Сёння, 15 кастрычніка, у прасторы ZAL#2 мінскага Палаца мастацтваў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Прэміі Гедройца 2020.
І месца “за філасофскае асэнсаванне і праўдзівы паказ супрацьстаяння чалавека і беларускай дзяржаўнай машыны на матэрыяле аднаго судовага працэсу” заняў раман “Тантамарэскі” Сяргея Дубаўца (Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Мінск, 2019). Прыз за першае месца – грашовая ўзнагарода, якая сёлета склала 15000 рублёў. Да фінансавання прызавога фонда далучылася кампанія Карэнсі Ком Бел.
ІІ месца “за мужнасць у выпрабаванні трагічнага абсурду жыцця на сабе, сваіх героях і чытачах” атрымаў Андрэй Адамовіч з кнігай “Песня пра Цімура” (выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2019). Прызам за ІІ месца стаў творчы адпачынак у Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў на востраве Готланд (Швецыя). Узнагароду прадастаўляе Саюз беларускіх пісьменнікаў.
ІІІ месца – у кнігі “Калядны стол” Зараславы Камінскай (выдавецтва “Галіяфы”, Мінск, 2019) “за ўдала знойдзены рэцэпт вяртання да цёплых успамінаў дзяцінства і сямейных каштоўнасцяў”. Прыз за трэцяе месца – запіс кнігі-лаўрэаткі ў аўдыяфармаце (узнагароду прадастаўляе Беларуская служба Радыё Свабода).
У кароткі спіс 9-га сезона прэміі ўвайшлі:
- Андрэй Адамовіч. Песня пра Цімура. Янушкевіч, Мінск, 2019.
- Вольга Гапеева. Кэмэл-Трэвэл. Галіяфы, Мінск, 2019.
- Адам Глобус. Рысы. Логвінаў, Вільня, 2019.
- Сяргей Дубавец. Тантамарэскі. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, Менск, 2019.
- Зараслава Камінская. Калядны стол. Галіяфы, Мінск, 2019.
- Ганна Севярынец. Гасцініца “Бельгія”. Рэгістр, Мінск, 2019.
Склад журы Прэміі Гедройца 2020: Ала Брадзіхіна, літаратуразнаўца, выкладчыца; Наста Грышчук, літаратурны крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Вера Жыбуль, літаратуразнаўца, паэтка, перакладчыца; Андрэй Хадановіч, паэт, перакладчык, выкладчык літаратуры; Ціхан Чарнякевіч, літаратуразнаўца, крытык.
Арганізатары Прэміі Гедройца: Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Партнёры прэміі: Амбасада Рэспублікі Польшча ў Мінску, Польскі Інстытут у Мінску, Карэнсі Ком Бел, Адвакацкае бюро «Бараўцоў і Салей», Прыватнае прадпрыемства «Тэрасофт», Радыё Свабода.
Партнёры цырымоніі: фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova, Еўрарадыё, творчае аб’яднанне «Інакш», прастора ZAL#2, Палац мастацтваў.
Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Мiнску ў 2012 годзе і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы Прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012); Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013); Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014); Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015); Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016); Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017); Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018); Ілля Сін “Libido” (2019).