Сёння, 26 лістапада, адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў дзясятага юбілейнага сезону прэміі Гедройця. Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ў 2020 годзе.

І месца “за стварэнне арыгінальнага мастацкага хранатопу і перадачу аўры беларускасці на фоне глабальнага свету і ўніверсальных каштоўнасцяў” заняла кніга Евы Вежнавец “Па што ідзеш, воўча? (“Пфляўмбаўм”/ Выдавец Раман Цымбераў, 2020). Пераможца атрымае грашовы прыз.

ІІ месца “за засваенне новага фармату айчыннага нон-фікшн, дзе стварэнне поліфанічнага свету беларускай правінцыі спалучаецца з непасрэднасцю аўтарскага выказвання” атрымала Таня Скарынкіна з кнігай “Райцэнтр” (“Пфляўмбаўм”/ Выдавец Раман Цымбераў, 2020). Узнагародай – паводле добрай шматгадовай традыцыі – будзе творчая стыпендыя ў Швецыі, на востраве Готланд, з магчымасцю працаваць над наступнай кнігай у мясцовым Доме творчасці. Узнагарода ўручаецца дзякуючы дапамозе Саюзу беларускіх пісьменнікаў. 

ІІІ месца – у кнігі “Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі” Сяргея Абламейкі (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020) “за натхнёны і пераканаўчы расповед пра палітычнае нараджэнне Беларусі і беларускай нацыі”. Прыз за трэцяе месца – магчымасць выдаць новую папяровую кнігу, чый выхад падтрымае Саюз беларускіх пісьменнікаў.

У кароткі спіс дзесятага сезону Прэміі ўвайшлі 6 кніг:

1) Сяргей Абламейка. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі. Мінск, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020

2) Ева Вежнавец. Па што ідзеш, воўча? Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020

3) Сяргей Календа. Акварыум. Гісторыя аднаго юнацтва. Мінск, Логвінаў, 2020

4) Артур Клінаў. Локісаў. Вільня, Логвінаў, 2020

5) Таня Скарынкіна. Райцэнтр. Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020

6) Андрэй Федарэнка. Жэтон на метро. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020

У складзе журы прэміі Гедройця сёлета працавалі: Наста Грышчук, літаратурны крытык; Сяргей Дубавец, журналіст, літаратар, крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар; Алесь Пашкевіч, літаратар, літаратуразнаўца.

Арганізатары Прэміі Гедройця 2021: ліквідаваныя беларускімі ўладамі Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Партнёры прэміі: Амбасада Рэспублікі Польшча ў Мінску, Польскі Інстытут у Мінску, Еўрарадыё і Радыё Свабода. 

Партнёр цырымоніі: Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага Універсітэта.

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016), Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017), Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018), Ілля Сін “Libido” (2019), Сяргей Дубавец “Тантамарэскі” (2020).

Беларускі ПЭН-Цэнтр