У Горадні адкрылася выстава, прысьвечаная Падляшшу, дзе жывуць польскія беларусы. Яна складаецца зь дзьвюх частак: графікі Ўладзіслава Петрука, які прыехаў на адкрыцьцё, і найлепшых фотаздымкаў з конкурсу імя Віктара Волкава, вядомага беластоцкага фатографа. Яго арганізуе Беларускі музэй і цэнтар культуры ў Гайнаўцы.
Уладзіслаў Петрук
На адкрыцьці гаварылася, што краявіды Беласточчыны і Гарадзеншчыны, тым больш супольная Белавеская пушча, яны вельмі падобныя. Але даводзіцца канстатаваць, што з польскага боку мяжы захавалася нямала драўляных храмаў, млыны, іншыя пабудовы, чаго амаль не сустрэнеш сёньня зь беларускага боку.
Уладзіслаў Петрук стварыў сем тысяч выяваў архітэктурных помнікаў і толькі каля двухсот мае дома. Астатнія разышліся, вельмі ахвотна іх набываюць, кажа ён. На гарадзенскай выставе каля пяцідзесяці працаў, выкананых тушшу, пяром. Мастак упершыню ў Горадні. Ён кажа, што паходзіць з-пад Драгічына над Бугам, жыў непадалёк мяжы, ды ніколі не бываў у Берасьці, але нарэшце першую выставу зрабіў там, а цяпер вось у Горадні.
«Вятрак» аўтарства Ўладзіслава Петрука
Свабодзе мастак-графік зь Беласточчыны расказаў, што восем гадоў працаваў мастацкім рэдактарам у беларускай газэце «Ніва» ў Беластоку. Меў дзьве рубрыкі: «Свойскія малюнкі» і «Родныя краявіды». І прафэсійнае маляваньне пачалося якраз у час працы ў рэдакцыі, сказаў ён. Кожны тыдзень патрэбна было зрабіць адзін малюнак архітэктуры. Калі іх сабралася 250, у 1991 годзе яму выдалі першы альбом. «З гэтага пачалося маё праваслаўнае маляваньне», — кажа Петрук. Але зазначае, што ня толькі цэрквы прыцягвалі яго ўвагу, а розныя драўляныя пабудовы, касьцёлы таксама, сынагогі, усё, што захавалася.
На Беласточчыне ў 1990-х здарыліся падпалы цэркваў, і менавіта драўляных. Уладзіслаў Петрук кажа, што аднойчы за чатыры месяцы да пажару замаляваў царкву на гары Грабарка — у месцы паломніцтва. Ніхто ня думаў, што такое можа здарыцца, а ён зафіксаваў храм у першапачатковым выглядзе, таму лічыць яго важнай працай. Царкву потым удалося адбудаваць. Дваццаць пяць гадоў запар раз на год, калі на Грабарцы зьбіраецца мноства людзей, спадар Петрук таксама прыяжджае, каб паломнікі маглі набыць ягоныя малюнкі. Бывае, што прыяжджае 50-60 тысяч, кажа ён. Апошнім часам яму цяжэй выбірацца туды, паломніцтва адбываецца тры дні, і даводзіцца спаць у машыне.
Здымак з конкурсу «У аб’ектыве Падляшша»
Зараз ён хоча зрабіць альбом у дзьвюх частках, у якім будуць усе праваслаўныя храмы, якія ёсьць у Польшчы. Раней ніхто за гэта ня браўся. Яму, напрыклад, удалося ўжо намаляваць усе рэлігійныя пабудовы ў Драгічынскай эпархіі, што блізка ад беларускай мяжы. Працаваў больш за тры гады.
Карыстаючыся нагодай, ён таксама зрабіў панараму Драгічына ХVІ стагодзьдзя. Тады ў горадзе было дванаццаць цэркваў і тры манастыры і толькі два касьцёлы, кажа мастак. Але кожныя два-тры гады — вайна. «Калі чатыры гады выпадалі мірныя — то шчасьце было», драўляныя храмы ня мелі шанцаў захавацца, цяпер самы стары датуецца ХVІІІ стагодзьдзем.
Уладзіслаў Петрук папрацаваў таксама ў дзьвюх праваслаўных эпархіях: Беластоцка-Гданьскай і Варшаўска-Бельскай. Вынік — 380 выяваў. Гэта храмы і капліцы, часта невялікія, «але для культуры вельмі важныя», кажа мастак.